Падказка з Масквы? Што стаіць за заявамі Церцеля пра харугвы і тэракты


Старшыня Камітэту дзяржаўнай бяспекі Іван Церцель 13 снежня распавёў, што ў Польшчы цяпер сем харугваў нібыта «рыхтуюцца да тэрактаў і захопу аб’ектаў на беларускай тэрыторыі», а Аляксандр Лукашэнка на наступны дзень заявіў, што замежныя спецслужбы закідваюць у Беларусь «агентаў-тэрарыстаў». Belsat.eu спрабуе разабрацца, ці з’яўляюцца гэтыя заявы чарговай балбатнёй для нагнятання страху або за гэтым стаіць нешта больш сур’ёзнае.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Sergei Grits / AFP Photo / East News

Метады 1939 году ад КДБ

Улады Беларусі 13-14 снежня зрабілі шэраг гучных заяваў аб пагрозах з боку суседніх краінаў.

Найбольш разгорнута на гэтую тэму выказаўся Іван Церцель, які распавёў пра «сем харугваў» (імаверна, мелася на ўвазе Паспалітае рушэнне), «куратараў з польскіх спецслужбаў» і іх намер арганізаваць тэракты. На гэтым ён не спыніўся, а даў зразумець, што з боку краінаў Балтыі і Украіны таксама зыходзіць пагроза. 

«Украінскія, польскія, прыбалтыйскія калегі павінны глядзець, каб гэтая зброя не павярнулася супраць іх. Мы неаднаразова атрымлівалі інфармацыю, што гэтая публіка хацела б здзейсніць правакацыі з ужываннем метадаў 1939 года. Мы памятаем, з чаго пачыналася Другая сусветная вайна – з правакацыі немцаў з выкарыстаннем польскай формы адзення», – заявіў ён. 

Міністэрства ўнутраных справаў таксама паўдзельнічала ў нагнятанні абстаноўкі. БелТА 13 снежня распаўсюдзіла заяву МУС, што Польшча і Літва «рыхтуюць ваенізаваныя фармаванні для дэстабілізацыі абстаноўкі ў Беларусі» – Паспалітае рушэнне і харугвы, што ўваходзяць у яе склад. Удзельнікі гэтых фармаванняў, як сцвярджаюць у ГУБАЗіКу, «павінны вярнуцца ў Беларусь пад добрапрыстойнымі падставамі», каб весці дыверсійную, тэрарыстычную і агентурную працу падчас электаральных кампаніяў 2024-2025 гг.

14 снежня на гэтую тэму выказаўся асабіста Аляксандр Лукашэнка. Ён заявіў пра актывізацыю на тэрыторыі Беларусі замежных спецслужбаў, якія закідваюць цяпер «не проста шпіёнаў, а ўжо агентаў-тэрарыстаў». «Спрабуюць стварыць экстрэмісцкія ячэйкі, фармуюць нейкія палкі з нашых беглых, прыцягваюць наймітаў», – адзначыў ён падчас нарады кіраўнікоў спецслужбаў СНД .

Лукашэнка паведаміў, што «мы з Расейскай Федэрацыяй, напэўна, ужо дзясяткі два затрымалі груп тэрарыстаў», не ўдакладніўшы, праўда, які перыяд маецца на ўвазе.  Потым ён увогуле заявіў, што актыўнасць замежных спецслужбаў на тэрыторыі Беларусі звязаная з тым, што NATO хоча праз Смаленск выйсці да Масквы. «Гэтага дазволіць мы не можам і будзем усяляк са сваімі саюзнікамі прытрымлівацца гэтай лініі», – дадаў ён.

Прывід Маларыты

Лукашэнка і ягоныя спецслужбы рэгулярна палохаюць грамадства заявамі пра пагрозу замежнай інтэрвенцыі. Часам такія заявы не маюць ніякіх наступстваў, акрамя падтрымання атмасферы страху ў грамадстве. Аднак часам становяцца часткай скаардынаванай інфармацыйнай кампаніі для падрыхтоўкі або прыкрыцця тых ці іншых ваенна-палітычных рашэнняў. Як, напрыклад, гэта было перад пачаткам поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну ў лютым 2022 года: заявы пра «мілітарызацыю» суседніх краінаў і правакацыі на мяжы тады рыхтавалі глебу да расейскай агрэсіі.

Сустрэча з працоўнымі калектывамі «Магілёўхімвалакно», «Магілёўліфтмаш» і іншых прадпрыемстваў Магілёва, дзе выступіў старшыня Камітэту дзяржаўнай бяспекі Іван Церцель, аб існуючым вайскова-палітычным становішчы ў краіне. 1 лістапада 2022 года.
Фота: Министерство обороны Республики Беларусь / Telegram

Пра тэракты і захоп аб’ектаў у КДБ таксама кажуць не ўпершыню. У кастрычніку 2022 году, на фоне разгортвання ў Беларусі расейскай групоўкі войскаў, Іван Церцель заяўляў, што пад кіраўніцтвам ЦРУ ў Польшчы, Літве і Украіне рыхтуюць баевікоў і плануюць тэракты. Галоўным тады быў паўднёвы кірунак: паводле старшыні КДБ, замежныя спецслужбы нібыта падрыхтавалі ва Украіне «ад 100 да 300 баевікоў», якія павінны захапіць нейкі райцэнтр у Беларусі і выкарыстоўваць яго як «плацдарм для далейшай наступальнай аперацыі». Прычым кіраўнік КДБ тады нават называў канкрэтныя тэрміны і мясцовасць: ён анансаваў, што такі ўдар можа быць нанесены ў кірунку Маларыты ў лістападзе 2022 года.

Агучаны спецслужбамі сцэнарый захопу райцэнтра, знайшоў сваё адлюстраванне ў спецыяльных вучэннях, якія пачалі ладзіць МУС недалёка ад мяжы з Украінай. Па легендзе, на горад нападалі дыверсанты, расстрэльвалі пост ДАІ, забіралі іх зброю, а затым сілавікі праводзілі «контртэрарыстычную аперацыю для лакалізацыі праціўніка». На хвалі прапагандысцкай істэрыі тагачасны міністр замежных справаў Уладзімір Макей паведаміў, што ў Беларусі ўжо ўведзены рэжым контртэрарыстычнай аперацыі (КТА). Праўда, як неўзабаве высветлілася, гэта не адпавядала рэчаіснасці.

Страшылкі ўладаў тады не зрэалізаваліся, а пра напад на Маларыту ніхто больш не ўспамінаў. Аднак наўрад ці тыя заявы можна лічыць дзяжурнай балбатнёй. Яшчэ ў канцы 2022 году Інстытут вывучэння вайны (ISW) выказваў меркаванне, што нагнятанне абстаноўкі на беларускім кірунку з’яўляецца «інфармацыйнай аперацыяй» з боку Расеі, мэта якой заключаецца ў тым, каб адцягнуць увагу і частку сілаў ЗСУ. Далейшыя падзеі паказалі, што, хутчэй за ўсё, аналітыкі ISW мелі рацыю.

Чалавек, якому «дзверы адчынены ў любым месцы»

Не выключана, што ў цяперашнім нагнятанні абстаноўкі зацікаўлена Масква. Новая хваля заяваў пра пагрозу тэрактаў і правакацыяў супала з візітам у Беларусь кіраўніка службы вонкавай выведкі Расеі Сяргея Нарышкіна, які прыляцеў у Менск на паседжанне кіраўнікоў спецслужбаў СНД. Паседжанне гэта, паводле Нарышкіна, было прысвечана як раз супрацы ў мэтах «блакавання намаганняў Захаду па дэстабілізацыі абстаноўкі» на постсавецкай прасторы.

Кіраўнік службы вонкавай выведкі Расеі Сяргей Нарышкін на паседжанні кіраўнікоў спецслужбаў СНД у Менску, Беларусь. 14 снежня 2023 года.
Фота: belta.by

У аэрапорце Нарышкіна сустрэў Церцель і праз некалькі гадзінаў кіраўнік КДБ ужо распавядаў пра «сем харугваў», а таксама хваліўся сваёй дасведчанасцю пра дзейнасць амерыканскіх спецслужбаў. «Мы ведаем, што адбываецца, у тым ліку на сёмым паверсе Дзярждэпа», – заявіў ён, ствараючы ілюзію ўкаранення шпіёнаў ва ўрадавыя структуры ЗША.

Ці мог Нарышкін тую ці іншую інфармацыю адмыслова ўкінуць беларускім спецслужбам падчас візіту ў Менск? Актыўнае ўзаемадзеянне паміж расейскімі і беларускімі спецслужбамі ні для каго не сакрэт. Больш за тое, Нарышкін не раз публічна выступаў з «эксклюзіўнымі» ўкідамі па беларускай тэме. Напрыклад, восенню 2020 года ён распавядаў, што ў падрыхтоўцы масавых пратэстаў у Беларусі ўдзельнічаюць супрацоўнікі Пентагону і ЦРУ, а ягоная служба нібыта мае звесткі аб падрыхтоўцы сур’ёзнай правакацыі ў Беларусі, каб справакаваць канфесійны канфлікт паміж каталікамі і праваслаўнымі.

Цікава, што на нарадзе кіраўнікоў спецслужбаў СНД словы Лукашэнкі пра выхад да Масквы праз Беларусь гучалі ва ўнісон са словамі самога Нарышкіна, які зазначаў, што «заходні блок на чале з ЗША расцэньваюе Расею і Беларусь як адзіны геапалітычны цэнтр сілы». Спаслаўся пры гэтым кіраўнік СВР на інфармацыю ўласнага ведамства.

На гэтай нарадзе Лукашэнка ўвогуле акцэнтаваў увагу на адзінстве з Расеяй, абяцаў «усяляк падтрымліваць» свайго саюзніка і запэўніваў Нарышкіна, што для яго ў Беларусі «дзверы адчыненыя ў любым месцы».

Перанос увагі з Украіны на Захад

Звяртае на сябе ўвагу яшчэ адзін цікавы факт. Пагроза з боку Захаду і Украіны ў прапагандысцкім наратыве афіцыйнага Менску ўжо даўно ідуць у адным звязку. Але калі гаворка ідзе пра падрыхтоўку тэрактаў і дыверсіяў, то звычайна галоўнай мішэнню становіцца ўсё-ткі Украіна. Сёлета КДБ некалькі разоў заяўляў пра перадухіленне тэрактаў, якія нібыта рыхтаваліся ўкраінскімі спецслужбамі, і выкрыццё «тэрарыстычных ячэек». Зусім нядаўна дзяржаўнае ТБ выпусціла шэраг прапагандысцкіх сюжэтаў і фільмаў пра Полк Каліноўскага і канферэнцыю ў Кіеве. Аднак цяпер, у заявах 13-14 снежня, галоўны акцэнт робіцца на пагрозе з боку Польшчы і Літвы, а Украіна згадваецца толькі мімаходзь.

Байцы палка Кастуся Каліноўскага з пазыўнымі Дзядзька і Дэн пад гімн «Пагоні» выносяць палкавы сцяг на сцэну памяшкання, дзе праходзіць канферэнцыя «Шлях да волі». У цэнтры кадру – камандзір палка Дзяніс Прохараў з пазыўным Кіт. Кіеў, Украіна. 29 лістапада 2023 года.
Фота: Белсат

То бок не падобна, каб гэта было паўторам сітуацыі гадовай даўніны, калі пры дапамозе размоваў пра напад на Маларыту ішло нагнятанне абстаноўкі на мяжы з Украінай. Тым больш, што і сэнсу ў гэтым вялікага няма: у адрозненні ад канца 2022-га Расея цяпер не перакідвае ў Беларусь свае войскі і наўрад ці ўвогуле мае вольныя сілы для гэтага.

Пры гэтым абвінавачванні ў бок Польшчы і Літвы ідуць насуперак той рыторыцы, якой імкнуўся прытрымлівацца Лукашэнка ў апошнія паўтара месяца. У пачатку лістапада, падчас паездкі ў Астравец, Лукашэнка выказаў упэўненасць, што адносіны з Польшчай і Літвой будуць адноўленыя і ўвогуле мы з імі «фактычна адзін народ». Потым яшчэ некалькі разоў з боку афіцыйнага Менску гучалі заявы пра «працягнутую сяброўскую руку супрацы» і «гатовасць да дыялогу». Церцель і сам спаслаўся на гэтую рыторыку ўладаў, падкрэсліўшы, што Беларусь гатовая перагарнуць старонку ў адносінах з Захадам. Адначасова ён дадаў, што пасля змены ўраду ў Польшчы сярод беларусаў, якія з’ехалі, нібыта пануюць «паўпанічныя» настроі, а харугвы могуць «павярнуць зброю» супраць сваіх куратараў.

Калі эклектычныя заявы пра падрыхтоўку тэрактаў і адначасова гатовасць да дыялогу з’яўляюцца спробай настроіць новы польскі ўрад супраць дэмакратычных сілаў Беларусі, зрабіць выгнанне апазіцыйных структураў з Польшчы і Літвы ўмовай разрадкі, то гэта вельмі наіўны разлік з боку афіцыйнага Менску. Ніякіх перадумоваў для такога кардынальнага павароту не існуе, гэта проста нерэалістычна ў цяперашняй сітуацыі.

Меркаванні
Польшча – Беларусь. Чаму не будзе перазапуску стасункаў
2023.11.27 08:19

Разам з тым, варта разумець, што Крэмль не зацікаўлены ў разрадцы паміж Беларуссю і Польшчай нават на ўмовах Лукашэнкі, бо гэта б дазволіла яму больш упэўнена адчуваць сябе ў адносінах з Расеяй. Таму можна дапусціць, што Масква ў прафілактычных мэтах будзе карыстаецца любой магчымасцю, каб падтрымліваць градус канфрантацыі паміж Беларуссю з Захадам.

Зразумела таксама, што любое абвастрэнне на мяжы Беларусі з краінамі ЕЗ будзе карысна Крамлю і з пункту гледжання ціску на Захад. Аднак пакуль нішто не ўказвае, што заявы 13-14 снежня сапраўды будуць мець наступствы ў выглядзе рэальных правакацыяў.

Аналітыка
Блеф ці рэальны план агрэсіі? Чаму Пуцін і Лукашэнка пагражаюць Польшчы
2023.07.24 18:33

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў