«Льготы і пенсіі пакуль нерэальныя». Хто дапаможа байцам-каліноўцам, якія вярнуліся з вайны ва Украіне


Былыя байцы палка імя Кастуся Каліноўскага па вяртанні з вайны застаюцца сам-насам з ранамі і дэманамі. Яны пакутуюць на посттраўматычны стрэсавы разлад (ПТСР) і не здольныя прыстасавацца да жыцця без зброі, а сістэмнай рэабілітацыйнай дапамогі ім ніхто не аказвае. Пра гэта ў інтэрв’ю «Белсату» распавядаў былы ваяр-каліновец Сяргей Чарлі Богдан. Што можна зрабіць? Па каментар звярнуліся да прадстаўніка Пераходнага кабінету Валерыя Сахашчыка і да кіраўніка Цэнтру дапамогі беларускім добраахвотнікам у Варшаве Паўла Кухты.

Былы вайсковец палку імя Каліноўскага Сяргей Богдан з пазыўным Чарлі. Варшава, Польшча. 9 лістапада 2022 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Я яшчэ раз паўтару: кожны хлопец, які вярнуўся з вайны, абавязаны атрымаць рэабілітацыю, яго павінны прызнаць ветэранам. Ён мусіць мець усе ільготы і выплаты, пенсію – проста тут і цяпер», – казаў у размове з «Белсатам» былы баец-каліновец Сяргей Чарлі Богдан.

Валеры Сахашчык: Будзем спрабаваць штосьці рабіць

Прадстаўнік у справах абароны Абʼяднанага пераходнага кабінету Беларусі Валеры Сахашчык прызнаецца, што нічога канкрэтнага наконт дапамогі экс-байцам палка Каліноўскага сказаць не можа, бо пакуль гэтым не займаўся.

«Але мяркую, што трэба працаваць. Трэба паразмаўляць з самімі хлопцамі, як там насамрэч усё выглядае. І будзем спрабаваць штосьці рабіць», – кажа Валеры Сахашчык.

Аднак заўважае, што патрабаванні былога байца аб льготах і пенсіі – пакуль нерэальныя.

«Як ён сабе гэта ўяўляе? Трэба троху больш рэальна глядзець на рэчы ў цяперашняй сітуацыі. Бо толькі дзяржава, якая мае бюджэт, у стане прызначыць нейкія льготы. Я ж пакуль не атрымаў ніводнай капейкі ад Кабінету ці каго-небудзь іншага. Згодна з законам Украіны, беларусы не маюць правоў на льготы і сацыяльнае забеспячэнне. Не ўсё так проста. Жаданне – гэта адна справа, а рэальныя магчымасці – другая», – зазначыў Валер Сахашчык.

Ён пацвердзіў, што ў пытанні рэабілітацыі былых ваяроў палка Каліноўскага шчыльна кантактуе з яшчэ адным прадстаўніком Кабінету – Паўлам Латушкам, які ўжо звярнуўся з адпаведным хадайніцтвам у МЗС Польшчы. У сваю чаргу, Валеры Сахашчык абяцае абмеркаваць магчымыя захады ў арганізацыі рэабілітацыі байцоў з украінскім бокам.

Валерий Сахащик, конференция «Новая Беларусь», демократические силы, Вильнюс, Литва
Валерый Сахашчык, былы камандзір Берасцейскай дэсантна-штурмавой групы, на канферэнцыі дэмакратычных сілаў «Новая Беларусь» у Вільні, Літва. 8 жніўня 2022 года.
Фота: Белсат

Палітык заўважае, што гэтую праблему трэба было б развязваць супольнымі высілкамі, але полк Кастуся Каліноўскага «ставіцца да ўсіх з нейкай пагардай».

«Да мяне ў тым ліку. Кабанчук (Вадзім Кабанчук – намеснік камандзіра палка Кастуся Каліноўскага, заўв. ЗМ) колькі разоў ужо гаварыў, што не давярае Сахашчыку. Не разумею, на якой падставе хтосьці кажа пра нейкія грошы. Я пакуль усё раблю толькі за свой кошт», – сцвердзіў Валеры Сахашчык.

Ён яшчэ раз запэўніў, што абавязкова паспрабуе зрабіць штосьці ў справе дапамогі і рэабілітацыі для былых байцоў палка, але мусіць да гэтага з імі паразмаўляць. Кантакт прадстаўніка Абʼяднанага пераходнага кабінету мы перадалі былым байцам.

Павел Кухта: Хай звяртаюцца да нас

У той жа час кіраўнік Цэнтру дапамогі беларускім добраахвотнікам Павел Кухта кажа, што беларусы, якія вярнуліся з вайны ва Украіне, могуць звяртацца па дапамогу ў мабілізацыйны цэнтр у Варшаве (ul. Kryniczna 6).

«Хто звяртаецца – канечне, аказваем дапамогу. Чым можам, тым дапамагаем. Псіхолагі і гэтак далей. Нашыя хлопцы прыязджалі і ляжалі ў лякарні. Праўда, на рэабілітацыю ў клініку яшчэ нікога не накіроўвалі, бо ніхто з такімі просьбамі не звяртаўся. Але калі людзі будуць шукаць, то хай звяртаюцца да нас», – параіў Павел Кухта.

Афіцыйных звестак пра тое, колькі вайскоўцаў палка імя Кастуся Каліноўскага з розных прычын пакінулі Украіну, мы не маем. Але, па словах былога ваяра падраздзялення з пазыўным Чарлі, толькі ў Польшчы і Літве іх больш за паўсотні. Большасць з іх маюць сурʼёзныя праблемы з фізічным і псіхічным здароўем, з сацыяльнай адаптацыяй.

Гісторыі
«Спрабую змагацца з дэманамі – і прайграю ўсухую». Споведзь Чарлі – былога ваяра палка Каліноўскага
2022.11.13 09:00

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў