«Мне хочацца, каб ён дажыў да суда». Алег Гарбуз пра смерць Лукашэнкі, шанец для Беларусі і чыноўнікаў-прыстасаванцаў


На YT-канале «Белсат LIFE» адбылася прэм’ера эпізоду «Прыснілася» абсурдысцкай антыўтопіі «Працэсы». У пэўным міністэрстве ўсе пачалі сніць адзін і той жа сон. Сон, што ў розных варыяцыях снілі шмат якія беларусы, – пра смерць Лукашэнкі. Галоўную ролю міністра Мікалая Іванавіча ў гэтай серыі сыграў вольны купалавец Алег Гарбуз.

– Якія былі першыя ўражанні ад сцэнара?

– Гэты сцэнар не просты. Гэта не звычайны серыял, не вось гэтыя, якія можна назваць «Слёзы на падушцы» або «Соплі на падушцы». Тут адразу відаць, што людзей прарвала на творчасць.

Мне падаецца, што такая гісторыя магла здарыцца. Тут, можа, крыху больш мастацкага перабольшвання было, але ж маглі, напрыклад, два чалавекі пабачыць адзін і той жа сон, і маглі здарыцца падобныя да гэтых падзеі. Проста хлопцы [Андрэй Кашперскі і Міхась Зуй. – Заўв. рэд.] давялі іх да пэўнай ступені маразму, а астатняе – гэта ўжо мастацтва.

– Якое гэта міністэрства?

– Ой! Ну, гледзячы на тое, што там яны не асабліва над чым працуюць, можа, і Міністэрства культуры. Хаця… У якім міністэрстве ў нас увогуле могуць працаваць?

Актор Алег Гарбуз. Варшава, Польшча. 15 ліпеня 2023 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

– Вось нейкім жа кіруе Мікалай Іванавіч. Які ён – акрамя таго, што нявыспаны і перапужаны?

– Ён усё ж чалавек, не функцыя. Чалавек, які быў гатовы памяняць сваё гледзішча, правільна? Ён быў гатовы стаць ужо на другі бок, але не здарылася.

– Але ж ён быў гатовы стаць на іншы бок не са сваёй волі, а пад уплывам, як тады падавалася, непазбежнага.

– Ну, так. Але ўсё роўна ён рызыкаваў. Можна назваць яго флюгерам. Ён адчувае плыні. Адчувае, адкуль вецер вее, і гатовы прыстасавацца, а значыць, ён жывы прынамсі.

Актор Алег Гарбуз. Варшава, Польшча. 15 ліпеня 2023 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

– Магчымая перамога пратэсту ў 2020 годзе таксама была б смерцю Лукашэнкі. Як тады паводзіліся чыноўнікі, якія прыходзілі ў Купалаўскі дамаўляцца з працаўнікамі тэатру?

– Яны ўсе былі разгубленыя. Мы таксама асабліва не ведалі, што рабіць насамрэч. Але яны былі больш разгубленыя, бо пад імі хісталася ўсё, увесь іхны свет мог накрыцца. Яны не ведалі, што сказаць, яны не ведалі, чым аргументаваць, акрамя лозунгаў кшталту «Народ и партия едины». Нам прасцей было псіхалагічна, бо мы ведалі, што мы маем рацыю.

– Не пашкадавалі ніколі пра выбар, зроблены ў 2020 годзе?

– 2020 год быў нашым пачаткам. Мы цяпер у стане яшчэ тых пертурбацыяў, якія адбываюцца, – нішто не спынілася, нішто не скончылася. Рэвалюцыі могуць цягнуцца дзесяцігоддзямі. І тое, што мы праявіліся, – гэта вельмі файна. Мы паказалі, якія мы ёсць, чаго мы хочам насамрэч.

Актор Алег Гарбуз. Варшава, Польшча. 15 ліпеня 2023 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

– А вы ўяўлялі калі-небудзь смерць Лукашэнкі?

– Не хачу, каб ён проста ўзяў ды памёр, гэта несправядліва, я лічу, у дачыненні ўсіх нас. Мне хочацца, каб ён пажыў, каб дажыў да суда. Няхай пакуль трымаецца стары.

– Што для беларусаў, на вашую думку, будзе азначаць ягоная смерць?

– Вядома, канец дыктатуры Лукашэнкі, бо яна ж вельмі персаналісцкая. Ён вось на тыдзень захварэў, вываліўся – і адразу там пасыпалася, адразу ўсё гэтае пацучча заварушылася. Яны папросту адчулі скураю, што можа быць. Калі ён знікне, пачнуцца хістанні знутры, адзін будзе цягнуць на сябе, другі на сябе – і для нас гэта будзе час магчымасцяў.

Актор Алег Гарбуз. Варшава, Польшча. 15 ліпеня 2023 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

– Ці не праспалі мы свайго шанцу тры гады таму?

– Не, я думаю, мы не праспалі. Гэта Лукашэнка праспаў свой шанец у 2020 годзе. Калі б ён сабраўся тады, як многія яму раілі, на самалёт, сабраў сваю сям’ю і зляцеў, яго б мо нават і не шукалі асабліва. Яму б даравалі шмат што. Ён меў шанец здаць уладу спакойна, але ён вельмі моцна звязаў яе са сваім жыццём. Мы зрабілі тое, што трэба, а ён памыліўся. Ён перайшоў кропку невяртання.

– Задам пытанне, якое задавала ў серыяле сакратарка Юлечка: а што ж нам цяпер рабіць?

– Нам трэба спакойна рабіць сваё. Тое, што прыносіць задавальненне, тое, што дазваляе трымацца на паверхні, каб не патануць. І неяк берагчы сябе і тых, хто нас атачае.

belsat.eu

Стужка навінаў