Якую фінансавую дапамогу могуць атрымаць беларускія палітвязні па вызваленні з турмаў?


З зонаў, «хіміяў» і турмаў Беларусі на свабоду цягам двух апошніх гадоў выйшлі ўжо больш за 500 палітычных вязняў. Іхная колькасць будзе павялічвацца. Грашыма былым зняволеным дапамагае толькі адзін фонд. І падтрыманне гэтае адно на першыя патрэбы. Разбіраемся, на якую дапамогу могуць разлічваць тыя, хто быў асуджаны паводле палітычных перакананняў.

Исправительная колония № 3, Витьба, Беларусь
Каля КПП папраўчай калоніі № 3. Віцьба, Беларусь. Ліпень 2022 года. Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Акім Крумкач / Белсат

«Не ў першыню сутыкаюся з сітуацыяй, калі былыя палітвязні адчуваюць сябе забытымі, бяссільнымі і не здольнымі зрабіць пэўныя крокі на свабодзе. Шмат хто з іх не мае сродкаў на існаванне. Так, хтосьці атрымаў па вызваленні дапамогу ад «BYSOL», але мне здаецца, яна мізэрная…» – мяркуе беларуская актывістка ў Варшаве Святлана.

Грошы на першыя патрэбы. А што далей?

Звярнуліся па каментар да праваабаронцы і кіраўніка фонду «BYSOL» Андрэя Стрыжака. Ён распавёў, што фонд запусціў праграму падтрымання вызваленых палітычных вязняў, якая рэалізуецца ў кааліцыі з ініцыятывай «BY_help» і праваабарончымі структурамі. Збор так і называецца: Дапамога вызваленым палітычным зняволеным.

«Мы можам даць ім апору на пачатку новага жыцця: медычную, псіхалагічную, фінансавую і матэрыяльную дапамогу. Яшчэ больш важна для былых палітычных вязняў рэжыму адчуць нашую салідарную падтрымку», – гаворыцца на старонцы збору.

На дапамогу могуць разлічваць тыя, хто больш за тры месяцы быў у СІЗА, на «хіміі», калоніі або турме.

«Якая гэта дапамога? Найперш гэта разавая фінансавая дапамога. На сёння мы можам сабе дазволіць суму памерам 300 еўраў, улічваючы той аб’ём данатаў, які цяпер ідзе на гэты кірунак. Бо гэта ў першую чаргу грошы людзей, а не тыя, якія мы знайшлі інстытуцыйна», – тлумачыць Стрыжак.

Апрача грошай, можна атрымаць псіхалагічную дапамогу (10 сесіяў) і візавае падтрыманне ў выпадку, калі былы палітвязень хоча выехаць з краіны.

Даведка
Андрэй Стрыжак, сузаснавальнік Фонду салідарнасці «BYSOL».
Фота: АГ / Белсат

Паводле Андрэя Стрыжака, фонд працуе над тым, каб пашырыць магчымасці гэтай праграмы, і вельмі спадзяецца, што рэсурсы будуць знойдзеныя:

«Два новыя кірункі, якія будуць у праграме, – гэта падтрымка медычных выдаткаў на аднаўленне здароўя і падтрымка выдаткаў на павышэнне кваліфікацыі або прафесійнае перанавучанне, каб чалавек адчуваў сябе больш свабодна на рынку парцы і мог, напрыклад, працаваць дыстанцыйна, мець заробак, каб утрымліваць сябе і сямʼю».

Падацца на персанальны збор

Прадстаўнік фонду зазначае таксама, што былы палітвязень мае магчымасць падацца на персанальны збор на пляцоўцы «BYSOL» і сабраць больш за 300 еўра разавай выплаты «на першыя патрэбы». Калі сабраная сума будзе меншая, фонд скампенсуе нястачу. Але падацца на персанальны збор ужо пасля атрымання гэтых грошай можна будзе толькі тады, калі зʼяўляюцца нейкія «новыя абставіны».

Што рабіць, калі былы палітвязень трапляе ў цяжкае матэрыяльнае становішча, ужо выехаўшы за межы Беларусі? Стрыжак таксама раіць звяртацца ў фонд. Гэтыя выпадкі будуць разглядацца персанальна:

«Часта бывае так, што чалавеку проста трэба даць патрэбныя кантакты, каб, прыкладам, уладкавацца на працу ці развязаць праблемы з дакументамі. Так што трэба звяртацца, і будзем глядзець, што з гэтым можна зрабіць. Гэта калі кажам пра канкрэтнага чалавека».

«Гэта выклік для грамадзянскай супольнасці»

Андрэй Стрыжак кажа, што не чуў пра іншыя арганізацыі ці фонды, якія б надавалі былым палітвязням фінансавае падтрыманне. І выказвае надзею, што ў сітуацыі, калі колькасць вызваленых будзе нарастаць, да такой адраснай дапамогі далучацца іншыя структуры. Бо «рэсурсы адной арганізацыі такога абʼёму не выцягнуць».

Стрыжак заклікае не толькі ахвяраваць менавіта на збор для дапамогі былым палітычным вязням, але знаходзіць магчымасць падтрымліваць іх і іншым чынам:

«Прыкладам, вы з кімсьці перапісваецеся і дакладна будзеце ведаць, калі чалавек выйдзе. То трэба ўзяць яго пад патранаж. Так, гэта дадатковая нагрузка, але гэта наш грамадзянскі абавязак. І калі ўсе будуць так падтрымліваць, хаця б кропкава, хаця б заплаціць за камуналку, то гэта значна спросціць сітуацыю.

Гэта абʼёмны выклік для беларускай грамадзянскай супольнасці. Але я вельмі спадзяюся, што мы з гэтым дамо рады. Праца вядзецца, яе трэба рабіць, і мы будзем яе рабіць».

Дзе яшчэ былыя палітвязні могуць атрымаць дапамогу

  • Звяжыцеся з праваабарончым цэнтрам «Вясна». Арганізацыя аказвае рознага кшталту дапамогу.
  • Калі вы выехалі з Беларусі і цяпер у Польшчы, звярніцеся ў Цэнтр беларускай салідарнасці ў Варшаве. Там могуць падтрымаць юрыдычна і псіхалагічна. Але ў выпадку, калі вы былы палітычны вязень, магчымая і фінансавая дапамога.
  • Звярніцеся ў Беларускі дом у Варшаве, дзе цяпер рэалізуецца праграма медычнай дапамогі рэпрэсаваным беларусам.
  • Ініцыятыва «Partyzanka» прапануе былым палітычным вязням псіхалагічную рэабілітацыю.
  • Спраўдзіце, як вас могуць падтрымаць іншыя фонды і ініцыятывы: напрыклад, «Краіна для жыцця», «Okno na wschód», фонд дапамогі беларусам у Літве «Разам» ды іншыя.

Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», у перыяд з 2020 года да 13 кастрычніка 2022 года з месцаў пазбаўлення свабоды былі вызваленыя 504 палітычныя вязні, якія маюць цяпер статус «былы палітзняволены». На сёння фонд беларускай салідарнасці «BYSOL» у межах збору «Дапамога вызваленым палітычным зняволеным» сабраў крыху больш за 24 тысячы еўраў. Збор сродкаў трывае.

Аналітыка
Як дапамагчы палітвязням, якія выходзяць на волю? Размаўляем з прадстаўніком BYSOL і псіхолагам
2022.09.19 08:30

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў