Gulagu.net: Былы камандзір ПВК Вагнэра папрасіў прытулку ў Нарвегіі


Былы камандзір наймітаў ПВК Вагнэра Андрэй Мядзведзеў папрасіў палітычнага прытулку ў Нарвегіі. Пра гэта паведаміў заснавальнік праваабарончага фонду «Gulagu.net» Уладзімір Асечкін.

Андрэй Мядзведзеў. Крыніца: ВКонтакте

Паведамляюць, што Андрэй Мядзведзеў мінуў мяжу Расеі з Нарвегіяй у раёне Нікелю ў Мурманскай вобласці 12 студзеня. Паводле мужчыны, на мяжы ён пералез праз дзве агароджы, а пазней пад брэх сабакаў і страляніну памежнікаў уцякаў па лёдзе возера. Мядзведзеў дабраўся да аднаго з прымежных мястэчкаў, пастукаўся ў першую хату, якая трапілася, і папрасіў жыхароў выклікаць паліцыю.

Пазней Мядзведзева даставілі ў Осла, дзе пасялілі ў цэнтры для парушальнікаў міграцыйнага заканадаўства. У Нарвегіі Мядзведзеў мае намер даць паказанні супраць кіраўніка ПВК Вагнэра – Яўгенія Прыгожына.

«Упершыню з РФ у Еўропу за ўвесь час з пачатку вайны супраць Украіны ўцёк былы камандзір аднаго з падраздзяленняў па сутнасці тэрарыстычнай арганізацыі «Wagner», які пагадзіўся даваць паказанні і выкрываць алігарха ды тэрарыста Яўгена Прыгожына, датычнага да забойстваў тысяч украінцаў і расейцаў», – напісаў Уладзімір Асечкін.

Асечкін таксама ўдакладніў, што працэдура атрымання прытулку для Мядзведзева ўжо запушчаная.

Андрэй Мядзведзеў – былы камандзір забітага кувалдаю вагнэраўца Яўгенія Нужына, якога завербавалі ў ПВК падчас адбывання ім пакарання ў калоніі. У верасні Нужын добраахвотна здаўся ў палон – як сцвярджаў ён сам, каб не ваяваць супраць Украіны, а ў лістападзе, пасля таго як яго вярнулі ў Расею падчас абмену, у сацыяльных сетках з’явілася відэа забойства Нужына кувалдаю.

У сярэдзіне снежня Мядзведзеў расказваў, што яму вядомыя дзесяць выпадкаў, калі вагнэраўцы пакаралі смерцю сваіх наймітаў, якія адмовіліся браць удзел у баявых дзеяннях. На некалькіх расстрэлах ён прысутнічаў асабіста.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў