«Пуцін ускладаў вялікія спадзяванні». Ці паўплывала ПВК Вагнэра на ход вайны ва Украіне?


У лютым 2023-га, праз год пасля пачатку вайны ва Украіне, сузаснавальнік і ўладальнік ПВК Вагнэра Яўген Прыгожын зрабіў заяву, што больш не мае права вербаваць зняволеных. Разам з заснавальнікам праекта «Gulagu.net» Уладзімірам Асечкіным і кіраўніком фонду «Русь сидящая» Вольгай Раманавай мы вырашылі пагутарыць пра ролю гэтай ПВК ў вайне і пра тое, чаму кампаніі Прыгожына ў выніку ўсё ж вырашылі перакрыць кісларод.

Ацэньваючы ролю ПВК Вагнэра ў вайне Расеі з Украінай, Вольга Раманава выказвае думку, што Яўген Прыгожын і ягоная кампанія адыгралі вялізную ролю не столькі супраць Украіны, колькі супраць Расеі: «Гэта, вядома, такая магутная зброя супраць права, супраць паняцця аб злачынстве і пакаранні ў сукупнасці, супраць таго, каб людзі наогул разумелі адказнасць за свае ўчынкі. Я мяркую, што іх роля [ПВК Вагнэра] яшчэ не да канца ацэненая. Яна будзе яшчэ доўга-доўга адгукацца».

Заснавальнік ПВК Вагнэра Яўген Прыгожын займаецца вербаваннем зняволеных.
Фота: «Медуза» / meduza.io

Уладзімір Асечкін адзначае, што ПВК Вагнэра падлучылася да ваенных дзеянняў ва Украіне толькі ў сярэдзіне вясны 2022 года. І тое, згодна Уладзіміру, большая частка прафесійных наймітаў, якія прымалі апошнія 7-10 гадоў удзел у баях у Сірыі ды іншых краінах, прынцыпова адмовіліся ехаць ваяваць ва Украіну.

«Па-першае, таму што шмат у чым, працэнтаў на 15-20 раней, падчас спецаперацый і баявых дзеянняў у Афрыцы, у Сірыі, кампанія складалася ў тым ліку з украінцаў. У іх вельмі шмат сяброў ва Украіне. Па-другое, прафесійныя найміты ўсё ж такі выдатна разумеюць, што гэта вельмі вузкі рынак. Вайна скончыцца, а ім яшчэ працаваць і працаваць у якасці наймітаў у розных ПВК па ўсім свеце. Яны разумеюць, што ўдзел у баявых дзеяннях цяпер, у складзе цяперашняй версіі ПВК другой паловы 2022-2023 года – гэта аўтаматычна азначае апынуцца ў чорным спісе і ніколі больш не атрымаць высокааплатную працу ні ў адной ПВК, ні ў адной краіне свету. І вось цяпер яны сутыкнуліся з кадравым голадам», – кажа праваабаронца.

І тут, паводле Асечкіна, ім на дапамогу прыйшлі генералы ФСВП [Федэральная служба выканання пакаранняў] і ФСБ, якія сказалі: «У нас тут падапечных блізу мільёна». Згодна апытанням, якія праходзяць унутры папраўчых устаноў, большая частка зняволеных схільная да ўплыву прапаганды і гатовая за грошы або гарантыі вызвалення ўступаць у шэрагі ПВК. Але не варта адкідаць і тое, адзначае Уладзімір, што некаторым з іх сапраўды прамылі мазгі і ўнушылі, што ва ўсіх бедах, у тым ліку і ў іх жыцці, вінаватая Украіна.

Вольга Раманава распавядае, што мела стасункі з украінскімі вайскоўцамі, і яны казалі, што ваяры ПВК Вагнэра, сфармаванай са зняволеных, заўсёды адрозніваліся ад іншых салдат Узброеных сіл Расеі. Па-першае, яны лепш экіпаваныя, чым расейскія войскоўцы, а па-другое, «гэта людзі, якія ішлі на смерць і, увогуле, зусім не чакалі, што пасля бою выжывуць. Вельмі часта многія байцы ПВК Вагнэра ішлі проста да пачатку атакі ў поўны рост, выяўляючы цаной свайго жыцця агнявыя кропкі. І гэта, вядома, вельмі жорстка ўсё: пазасудовыя пакаранні, якія сталі нормай жыцця, звычка не забіраць целы забітых і параненых, не паведамляць сваякам аб загінулых. Увогуле такое стаўленне да людзей нават не як да гарматнага мяса, а як да расходнага матэрыялу, якіх гэта задавальняе, якія прызвычаіліся да такога стаўлення».

Паводле Уладзіміра Асечкіна, гэтая кампанія з’яўляецца дзецішчам Уладзіміра Пуціна.

«На самой справе Пуцін ускладаў на гэтую ПВК вялікія спадзяванні. Таму гэтую арганізацыю можна смела называць не ПВК Вагнэра, а ПВК Пуціна. Так як гэта, вядома ж, яго праект, яго дзецішча. Без каманды з боку Пуціна ФСБ, МУС, Мінабароны вельмі хутка б спынілі ўтварэнне любога незаконнага ўзброенага фармавання на тэрыторыі Расеі».

У лютым ён заявіў, што больш не будзе набіраць зняволеных. Гэта, на думку Асечкіна, адбылося па цэлым шэрагу фактараў: «Па-першае, Прыгожын загуляўся ў палітыку. Яго паставілі наглядчыкам за адным з сакрэтных падраздзяленняў, яго задача была забіраць з бюджэту Расейскай Федэрацыі па шэрых і чорных схемах мільярды і глядзець за справядлівым, на думку Пуціна, размеркаваннем грашовых сродкаў для наймітаў і за тым, каб усё гэта засталося ў таямніцы. Ніколі ў жыцці Пуцін не ўзгадніў бы гэты праект ПВК Вагнэра, калі б ведаў, што ў канцы гэта ператворыцца ў такую агульнасусветную ганьбу для яго і для Расеі – з кувалдай, з відавочным пачаткам міжнароднага расследавання ваенных злачынстваў супраць чалавечнасці, да якіх, вядома ж, датычны Яўген Прыгожын і ўсе па вертыкалі ўверх, хто ўвесь гэты праект ухваляў, спансіраваў і даў магчымасць яму ў цэлым адбыцца».

Труна найміта прыватнай расейскай вайсковай кампаніі «Группа Вагнера», які загінуў ва Украіне, накрытая сцягамі падчас пахавання на могілках у Санкт-Пецярбургу, Расея, 24 снежня 2022 года.
Фота: IGOR RUSSAK / Reuters / Forum

Заснавальнік «Gulagu.net» адзначае, што Прыгожын вельмі блізка сышоўся з кіраўніком Чачэніі Рамзанам Кадыравым і генералам Сяргеям Суравікіным, з якім яны былі знаёмыя і разам пачалі абстаўляць нейкія агульныя справы ў Сірыі: «У іх склаўся нейкі трыумвірат. І ў нейкі момант стала зразумела, што, заручыўшыся падтрымкай адной з вежаў Крамля, яны пачалі атаку на клан Сяргея Шайгу і сталі нападаць, публічна абражаць і зневажаць дзейных генералаў расейскага войска. Чаго, вядома ж, армія ад простага шэрагоўца да галоўнакамандуючага Расеі стрываць не змагла, і было прынята рашэнне гэта ўсё выкараніць».

Па падліках арганізацыі, цяпер каля 10-15 тысяч асуджаных яшчэ знаходзяцца ў трэніровачных лагерах і перакідваюцца на перадавую, гэта значыць той ліміт, які абраў Прыгожын, выдаткавалі яшчэ не да канца. Але пры гэтым новых набораў ужо цягам некалькіх месяцаў менавіта для Прыгожына няма.

Аднак Асечкін сцвярджае, што Крэмль не адмовіўся ад ідэі вербавання зняволеных для выканання вайсковых задач, але адбываецца гэта ўжо не ў тых «прамысловых маштабах», як пры Прыгожыне: «У Крамлі прынялі пастанову цяпер пры падтрымцы ФСБ узмацніць ролю Канстанціна Малафеева і так званага СДД – Саюза добраахвотнікаў Данбаса. Нам вядома, што прадстаўнікі Міністэрства абароны прыязджаюць у шэраг калоній і набіраюць у падраздзяленні, якія будуць прымацаваныя да Ма».

Вольга Раманава пацвярджае, што пакуль цяжка казаць, якія маштабы набыло вербаванне зняволеных Міністэрствам абароны. Але важны нюанс заключаецца ў тым, што «Прыгожын рабіў гэта з вялікім энтузіязмам, яму відавочна гэта самому вельмі падабалася, а Міністэрства абароны адбывае нумар. Ім сказалі мабілізоўваць, забіраць – яны гэта робяць і, больш за тое, у пераважнай колькасці выпадкаў робяць не самі. Яны нават не прыязджаюць і нічога не тлумачаць, а даручаюць гэта ФСВП, якія забіраюць пакуль па-ранейшаму добраахвотнікаў. Тэмп усюды розны, залежыць ад лагістыкі: дзесьці забіраюць па 15 чалавек раз на тры дні, дзесьці па 300 чалавек раз на месяц. Тэмп, вядома, ніжэйшы, чым у «Вагнэра», але ён досыць высокі. Калі «Вагнэр» за 7 месяцаў (з 1 ліпеня да 1 лютага) завербаваў амаль 50 тысяч чалавек, то цяпер, за люты, мы можам казаць пра тое, што больш за дзве тысячы забралі. Тэмп узрастае».

Пры гэтым Уладзімір Асечкін упэўнены, што ПВК Вагнэра ніяк не паўплывала на ход вайны: «Гэта прыклад таго, як можна бессэнсоўна загубіць дзясяткі тысяч чалавечых жыццяў, не дасягнуўшы зусім ніякага ваеннага эфекту, прарыву і змены сітуацыі. Гэта, вядома, гіганцкая ганьба, і наперадзе яшчэ цэлы шэраг расследаванняў, таму што будуць выкрывацца і масавыя расстрэлы, і пакаранні смерцю пры дапамозе кавадлы, і так званыя брацкія магілы, куды яны скідаюць целы загінулых вагнэраўцаў. І гэта не толькі злачынства супраць чалавецтва і чалавечнасці, ваенныя злачынствы, там яшчэ і велізарныя эканамічныя злачынствы, якія таксама будуць з часам выкрытыя. Я ўпэўнены, што не толькі ў Гаазе і Кіеве, але і ў Маскве будуць распачатыя крымінальныя справы ў дачыненні да Прыгожына, і мне нешта падказвае, што гэта адбудзецца да канца гэтага года».

Першыя паведамленні пра «группу Вагнера» з’явіліся ў 2013 годзе. Праз тры гады колькасць ПВК ацэньвалася ў 1000 чалавек. У снежні 2022 года прадстаўнік Рады нацыянальнай бяспекі ЗША Джон Кірбі заявіў, што колькасць байцоў ПВК Вагнэра ва Украіне магла дасягаць 50 тысяч чалавек, з іх каля 40 тысяч – былыя зняволеныя.

Раман Шавель / Авер belsat.eu

Стужка навінаў