Футбольныя матчы беларускіх клубаў запланаваны на выходныя і, здаецца, Беларускую федэрацыю футболу мала цікавіць здароўе гульцоў і заўзятараў.
Выпадкі COVID-19 ёсць у некалькіх камандах, але футбол у Беларусі працягнецца, не зважаючы ні на што, бо ў 2020 годзе Беларусь увайшла ў гісторыю як адзіная краіна Еўропы, што не спыніла чэмпіянату падчас эпідэміі. Дык чаго спыняцца цяпер?
12 кастрычніка мы напісалі, што ў Федэрацыю футболу паступіла просьба ад менскага «Энергетыка-БДУ» перанесці нядзельную гульню супраць берасцейскага «Дынама», бо ў камандзе масава хварэюць на COVID-19. Як мы і думалі, менскі клуб атрымаў адмову і вымушаны будзе выйсці 17 кастрычніка на поле. Не зважаючы на тое, што ў сталічным клубе каронавірусную інфекцыю выявілі ў 9 чалавек: двух трэнераў і сямі гульцоў асноўнага складу.
Выявілі COVID-19 і ў гульца жодзінскага «Тарпеда-БеЛАЗ» Юрыя Габоўды. Але ягоны клуб пра перанос не прасіў.
Урэшце, некаторыя клубы сталі рабіць выгляд, што іх турбуе гэтая сітуацыя.
Гэтак, у Салігорску інфармуюць, што на гульні супраць «Тарпеда» заўзятары абавязаныя быць у масках і без іх не змогуць набыць квіткоў ды не будуць абслугоўвацца на стадыёне.
У Берасці, дзе «Рух» згуляе з менскім «Дынама», прададуць толькі 75 % квіткоў, хаця «Рух» і так ніколі не збірае вялікай аўдыторыі.
Абвесткі пра абавязковы масачны рэжым далі яшчэ некалькі беларускіх клубаў. Паглядзім, ці пагоршыцца сітуацыя пасля гэтага туру.
АЛ, belsat.eu