Арыентацыя на ўсход: беларуская дрэваапрацоўка працягвае зарабляць мільёны долараў на экспарце


Хоць заходнія санкцыі даволі балюча адбіліся на дрэваапрацоўчай прамысловасці Беларусі, тым не менш, яна працягвае зарабляць на экспарце, пераарыентуючыся на ўсходнія рынкі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Віталь Гіль / 1prof.by

2023 год стаў «сапраўдным выпрабаваннем» для прадпрыемства «Беллесэкспарт».

«Гэта першы год, які галіна цалкам адпрацавала ў санкцыйных умовах. Нягледзячы на гэта, прадпрыемства змагло экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі на суму 118 мільёнаў долараў», – заявіў дырэктар прадпрыемства Леанід Дзям’янік 13 сакавіка на сустрэчы з калектывам, прысвечанай вынікам праведзенай працы.

Паводле яго слоў, аснову экспарту склала пілапрадуцыя, якая вырабляецца лясгасамі. Пры гэтым «удалося пераарыентаваць рынкі збыту ва ўсходнім напрамку і замацавацца на іх».

«Пасля разрыву стасункаў з еўрапейскімі спажыўцамі перад прадпрыемствам стаіць задача не толькі шукаць, але і ствараць новыя рынкі збыту. Гэта, у прыватнасці, тычыцца палет», – дадаў Леанід Дзям’янік.

Нагадаем, у сакавіку 2022 года Еўразвяз увёў забарону на імпарт прадукцыі дрэваапрацоўкі з Беларусі.

Hавiны
Улады паскардзіліся на балючы пошук новых рынкаў для дрэваапрацоўкі праз санкцыі
2023.03.01 16:45

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў