Дзмітрый Гардон пра Аляксандра Лукашэнку: Гэта палітычная жывёла, якая хоча толькі ўлады


Украінскі журналіст Дзмітрый Гардон, які зрабіў рэзананснае інтэрвʼю з Аляксандрам Лукашэнкам у 2020 годзе, пракаментаваў у жывым эфіры «Белсату» тую размову. А таксама распавёў пра свае стаўленне да Пуціна і пракаментаваў адмову Рэната Ахметава ад уласных медыя актываў.

Напярэдадні выбараў 2020 года Аляксандр Лукашэнка даў вялікае інтэрвʼю Дзмітрыю Гардону. У прыватнасці тады Лукашэнка казаў: «Мне будзе вельмі няёмка і не па сабе, калі ў нас на вуліцах будуць заварушкі і давядзецца прымаць нейкія сілавыя меры… Гэта непрыгожа для іміджу краіны. Вось што мяне непакоіць».

Украінскі журналіст Дзмітрый Гардон п’е падораны Аляксандрам Лукашэнкам беларускі бальзам у адказ на абразы і пагрозы ад Лукашэнкі. 9 жніўня 2021 года. Скрыншот: Дмитрий Гордон / Youtube

Пра размову з Лукашэнкам

Каментуючы сваю размову з Лукашэнкам у 2020 годзе, Дзмітрый Гардон звяртае ўвагу, што яна была зробленая да масавага збіцця беларусаў і, натуральна, да вайсковай агрэсіі на тэрыторыю Украіны з тэрыторыі Беларусі. У 2020-м годзе 64% украінцаў лічылі, што Лукашэнка праводзіць слушную палітыку, дадае ўкраінскі журналіст.

«Лукашэнку не складана зразумець. Гэта палітычная жывёла, якая хоча толькі ўлады і ўсе яго дзеянні, усе яго думкі прадыктаваныя толькі адным – захаваць уладу. Аляксандр Лукашэнка асабіста вінаваты ў гібелі дзясяткаў тысяч украінцаў», – кажа Гардон.

Пра Уладзіміра Пуціна

«Як разумны чалавек ён разумеў, трэба даць людзям дастойны ўзровень жыцця, каб яны далі яму магчымасць, як раней казалі, красці сацыялістычную ўласнасць. Узровень жыцця ў Маскве – адзін з найлепшых у свеце. Але ён цалкам зрабіў жабракамі ўсе іншыя рэгіёны Расеі. Пры гэтым Пуцін зрабіў усё, каб масавых пратэставых настрояў не было ў Маскве і Санкт-Пецярбургу, бо там патэнцыйна можа пачацца рэвалюцыя», – кажа Гардон.

Пра закон аб алігархах, які дзее ва Украіне

«Да вайны я паслядоўна крытыкаваў закон аб алігархах», – заявіў Дзмітрый Гардон у жывым эфіры «Белсату». «Я лічу свабоду слова галоўнай каштоўнасцю любога цывілізаванага грамадства. Няма свабоды слова – няма дэмакратыі. Гэта я выдатна разумею».

Буйныя бізнесоўцы ва Украіне, уладальнікі медыя актываў мелі 6 месяцаў для таго, каб прадаць уласныя медыя імперыі. Пачатак вайны Расеі супраць Украіны стаўся вельмі істотнаю перашкодаю для продажу буйных бізнес праектаў. Але нягледзячы на вайсковы стан ва Украіне, улады не далі адтэрміноўкі бізнесоўцам. Ад 14 ліпеня, напрыклад, прыпыніў працу медыя холдынг, які належаў Рэнату Ахметаву.

Артыкулы
Не тэрарысты, але ўсё ж… Навошта беларусаў уносяць у спіс асобаў, датычных тэрарыстычнай дзейнасці
2022.07.14 09:30

«Рэнат Ахметаў зрабіў мужны ўчынак, проста адмовіўся ад сваіх медыя актываў, у якія было ўкладзена 1,5 млрда долараў ЗША. 4 тысячы чалавек апынуліся на вуліцы. Тое самае зробяць, найхутчэй, іншыя ўладальнікі тэлеканалаў. У выніку ў нас будзе адзін канал, па якім будуць вяшчаць тыя, каго захочуць бачыць улады. Нічога падобнага ў Еўропе няма, але ва Украіне, аказваецца багатым людзям нельга валодаць тэлеканаламі. А хто апроч багатых людзей можа мець тэлеканалы – толькі дзяржава», – кажа Дзмітрый Гардон.

Каб зразумець, якую небяспеку ўяўляе наяўнасць толькі адной кропкі гледжання ў публічным полі, дастаткова паглядзець на Расею, кажа ўкраінскі журналіст.

belsat.eu

Стужка навінаў