Святлана Ціханоўская ўручыла медалі «Гонар і Годнасць». Імёны семярых узнагароджаных засакрэцілі


Абраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская ўручыла медалі «Гонар і Годнасць» – узнагароду за адданасць ідэалам свабоды, нацыянальных каштоўнасцяў, дэмакратыі і правоў чалавека. Цырымонія адбылася ў Варшаве, перадае карэспандэнт «Белсату». Пасмяротна ўзнагароджаны Раман Бандарэнка, Мікіта Крыўцоў і беларускія добраахвотнікі, якія загінулі, абараняючы Украіну (іхныя імёны пакуль засакрэчаныя).

Медалі «Гонар і годнасць». Варшава, Польшча. 14 чэрвеня 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

«Сёння мы ўшаноўваем сапраўдных волатаў, адданых барацьбе і незалежнай Беларусі. Для іх Беларусь была сапраўды перадусім. Рашуча стаўшы на бок дабра, яны на ўвесь свет заявілі: беларусы ёсць, заўжды будуць, і хутка настане дзень, калі яны будуць свабодныя», – заявіла Святлана Ціханоўская ў Варшаве на цырымоніі ўзнагароджання медалём «Гонар і Годнасць».

Прамова Святланы Ціханоўскай на ўрачыстым ўручэнні медалёў «Гонар і Годнасць». Варшава, Польшча. 14 чэрвеня 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Абраная прэзідэнтка ўручыла 9 медалёў. Пасмяротна ўзнагароджаныя Раман Бандарэнка, Мікіта Крыўцоў і беларускія добраахвотнікі, якія загінулі ва Украіне. Іхныя прозвішчы пакуль не раскрываюцца з меркаванняў бяспекі.

Медаль Рамана Бандарэнкі атрымала ягоная стрыечная сястра Вольга Кучарэнка. «Такія імпрэзы і ўзнагароды маюць быць, але яны вельмі цяжка ўспрымаюцца, бо зноў вяртаюць цябе да думак пра Рому і таго, што яго няма з намі», — прызналася яна.

Вольга Кучарэнка, стрыечная сястра Рамана Бандарэнкі, з медалём «Гонар і Годнасць». Варшава, Польшча. 14 чэрвеня 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Маці аднаго з добраахвотнікаў падкрэсліла, што гэта вялікі гонар для яе і ўшанаванне памяці сына ў вельмі няпросты час:

«Гэта вельмі важна цяпер у якасці падтрымання, бо часам больш разумення атрымліваеш ад чужых людзей, чымся ад блізкіх. І гэты медаль — не толькі адзнака дзеянняў майго сына, але і ўсіх тых, хто і цяпер змагаецца на вайне».

Аліна Коўшык на ўрачыстым ўручэнні медалёў «Гонар і Годнасць». Варшава, Польшча. 14 чэрвеня 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

На цырымоніі прысутнічалі прадстаўнікі Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка і Аліна Коўшык, амбасадар Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі.

Медаль «Гонар і Годнасць» заснаваны ў 2020 годзе і стаў першаю ўзнагародаю новай Беларусі, прысвечанай ідэалам свабоды, нацыянальных каштоўнасцяў, дэмакратыі і правоў чалавека. Гэтую адзнаку атрымліваюць асобы, якія смела стаялі на шляху да свабоды і выступалі супраць несвабоды і несправядлівасці ў Беларусі.

Hавiны
Медалём «Гонар і Годнасць» пасмяротна ўзнагародзілі 27 загінулых беларусаў
2023.03.01 18:01

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў