Офіс Ціханоўскай пачаў працу з дэпутатамі Літвы, каб беларусаў і расейцаў падзялялі ў абмежаваннях


Прэзідэнт Літвы вызначыў, што нельга прымаць закон, у якім для беларусаў мякчэйшыя абмежаванні, чым для расейцаў. Дэпутаты могуць пераадолець ягонае вета – і офіс Святланы Ціханоўскай ужо працуе над тым, каб для беларусаў не ўвялі жорсткіх забаронаў праз дзеянні Аляксандра Лукашэнкі.

Крысціна Рыхтэр. Варшава, Польшча. 24 сакавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Літоўскія дэпутаты 4 красавіка прынялі законапраект, што замацоўваў фактычна дзейныя абмежаванні для беларусаў у справе візаў і легалізацыі ў Літве, але ўводзіў новыя абмежаванні для расейцаў. Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа 14 красавіка наклаў вета на законапраект, бо той уводзіў розныя абмежаванні для беларусаў і расейцаў, а на думку прэзідэнта, «няма падставаў для рознай ацэнкі грамадзянаў Беларусі і Расеі».

Дарадца Святланы Ціханоўскай у прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр кажа «Белсату»: вета значыць, што прэзідэнт абгрунтоўвае сваю пазіцыю і вяртае законапраект у Сейм на дапрацоўванне.

Гэтае вета не было нечаканым, дарадца прэзідэнта яшчэ тыдзень таму анансаваў такую пастанову. Офіс Ціханоўскай ад пачатку актыўна выступаў супраць новых абмежаванняў для беларусаў «паводле грамадзянства», а не за супрацу з рэжымам. Калі стала вядома пра планы на вета, расказвае Рыхтэр, Офіс вёў перамовы і кансультацыі з прадстаўнікамі прэзідэнцкай адміністрацыі, а цяпер ужо пачаў весці працу з дэпутатамі, якія будуць прымаць пастанову наконт праекту.

Калі больш чым палова са 141 дэпутата Сейму пастановіць пакінуць законапраект у цяперашнім выглядзе (без увядзення для беларусаў новых значных абмежаванняў), то вета прэзідэнта будзе пераадоленае – цягам трох дзён Гітанас Наўседа будзе абавязаны яго падпісаць. А калі Сейм прымаў законапраект у яго цяперашнім выглядзе, з мякчэйшымі абмежаваннямі для беларусаў, «за» галасавалі 76 дэпутатаў – больш за палову Сейму.

«Цяпер вядуцца перамовы з дэпутатамі Сейму пра тое, каб гэтая перавага галасоў захавалася – і быў прыняты законапраект у тым выглядзе, у якім ён быў прыняты ў другім чытанні», – кажа Рыхтэр.

Ці захаваецца тая бальшыня і ці будзе прыняты такі закон, што не ўводзіць новых жорсткіх абмежаванняў для беларусаў, невядома. Але Рыхтэр сыходзіць з таго, што пераадолець вета магчыма, хоць дапускае, што галасы дэпутатаў могуць змяніцца і ў лепшы, і ў горшы для беларусаў бок.

Каментар
Што будзе далей у Літве з законапраектам аб абмежаваннях для беларусаў? Літоўскі эксперт тлумачыць
2023.04.14 19:53

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў