Звяз еўрапейскіх футбольных асацыяцыў (УЕФА) выключыў са спісу афіцыйных транслятараў футбольнага турніру Лігі Нацыяў Белтэлерадыёкампанію. Пазіцыю Беларусі прыбралі са спісу вяшчальных партнёраў на сайце арганізацыі.
Цяпер матчы футбольнай зборнай Беларусі і іншых зборных больш нельга паглядзець па беларускім тэлебачанні. Да выключэння іх паказваў тэлеканал «Беларусь 5», які ўваходзіць у структуру Белтэлерадыёкампаніі. Таксама перасталі трансляваць матчы іншых зборных у рамках Лігі Нацыяў.
З-за гэтага беларускія заўзятары прапусцілі ўжо дзве гульні беларускай зборнай: 10 чэрвеня прайшоў матч са зборнай Казахстану, а 13 чэрвеня – са зборнай Азербайджану.
Пасля адмены трансляцыі матчу 10 чэрвеня спартовы партал «Tribuna.com» паведамляў, што дырэктар дырэкцыі тэлеканалу «Беларусь 5» Павел Булацкі не змог пракаментаваць інфармацыі аб адмене трансляцыі БТРК матчу ў межах Лігі Нацыяў паміж зборнымі Беларусі і Казахстану. «Цяпер каментар даць не можам, тэлефануйце ў панядзелак», – сказаў Булацкі.
Белтэлерадыёкампанія пакуль ніяк не каментавала спынення трансляцыяў.
Раней з’яўлялася інфармацыя, што трансляцыя стала немагчымай з-за раней уведзеных Швейцарыяй санкцыяў супраць БТРК.
Алена Рувіна belsat.eu