Напад Расеі на краіны NATO – гэта «страшылка нейкага таблоіда» ці сапраўдная пагроза?


Часопіс «Bild» заявіў, што атрымаў сакрэтны дакумент вайскоўцаў, з якога вынікае, што Расея ўжо гэтым летам мае пайсці на эскалацыю адносінаў з NATO, паступова пяройдзе ад схаваных атак да адкрытых. Палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман тлумачыць «Белсату», чаму гэта не проста «страшылка нейкага таблоіда».

Курсанты Разанскай паветрана-дэсантнай вучэльні
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Курсанты Разанскай паветрана-дэсантнай вучэльні на дэманстрацыі элементаў баявой падрыхтоўкі, «дапоўненай з улікам досведу спецыяльнай ваеннай аперацыі». 27 лістапада 2023 года.
Фота: mil.ru

Што за сцэнар

Паводле «Bild», у Нямеччыне разглядаюць наступны сцэнар дзеянняў Расеі. У лютым 2024 года Расея мабілізуе яшчэ 200 тысяч чалавек. Вясной Расея пойдзе ў новы наступ ва Украіне. Пасля поспехаў гэтага наступу Расея пачне кібератакі і іншыя дзеянні фармату гібрыднай вайны супраць краінаў Захаду, найперш супраць краінаў Балтыі, справакуе расейскія меншасці ў Літве, Латвіі і Эстоніі.

Згодна з гэтым сцэнаром ў балтыйскіх краінах у верасні 2024 года пачнуцца нейкія сутыкненні, якія Расея выкарыстае як падставу для пачатку маштабных вучэнняў у тым ліку на тэрыторыі Беларусі, разгортвання войскаў пад межамі Польшчы і Літвы. У кастрычніку-2024 Расея размесціць войскі і ракеты сярэдняй далёкасці ў Калінінградскай вобласці і пачне прапаганду аб «непазбежным нападзе NATO на Расею».

У снежні-2024 Расея справакуе памежны канфлікт і крывавыя беспарадкі ў Сувалкаўскім калідоры (тэрыторыя Літвы і Польшчы між Беларуссю і Калінінградскай вобласцю Расеі), які Расея скарыстае, каб у Радзе бяспекі Арганізацыі аб’яднаных нацыяў абвінаваціць Захад у падрыхтоўцы нападу на сябе. Гэта будзе ў час «безуладдзя» ў Злучаных Штатах у першыя тыдні па прэзідэнцкіх выбарах (запланаваных на 5 лістапада).

Расея і NATO ў гэтым сцэнары будуць сцягваць усё больш войскаў на межы. У Беларусі размесцяць звыш 70 тысяч расейскіх вайскоўцаў, дзве танкавыя дывізіі і адну мотастралковую. NATO у адказ перакіне на ўсходні фланг 300 тысяч вайскоўцаў (у тым ліку 30 тысяч нямецкіх). Ці стрымае гэта Расею ад поўнамаштабнага нападу, у сцэнары не бяруцца прадказваць. «Дзень Ікс» у сцэнары – гэты момант перакідвання вайскоўцаў NATO ў траўні 2025 года.

Наколькі гэта сур’ёзна

Часопіс «Bild» называюць таблоідам не толькі за фармат выдання на паперы, але і за змест: яго крытыкуюць за любоў да плётак і «сенсацый», парушэнне этычных нормаў, непраўдзівыя абвінавачванні. І вось такое выданне прарочыць вайну, якая можа стаць Трэцяй сусветнай і скончыцца ядравым армагедонам. Ці трэба на такое звяртаць увагу?

Гісторык і палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман у Telegram заклікаў ставіцца да гэтага спакойна, але ўспрымаць як магчымы сцэнар.

Аляксандр Фрыдман
Аляксандр Фрыдман. Скрыншот: Белсат

Ён тлумачыць «Белсату»: часопіс «Bild» сапраўды выданне з супярэчлівай рэпутацыяй, «жоўтая прэса», якая дапускае распаўсюд фэйкаў. Але ёсць вялікая розніца між «Bild» і, напрыклад, брытанскімі таблоідамі. У вайне ва Украіне «Bild» мае асаблівую ролю, расказвае Фрыдман:

«У „Bild“ вельмі добрыя крыніцы інфармацыі. Па-першае, у розных нямецкіх дзяржаўных установах. Па-другое, у еўрапейскіх, асабліва гэта тычыцца рознай выведкі, перш за ўсё ўсходнееўрапейскай. І ў „Bild“ проста выдатныя кантакты ў Кіеве. Калі ўкраінскім уладам трэба зліць нейкую інфармацыю ці нешта паведаміць, яны звычайна выкарыстоўваюць „Bild“».

«Bild», адзначае Фрыдман, стаіць цалкам на праўкраінскіх пазіцыях і як камерцыйнае выданне цікавіцца эксклюзіўнай інфармацыяй. Таму супраца з украінскім бокам узаемавыгадная.  «Bild» – часопіс выдавецтва «Axel Springer», якое таксама выдае «Die Welt», валодае «Business Insider» і «Politico». Гэтае выдавецтва ад пачатку існавання прынцыпова стаяла за як мага больш шчыльную супрацу Нямеччыны са Злучанымі Штатамі і за падтрымку Ізраілю, заўсёды вельмі крытычна ставілася да Савецкага Саюзу і Расеі (і савецкая прапаганда жорстка ставілася да «шпрынгераўскай» прэсы). А з «Bild» цяпер працуюць не толькі ўкраінцы, працягвае Фрыдман:

«Менавіта „Bild“ выкарыстоўвалі і амерыканскія спецслужбы, і еўрапейскія, каб паведаміць пра тое, што Расея рыхтуецца да нападу на Украіну. Менавіта „Bild“ апублікаваў канкрэтныя планы яшчэ ў 2021 годзе».

Публікацыю пра пачатак поўнамаштабнай вайны ў Еўропе ўспрымалі скептычна менавіта праз рэпутацыю «Bild», згадвае Фрыдман. Але час паказаў, такія самыя планы сапраўды існавалі і былі здзейсненыя ў лютым 2022 года – хай толькі і з частковым поспехам.

На думку Фрыдмана, цяперашняя публікацыя аб планах Расеі на 2024–25 гады – не фэйк. Пакуль іх абвяргалі толькі ў Крамлі, а Міністэрства абароны Нямеччыны не абвяргала, а проста не каментавала.

Выглядае, што сакрэтны дакумент вайскоўцаў сапраўды трапіў да выдання і што гэта сапраўды адзін з магчымых сцэнароў, якія разглядаюць аналітыкі Міністэрства абароны Нямеччыны, кажа Фрыдман. А ў аналітыкаў такая праца: разглядаць магчымыя сцэнары і казаць, да чаго варта рыхтавацца.

Каму трэба зліваць сакрэтны дакумент

Фрыдман разважае: такая публікацыя можа быць патрэбная тым, хто перадаў дакументы, каб мабілізаваць грамадства на дадатковую дапамогу Украіне, паказаць грамадству небяспеку цяперашняй сітуацыі. Пытанне дапамогі Украіне, як то перадача ракет «Taurus», цяпер сапраўды актыўна абмяркоўваецца ў Нямеччыне, а «Bild» выступае за тое, каб дапамогі давалі як мага больш.

«Taurus KEPD-350»
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крылатая ракета «Taurus KEPD-350» на крыле самалёта.
Фота: Taurus-systems.de

Нямеччына, на думку Фрыдмана, не тая краіна, у якой Міністэрства абароны або спецслужбы будуць гуляць у «папужаць народ, каб атрымаць больш фінансавання». У адрозненне ад Злучаных Штатаў ці Злучанага Каралеўства, дзе ў ролі вайсковых экспертаў у медыях нярэдка выступаюць дзейныя вайскоўцы, Бундэсвэр дае інфармацыю пра вайну «вельмі дазавана», раз-пораз злівае сваю аналітыку. Ды і моцнага рэзанансу ад публікацыі «Bild» у Нямеччыне пакуль не было: больш гэтая публікацыя разышлося па Усходняй Еўропе.

Магчыма, канешне, што такой публікацыяй хочуць падвысіць падтрымку вайсковых праграмаў сярод немцаў або даць аргумент палітыкам, разважае суразмоўца. Але для немцаў вайна ва Украіне «не так далёка і не так блізка» – не настолькі адчувальная, як для палякаў ці літоўцаў, якія лічаць, што «калі Украіна прайграе, мы наступныя». Наўрад ці публікацыя «Bild» зменіць меркаванне бальшыні немцаў, якой проста непрыемна думаць аб патэнцыйных жахах кшталту вайны з удзелам Нямеччыны.

Падобныя сцэнары ўжо абмяркоўвалі спецыялісты: Фрыдман нагадвае, што была нават адкрытая і празрыстая заява міністра абароны Нямеччыны Борыса Пісторыюса аб тым, што трэба рыхтавацца да расейскай пагрозы, бо ўсё можа быць, нават прамы канфлікт Расеі з NATO ў сярэднетэрміновай перспектыве.

Хутчэй за ўсё, сцэнар, апублікаваны ў «Bild» – гэта сапраўдны дакумент, які трапіў да «Bild» праз добрыя кантакты ў сілавых ведамствах, а не спланаваны зліў з нейкімі хітрымі мэтамі, рэзюмуе Фрыдман.

Аналітыка
Якой зброі Украіне бракуе для перамогі, і чаму Захад марудзіць з пастаўкамі
2023.08.21 16:58

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў