Борыс Джонсан раскрытыкаваў NATO за слабую пазіцыю па Украіне


Былы прэмʼер-міністр Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан у сваёй калонцы на «DailyMail» раскрытыкаваў рашэнне лідараў дзяржаў NATO не запрашаць Украіну ў Альянс на саміце ў Вільні.

Борыс Джонсан. Скрыншот з відэа: dailymail.co.uk

14 ліпеня былы прэмʼер-міністр Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан у сваёй калонцы на «DailyMail» раскрытыкаваў краіны Захаду за слабасць і неканкрэтнасць пазіцыі па Украіне. Паводле яго адзнакі, было б дастаткова даць Украіне пэўны графік каб украінцы ведалі, што іх чакаюць у Альянсе адразу пасля вайны – нават калі яна скончыцца ў наступным годзе. Аднак гэтага не адбылося.

Джонсан лічыць, што Украіну патрэбна прыняць у NATO як мага хутчэй:

«Калі лідары NATO прыехалі ў Вільню на гэтым тыдні, было цалкам відавочна, што яны павінны рабіць. Яны павінны былі быць моцнымі. У гэтым увесь сэнс NATO», – абурыўся Джонсан.

Брытанскі палітык кажа, што чальцы Альянсу павінны былі выказаць сваю калектыўную павагу і падзяку за гераічнае супраціўленне Украіны «…у барацьбе, у якой ніводны салдат NATO не быў паранены або забіты, таму што мы ў краінах NATO ведаем – і пастаянна гаворым – што ўкраінцы змагаюцца за ўсіх нас».

Падле адзнакі Борыса Джонсана, нерашучасць Захада ў свой час дазволіла Уладзіміру Пуціну ўварвацца ва Украіну, але як раз такі Украіна прадэманстравала гатовасць быць часткай NATO: «Ніводная краіна не зрабіла і не прыклала больш намаганняў, чым Украіна, каб прадэманстраваць сваю гатовасць да членства ў NATO. Ніякія ўзброеныя сілы не зʼяўляюцца больш грознымі і больш эфектыўнымі ў выкарыстанні зброі NATO. Ніводная краіна не мае большай патрэбы ў членстве ў NATO».

Паводле Джонсана, замест дакладнага графіку і перакананняў, што Украіна ўступіць у NATO як толькі скончыцца вайна, гэта краіна атрымала «запрашэнне ўступіць у NATO як толькі саюзнікі дамовяцца і калі будуць выкананы ўмовы».

«Паводле бухарэсцкіх высноў, саюзнікі аб усім гэтым дамовіліся яшчэ 15 гадоў таму!» – абурыўся Джонсан.

Джонсан канстатуе, што пакуль што Украіна пазбаўлена фармальных гарантый бяспекі па Артыкуле 5 NATO, а значыць Пуцін будзе працягваць тэрор і спрабаваць узнавіць Савецкі Саюз.

Паводле Джонсана, Вялікая Брытанія прыкладае непублічныя намаганні каб даць Украіне пэўны графік далучэння да Альянсу, але сутыкаецца з нежаданнем некаторых іншых чальцоў, якое выцякае з веры ў тое, што вайну можна скончыць толькі шляхам перамоваў.

«Яны лічаць, што зараз мы павінны быць па-майстэрску двухсэнсоўнымі, таму што яны думаюць, што пытанне аб членстве Украіны ў NATO яшчэ можа быць часткай здзелкі. Вы можаце заключыць здзелку з Пуціным, думаюць яны: вы выводзьце свае войскі, і мы не дамо Украіне ўступіць у NATO Гэта варʼяцтва. На працягу ўсёй гэтай вайны Захад меў тэндэнцыю паўтараць адну і тую ж памылку зноў і зноў: пераацэньваць Пуціна і недаацэньваць Украіну», – падсумаваў Борыс Джонсан.

Падрабязней з меркаваннем Борыса Джонсана па саміце NATO у Вільні можа паглядзець на відэа:

Антон Тачняк

Стужка навінаў