У Пэнтагоне і РНБА Украіны пракаментавалі «раптоўнае» правяранне беларускіх войскаў


У Пэнтагоне пакуль не бачаць «пагрозлівай актыўнасці» беларускіх войскаў, а ў Кіеве адзначаюць, што «раптоўнае» правяранне не стала для іх нечаканасцю.

«Паводле нашых ацэнак, на гэты момант мы не назіраем якой-небудзь пагрозлівай трансмежавай актыўнасці з боку Беларусі», – заявіў прадстаўнік абароннага ведамства ЗША генерал Пэт Райдэр, паведамляе «Укрінформ».

Сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны (РНБА) Украіны Аляксей Данілаў заявіў у эфіры нацыянальнага тэлемарафону, што ўкраінскі бок ведаў пра рыхтаванне новых вучэнняў у Беларусі.

«Для нас гэта не было нечаканасцю. Мы гатовыя да любога развіцця падзеяў, калі Расея супольна з Беларуссю будуць здзяйсняць тыя ці іншыя акты агрэсіі», – цытуе сакратара РНБА агенцтва УНІАН.

Данілаў адзначыў, што прапрацоўванне ўсіх патэнцыйных ваенных сцэнарыяў пачалася даўно. Менавіта таму ЗСУ цалкам гатовыя.

«Калі хтосьці сунецца на нашу тэрыторыю, то я яму не зайздрошчу», – падсумаваў ён.

Нагадаем, 13 снежня ў Беларусі было абвешчанае «раптоўнае правяранне баявой гатовасці». Паводле прэс-рэлізу Мінабароны, войскі «ў найкарацейшыя тэрміны» вырушаць у прызначаныя раёны, наладзяць ахову і абарону, інжынернае абсталяванне, пераправы праз Нёман і Бярэзіну.

Сакратар Савету бяспекі Аляксандр Вальфовіч падкрэсліў, што ў правяранні ў першую чаргу будуць удзельнічаць салдаты сілаў неадкладнага рэагавання. Падраздзяленням пастаўленая задача выйсці да паўднёвых межах і ўзяць пад ахову адзін з абʼектаў. «Задачы будуць пастаўленыя зыходзячы з аналізу досведу правядзення спецыяльнай ваеннай аперацыі ва Украіне», – падкрэсліў Вальфовіч.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў