Украіна збіраецца ўвесці санкцыі супраць 36 спартыўных чыноўнікаў з Беларусі і Расеі


Ва Украіне разглядаюць прапанову ўвесці санкцыі супраць 36 прадстаўнікоў спартыўных арганізацый Беларусі і Расеі за падтрымку вайны супраць Украіны. Вярхоўная Рада Украіны 14 ліпеня ўзгадніла адпаведны праект пастановы.

Вярхоўная Рада Украіны. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: Shutterstock

14 ліпеня Вярхоўная Рада Украіны Вярхоўная Рада падтрымала пастанову нумар 9408 і ўнесла на разгляд СНБА прапановы па ўвядзенні персанальных спецыяльных эканамічных санкцый да прадстаўнікоў спартыўных арганізацый Расеі і Беларусі, якія актыўна падтрымліваюць вайну супраць Украіны.

У спісе спартыўных функцыянераў, да якіх Украіна збіраецца ўвесці санкцыі, знаходзяцца 8 асоб з Беларусі: кіраўнік Беларускай федэрацыі футболу Уладзімір Базанаў, намеснік міністра спорту і турызму Аляксандр Барауля, былы кіраўнік Федэрацыі хакея Беларусі, член Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу (займаецца пытаннямі спорту) Дзмітрый Баскаў, цяперашні кіраўнік Федэрацыі хакея Беларусі Аляксандр Багдановіч, рэктар БДУ фізічнай культура Сяргей Рэпкін, кіраўнік Беларускай тэніснай федэрацыі Сяргей Рутэнка, кіраўнік Беларускай федэрацыі барацьбы Алім Селімаў, гімнастка і трэнер Любоў Чаркашына.

«За амаль паўтара года поўнамаштабнага ўварвання Расеі ад рук рашыстаў загінула не менш як 300 украінскіх спартсменаў і трэнераў. Амаль 150 абʼектаў спартыўнай інфраструктуры знішчаны поўнасцю, каля 300 спартыўных школ сёння не працуюць і 150 тысяч украінскіх спартсменаў не маюць з-за вайны ўмоў для заняткаў спортам. І ў той жа час спартоўцы з Расеі і Беларусі падтрымліваюць расейскую агрэсію супраць нашай дзяржавы, выкарыстоўваюць спорт для прапаганды», – заявіла дэпутатка Ірына Барзова, сябра Камітэта па пытаннях моладзі і спорту.

На думку Барзовай, неабходна зрабіць усё магчымае, «каб ні расейцы, ні беларусы не змаглі скарыстаць спартыўныя пляцоўкі для прапаганды, «як гэта зрабіў Гітлер на Алімпіядзе 1936 года».

Па словах украінскай дэпутаткі, Украіна працягне змагацца на дыпламатычным, спартыўным і інфармацыйным франтах, «каб не дапусціць расейскіх і беларускіх спартсменаў да міжнародных спаборніцтваў і на Алімпіяду ў той час, калі працягваецца страшная вайна».

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў