У Ваўкавыскім раёне супрацоўнікі МУС жорстка затрымалі беларуса, які вярнуўся на радзіму з Польшчы, дзе жыве з 2009 года, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».
Праваабаронцы пішуць, што на апублікаваным так званымі сілавікамі «пакаянным відэа» мужчына кажа, што ў 2017 годзе атрымаў від на жыхарства ў Польшчы.
Ён вярнуўся ў Беларусь разам з сям’ёй 6 студзеня і быў затрыманы. Гарадзенскія праваабаронцы высветлілі, што затрыманага завуць Аляксандр Мазец.
З відэа вынікае, што мужчыну вінавацяць ва ўдзеле ў акцыях пратэсту і «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Паводле «Вясны», у 2023 годзе пасля правярання на мяжы былі затрыманыя не менш за 207 чалавек, якія вярталіся ў Беларусь. Амаль усіх пакаралі «соднямі» ці адміністратыўнымі штрафамі за рэпосты навінаў з незалежных медыяў, «дробнае хуліганства» або «пікетаванне» нацыянальнай сімволікай. Як мінімум 18 асобаў асудзілі паводле крымінальных артыкулаў, 12 з іх – на зняволенне.
Зміцер Міраш belsat.eu