Што цяпер можна перадаць на Акрэсціна?


Пасля выбараў прайшло амаль тры гады, але хваля рэпрэсіяў да гэтай пары не сыходзіць. Затрыманні за актывізм, каментары ў сацыяльных сетках, нелаяльнасць да рэжыму Лукашэнкі і нават па надуманых уладамі прычынах працягваюцца да гэтай пары. Спачатку – суткі, пасля – як пашчасціць.

Поза, у якой трэба стаяць падчас ранішняй праверкі ў ЦІП.
Фота: Белсат

Утрыманне ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна ў Менску таксама не моцна змянілася з часу выбараў. Затое чарговы раз паспелі змяніцца патрабаванні да «перадачак». Больш таго, іх амаль цяпер не прымаюць.

Лекі – адзінае, што дазволена перадаваць. Праўда, не на кожнай змене іх бяруць і толькі па медычнай даведцы. Паводле валанцёраў, яе можна ўзяць у паліклініцы ва ўчастковага тэрапеўта, альбо, калі атрымаецца, ад медыка, што працуе ў ЦІП. І калі з першым варыянтам не павінна ўзнікнуць праблем, то з другім, як паказала практыка, – складана. «Няма неабходнасці. Наш медык накіравання не даваў», – часта за гэтымі словамі хаваюцца звычайныя беззаконне і гвалт над людзьмі, якія не ў стане сябе абараніць унутры гэтай установы.

Спрабаваць перадаць хаця б самае неабходнае для людзей з вострай ці хранічнай хваробай варта ў любы дзень з 10-й да 17-й (лепш да 13-й) гадзіны. Нават калі на адной змене лекі не прынялі, спрабуйце гэта зрабіць у іншы дзень.

«Перадачкі» прымаюць толькі ад родных па пашпарце. Былі выпадкі, калі знаходзілі людзей з тым жа прозвішчам ці жанчыну замужам з тым жа іменем па-бацьку. Варыянт – шукаць такіх па чатах.

Лісты на ЦІП, паводле суразмоўцаў «Белсату» нікому даўно не даходзяць.

Што рабіць калі затрымалі блізкага чалавека?

Калі вам адразу стала вядома пра затрыманне і ў які РУУС завезлі чалавека, не чакайце судовага працэсу. Хутка збярыце самыя неабходныя рэчы (туалетная папера, мыла, зубная паста і шчотка, гігіенічныя пракладкі, бялізна, шкарпэткі, цёплае адзенне) і як мага хутчэй вязіце ў міліцыю. Былі выпадкі, што ў РУУСе бралі гэтыя рэчы. Іншай магчымасці ў вас не будзе.

Калі вы не ведаеце, куды забралі чалавека і што з ім цяпер, варта звярнуцца да валанцёраў, якія дадуць шмат карыснай інфармацыі і парадаў. Тэлефоны, адрасы і іншая інфармацыя тут.

Таксама адпраўце ў Тэлеграме заяўку на пошук чалавека ў бот: @spiskov_net_bot – кнопка «паведаміць пра затрыманне».

Судзяць затрыманых у судах тых жа раёнаў, у якіх адбылося затрыманне. Звычайная практыка – працэс праз скайп. Таму блізкага вам чалавека ўбачыць не атрымаецца. Але вырак вы будзеце ведаць. Па тэлефоне ці пазней у канцылярыі гэтую інфармацыю не даюць.

І, галоўнае, кантралюйце кожную сваю эмоцыю ў публічных месцах, а таксама тое, што пішыце ў чатах, нават валанцёрскіх, бо небяспека існуе і там таксама. Таму пішыце суха і толькі па справе. Памятайце, што цяпер нават эмодзі «гаўняшкі» – крымінальная справа. Беражыце сябе і сваіх блізкіх!

зона.бел
Ад «бамжатніку» да сімвалу катаванняў і злачынстваў сілавікоў: што хаваецца за сценамі Акрэсціна
2022.09.23 08:08

Марыя Голдстэйн belsat.eu

Стужка навінаў