«У іх цэны растуць, а мы чэмпіёны». Міністр гандлю пахваліўся нізкай інфляцыяй у Беларусі


Міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксей Багданаў пахваліўся нізкай інфляцыяй у Беларусі дзякуючы штучнаму стрымліванню. У інтэрв’ю тэлеканалу СТВ ён заявіў, што ў нашай краіне рост цэнаў самы павольны сярод суседзяў. «Мы тут чэмпіёны», – сказаў чыноўнік.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Паводле кіраўніка Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксея Багданава, з таго часу, як набыла моц пастанова ўраду аб рэгуляванні коштаў, індэкс спажывецкіх цэнаў знізіўся ў Беларусі на 13,8 %:

«Ліпень паказаў чарговы рэкорд зніжэння цэнаў. Інфляцыя 2,7 % – гэта самы нізкі ўзровень сярод прасторы, што нас атачае. У Расеі – 3,3 %, у Еўропе сярэдняя інфляцыя – 8,5 %, у краінах Балтыі – 9–12 %. У іх трывае рост цэнаў. Мы тут чэмпіёны».

Чыноўнік сказаў, што сёлета інфляцыя ў Беларусі, як і планавалася, не перавысіць 8 %, а сістэму штучнага рэгулявання коштаў захаваюць мінімальна да канца года:

«Дакумент жывы, ён паддаецца карэктаванню ў залежнасці ад таго, якое эканамічнае асяроддзе ідзе на рынку. Мы мусім аператыўна падладжвацца пад сітуацыю, каб ніхто не пацярпеў: ні вытворца, ні гандаль. І самае галоўнае, каб спажывец атрымаў тое, што ён хоча, за даступную цану».

Агляд
Звышзадача – разагнаць ВУП, астатняе другасна: да чаго гэта можа прывесці
2023.08.14 08:50

У інтэрв’ю СТВ міністр таксама адзначыў, што дзяржава працягне рэгуляваць цэны на школьныя тавары, каб не было завышэнняў:

«Мы ўжо падлічылі з нашымі іншымі рэгулятарамі, што ў сярэднім кошт поўнага набору, у тым ліку адзенне, абутак, канцылярскія ды іншыя школьныя прыналежнасці, складзе ад 100 да 900 рублёў на адно дзіця».

Багданаў упэўнены, што беларускі лёгпрам вырабляе якаснае і даступнае адзенне.

Hавiны
Школьная форма патрэбная, бо так вырашылі чыноўнікі, бацькі ў гэтым не бачаць сэнсу
2023.07.16 19:13

Эксперты раней прызнавалі, што дзяржаўнае рэгуляванне сапраўды можа запаволіць інфляцыю, але гэта пагражае дэфіцытам, а таксама заўважным ростам коштаў, калі штучнае стрымліванне скасуюць.

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў