Кіеў вінаваціць беларускія спецслужбы, справа супраць Вячоркі і наступствы ўрагану. Галоўнае за 15 студзеня


Belsat.eu падводзіць вынікі суботы, 15 студзеня.

Намеснік сакратара Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Сяргей Дземядзюк заявіў, што за кібератакай на сайты ўкраінскіх міністэрстваў і ведамстваў стаяць хакеры з групоўкі UNC1151, якая звязаная з выведкай Беларусі. Паводле Дземядзюка, кібератака «была толькі прыкрыццём для больш дэструктыўных дзеянняў, якія адбываліся за кулісамі і наступствы якіх мы адчуем у бліжэйшы час».

Старэйшы дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка стаў фігурантам крымінальнай справы. Як вынікае з дакументу, які быў апублікаваны тэлеграм-каналам «NEXTA», Франака Вячорку, Антона Матолька, Сцяпана Пуцілу і Рамана Пратасевіча абвінавачваюць і падазраюць па 10 артыкулах Крымінальнага кодэксу. «Безумоўна, мэта – гэта застрашэнне. Следчы камітэт ператасоўвае дакументы, паперы, перакладае з адной тэчкі ў іншую. Доказаў у іх няма, а сімуляваць дзейнасць трэба. Я думаю, што нехта проста выслужыўся, атрымаў мэдальку», – адзначыў Вячорка ў эфіры «Белсату».

Праваабаронцы паведамілі, што 14 студзеня быў затрыманы жыхар вёскі Церуха (Гомельская вобласць) Мікалай Віцікаў. Цяпер мужчына знаходзіцца ў ІЧУ, яму пагражае крымінальны пераслед паводле артыкулу «распальванне варожасці». Паводле сваякоў, праблемы ў мужчыны пачаліся пасля яго ліста ў раённую газету «Маяк» з нагоды абмеркавання новай Канстытуцыі.

Газета «Новы час» распавяла, што ў Берасці звольнілі дырэктарку гімназіі № 4 Алену Шкулепу, якая падчас прэзідэнцкіх выбараў 2020 года была кіраўніцай дзвюх выбарчых камісіяў і вывесіла сапраўдныя пратаколы галасавання.

Стала вядома, што ў выніку ўрагану, які пракаціўся па Беларусі 14 студзеня, былі траўмаваныя тры чалавек. Агулам пацярпелі 458 населеных пунктаў: былі пашкоджаныя дахі 427 жылых дамоў, 66 сацыяльных і культурных аб’ектаў, 20 – вытворчых, 602 сельскагаспадарчых будынкаў. Моцны вецер знішчыў частку даху старажытнай святыні ХVIII стагоддзя Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Магілёве.

На аэрадроме ў Мачулішчах Аляксандр Лукашэнка выступіў з прамовай перад віцебскімі дэсантнікамі, якія ўдзельнічалі ў вайсковай аперацыі ў Казахстане. Лукашэнка назваў аперацыю АДКБ вельмі паспяховай і паведаміў, што яны з Уладзімірам Пуціным падрыхтавалі яе цягам гадзіны.

У Казахстане працягваюцца чысткі ў дзяржаўным апараце. Віцэ-міністр энергетыкі Жамабая Карагаева быў затрыманы па падазрэнні ў неабгрунтаваным павышэнні цэн на звадкаваны газ у Мангістаўскай вобласці. Два зяці былога прэзідэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева пакінулі кіроўныя пасады ў буйных кампаніях нафтагазавага сектара краіны.

Як паведамілі сёння ў Генеральнай пракуратуры Казахстану, у выніку студзеньскіх падзеяў у Казахстане загінула 225 чалавек, 4 353 атрымалі раненні. У ведамстве падкрэсліваюць, што гэта папярэднія дадзеныя.

Апоўначы з 14 на 15 студзеня завершылася надзвычайнае становішча на мяжы Літвы і Беларусі, якое было ўведзена праз інспіраваны рэжымам Лукашэнкі міграцыйны крызіс. Цяпер кантроль на мяжы зноў будзе ісці ў звычайным рэжыме.

Артыкулы
Як дыктатар Лукашэнка скраў у Дашы два гады жыцця. Выйшаў комікс пра журналістку «Белсату»
2022.01.15 10:00

РР belsat.eu

 

Стужка навінаў