Памёр галоўны рэдактар расейскай «Комсомольской правды» Уладзімір Сунгоркін


Уладзіміру Сунгоркіну было 68 гадоў. Ён памёр у часе камандзіроўкі ў расейскае Прымор’е. Паводле неафіцыйнай крыніцы, прычына смерці – інсульт.

Галоўны рэдактар «Комсомольской правды» Уладзімір Сунгоркін на сустрэчы з Уладзімірам Пуціным. Масква, Расея. 26 траўня 2015 года.
Фота: kremlin.ru

Расейская «Комсомольская правда» паведаміла 14 верасня пра смерць галоўнага рэдактара Уладзіміра Сунгоркіна. Прычынаў не назвалі, але крыніца ТАСС у атачэнні памерлага кажа, што прычынаю смерці быў інсульт. Журналіст «КП» расказаў выданню «Подъём», што Сунгоркін памёр падчас камандзіроўкі ў Прымор’е, дзе збіраў матэрыял для кнігі пра першапраходца Уладзіміра Арсеньева, а перад тым не хварэў і быў «вельмі бадзёры».

Сунгоркін працаваў у «Комсомольской правде» большую частку жыцця: пачаў яшчэ ў 1976 годзе як карэспандэнт на будоўлі Байкала-Амурскай чыгункі. У 1992-м стаўся галоўным выканаўчым дырэктарам акцыянернага таварыства «Комсомольская правда», затым старшынём рады таварыства, а з 1997-га быў галоўным рэдактарам, з 2002 года спалучаў гэтую пасаду з пасадаю генеральнага дырэктара. З 2016-га быў пад санкцыямі Украіны, з красавіка 2022-га – пад санкцыямі Еўразвязу ў звязку з нападам Расеі на Украіну.

Расейскую «Комсомолку» даўно лічылі «жоўтай» і праўладнаю. Сам Сунгоркін казаў, што яму «вельмі падабаецца Пуцін». Выданне падтрымлівала анексію Крыму і падтрымлівае цяперашнюю вайну ва Украіне. Напрыклад, расказвае пра «герояў спецаперацыі». Сунгоркін быў сярод тых прапагандыстаў, каго Уладзімір Пуцін у 2014 годзе ўзнагародзіў ордэнам «За заслугі перад Айчынаю» за «аб’ектыўнасць пры асвятленні падзеяў у Крыме».

Выданне называлі ўлюбёнаю газетаю Пуціна. Вядома, што «Комсомольская правда» беспасярэдне звязаная з атачэннем Пуціна. Найбуйнейшы бенефіцыяр выдавецкага дому «Комсомольская правда» – Сяргей Рудноў, сын сябра Пуціна Алега Руднова. Рудноў-старэйшы вёў бізнес з людзьмі, якія ўваходзяць у найбліжэйшае кола расейскага лідара, ён набыў «КП» яшчэ ў 2007 годзе. Пасля ягонай смерці ў 2015-м выдавецкі дом перайшоў пад кантроль ягонага сына Сяргея. Сяргей Рудноў, сярод іншага, застаецца намінальным уласнікам вілы каля Выбаргу, якую СМІ называюць неафіцыйнаю рэзідэнцыяй Пуціна.

Да 2021 года ў Беларусі працавала «Комсомольская правда в Беларуси» – фармальна незалежнае ад расейскай «Комсомолки» выданне з іншым галоўным рэдактарам. Беларуская «Комсомолка» мела іншую рэдакцыйную палітыку, паступова стала найбуйнейшаю недзяржаўнаю газетай краіны. Улады Беларусі пачалі пераслед выдання пасля таго, як у 2020 годзе яно стала расказваць аб пратэстах і гвалце сілавікоў. Выданню адмовілі ў друкаванні папяровай версіі – беларускую газету сталі друкаваць у Расеі. У канцы верасня 2021 года сайт Kp.by заблакавалі ў Беларусі, а 2 кастрычніка затрымалі журналіста Генадзя Мажэйку. 5 кастрычніка «Комсомолка» абвясціла, што пакідае Беларусь.

Сунгоркін крытычна выказваўся пра Аляксандра Лукашэнку і затрыманне Мажэйкі, пасля патрабаваў вызвалення журналіста, прапаноўваў любы заклад. Аднак Крэмль не заступіўся за Мажэйку і не пратэставаў у звязку з закрыццём беларускай «Комсомолки».

Hавiны
Галоўрэд «КП» распавёў пра ролю расейскіх спецслужбаў у арышце Генадзя Мажэйкі
2021.10.16 10:35

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў