У ноч на 14 жніўня ў Цверы невядомыя размалявалі ўваходныя дзверы ў кватэры актывіста Арцёма Важэнкова. На дзверы напісалі «Убирайся, мразь!» і намалявалі бел-чырвона-белы сцяг, паведамляе мясцовае выданне «7х7».
Некалькімі днямі раней па рашэнні суду яго знялі з выбараў у Заканадаўчы сход рэгіёну.
Паводле яго слоў, пагрозы ў свой адрас з невядомых акаўнтаў па электроннай пошце і смс ён атрымлівае ўвесь апошні тыдзень.
З’яўленне бел-чырвона-белага сцяга на дзвярах, на думку актывіста, звязана з беларускім мінулым: у жніўні 2020 года ён у якасці назіральніка ад руху «Голас» ездзіў у Беларусь на выбары прэзідэнта. Тады яго затрымалі і абвінавацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Пяць содняў ён правёў у ізалятары на Акрэсціна, дзе яго збівалі.
«Спецыяльна ці выпадкова так супала, але сімвалізм гэтага малюнка ў тым, што заўтра, 15 жніўня, спаўняецца год, як мяне вызвалілі з Акрэсціна», – заўважыў Важэнкоў.
Актывіст звязаў інцыдэнт са сваёй грамадска-палітычнай дзейнасцю і ўдзелам у выбарах, але не ведае, хто б гэта мог зрабіць.
Актывіст ужо напісаў заяву ў паліцыю.
АД, belsat.eu