«Перажытыя разам цяжкасці – не гарантыя ўмацавання шлюбу». Як беларусам ратаваць сваё каханне?


Надоечы Аліна Нагорная – беларуская актывістка, вядомая змаганнем за пашырэнне ўжывання беларускай мовы ў грамадскай прасторы, абвесціла, што яны з Ігарам Случакам – не менш вядомым «моўным інспектарам» – больш не пара. Аліна і Ігар пражылі як сям’я шмат гадоў, нарадзілі двух дзяцей, перажылі амаль дэтэктыўную гісторыю пераследу і ўцёкаў ад сілавікоў у Беларусі. А калі апынуліся ў бяспецы – разышліся. І іхная гісторыя – не адзіны такі прыклад за апошнія гады. Чаму перажытыя разам цяжкасці могуць не ўмацаваць саюз, а наадварот – разбурыць, і як ратаваць сваё каханне ў эміграцыі, распавядае псіхолаг Наталля Скібская.

Грамадскія актывісты Аліна Нагорная і Ігар Случак з дзецьмі ў Вільні, Літва. Кастрычнік 2023 года.
Фота: Белсат

«Пасля пераезду мы аддаліліся адно ад аднаго»

За апошнія ўжо амаль чатыры гады мы пачулі шмат кранальных гісторыяў кахання, пабачылі прыклады самаадданай вернасці – дзеля сваіх каханых, якія трапілі за краты, беларусы рызыкавалі ўласнай свабодай, заставаліся ў краіне, не з’язджалі, насілі перадачы ў СІЗА і калоніі, чакалі. Мы сталі сведкамі заручынаў і вяселляў у месцах зняволення, пачулі гісторыі стварэння сем’яў за мяжой, у чужой краіне. Але адначасова мы бачым, як людзі, якія, здавалася б, будуць разам заўсёды, і якія прайшлі праз процьму выпрабаванняў, разыходзяцца.

Фота
Былы палітвязень Зміцер Фурманаў пабраўся шлюбам са сваёй каханай Вольгай Каракінай
2022.07.29 19:49

Аліна Нагорная распавяла, што журналісты запрашалі яе і Ігара Случака паўдзельнічаць у праграме да Дня ўсіх закаханых, і папрасіла ўлічыць, што яны больш не разам.

«Я не хацела пісаць гэта публічна, але кожны раз, калі такое здараецца, мяне крыху падкідвае, пачуваюся няёмка, быццам хлушу. Таму ўсё ж напішу: мы больш не разам. Таму калі вы нешта кажаце/пішаце пра нас, слова «сям’я» яшчэ ок, бо гэта часткова так, а вось «муж», «жонка», «пара» – не ок, калі ласка, улічвайце гэта ў камунікацыі», – напісала актывістка.

Летась, у лістападзе, пра развод з мужам, з якім яны былі разам дзесяць гадоў, абвесціла бягуння Крысціна Ціманоўская. У 2021 годзе сужэнец лёгкаатлеткі Арсеній Зданевіч быў вымушаны ўцякаць з Беларусі пасля вядомага інцыдэнту на Алімпіядзе ў Японіі, калі Крысціна адмовілася бегчы не сваю дыстанцыю.

Крысціна Ціманоўская і Арсеній Зданевіч.
Фота: kristi_timanovskaya / Instagram

«Мы шмат прайшлі разам і, здаецца, аддалі адно аднаму ўсё, што маглі. На жаль, так здарылася, што пасля пераезду мы аддаліліся адно ад аднога, і ўсе спробы наладзіць дачыненні аказаліся марныя. Я даўно саспела да расставання, але не хапала адвагі. Пэўныя жыццёвыя моманты падштурхнулі мяне да канчатковага рашэння», – распавядае спартоўка.

Амаль адразу пасля разводу Крысціна распачала новыя дачыненні – сваё каханне яна сустрэла на адпачынку ў Грэцыі.

«Муж у Беларусі, мы з дзіцём у Польшчы, засталося толькі аформіць развод»

У 2023 годзе ажаніўся і развёўся комік Слава Камісаранка – ён не змог перажыць нібыта хлусні маладой жонкі, якая не распавяла яму, што працавала ўэбкам-мадэллю.

Яшчэ раней, у 2022 годзе развяліся паэтка Валярына Кустава і драматург Васіль Дранько-Майсюк. Усё гэта адбывалася пасля ўцёкаў Валярыны з Беларусі, пераезду ў Польшчу.

У лістападзе 2022 года разышліся спявак Сяргей Міхалок і акторка Святлана Зелянкоўская пасля сямі гадоў шлюбу і чатырнаццаці гадоў супольнага жыцця.

«Моцна змяніліся, сталі ўсё больш аддаляцца адно ад аднаго. Напэўна, паўплывалі і ковід, і палітыка», – казала тады Святлана.

Яшчэ адна пара, пра развод якой стала вядома пасля падзеяў 2020 года і эміграцыі, – актывісты, блогеры і колішнія аўтары «Рудабельскай паказухі» – Вольга і Андрэй Павукі.

Андрэй і Вольга Павукі.
Фота: lrt.lt

Разводзяцца не толькі вядомыя беларусы, але і самыя звычайныя.

«Я была вымушана ўцякаць з сынам, бо мне пагражала турма. Я баялася больш не за сябе, а што мне пагражалі сацыяльна небяспечным станам. Муж спачатку заставаўся ў Беларусі, вырашаў пытанні з закрыццём нашага невялікага бізнесу, – распавядае беларуска, якая ў 2021 годзе з’ехала ў Грузію, а потым у Польшчу. – Потым ён прыехаў да нас, калі мы ўжо былі ў Польшчы. Першыя пару месяцаў мы адаптаваліся і спрабавалі зразумець, што рабіць. А потым пачалося пекла. Муж абвінавачваў мяне, што праз мяне і мой «нікому не патрэбны» актывізм мы засталіся без нічога. Ён ставіў пад пытанне ўсё, што было ў 2020 годзе, стаў вельмі злы, раздражнёны. Ён не хацеў вучыць польскую мову, у яго не атрымлівалася знайсці працу. Ён пару разоў з’ездзіў у Беларусь, а потым сказаў мне, што вырашыў вярнуцца назусім, бо там ён ведае, чым займацца, а ў Польшчы – не. Мы не развяліся, але цяпер так і жывем – я ў Польшчы, ён у Беларусі. І мне падаецца, засталося толькі фармальна аформіць развод. Хоць я не хачу гэтага, і мне вельмі крыўдна. Але і ў турму я не хачу таксама».

«Згадваюцца старыя крыўды, абвастраюцца нявырашаныя праблемы»

Чаму так здараецца – каханне не загартоўваецца цяжкасцямі, а наадварот? Псіхолаг Наталля Скібская вылучае некалькі прычынаў, якія ўплываюць на беларускія сем’і пасля 2020 года.

Першая, і адна з самых відавочных – няўменне даваць рады стрэсу і адаптацыі да новых умоваў, ды і проста адсутнасць сілаў і энергіі на гэта. Перажыўшы стрэс пераследу, ужо ў бяспечных умовах за мяжой трэба вырашаць чарговыя пытанні – шукаць жытло, працу, уладкоўваць дзяцей у школы, вучыць мову – на стасункі вельмі часта не застаецца ні часу, ні сілаў.

«На нас уплывае нават найменшы стрэс. Напрыклад, калі мы не выспаліся ці галодныя, мы ўжо не такія, як звычайна, мы не можам столькі кантэйніраваць, лёгка ўзрушваемся, раздражняемся, – кажа экспертка. – А тут столькі стрэсу ад падзеяў навокал, ды яшчэ эміграцыя. У людзей проста не застаецца сілаў і энергіі на стасункі. Згадваюцца старыя крыўды, абвастраюцца даўнія нявырашаныя праблемы, пра тое, што раней замоўчвалася, раптам становіцца немагчыма больш маўчаць. Усё назапашанае разрастаецца як снежны ком, які ў эміграцыі пачынае рухацца».

Яшчэ адна істотная прычына, якая моцна ўплывае на беларускія пары ўцекачоў ды эмігрантаў, – разыходжанне ў сацыяльным статусе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Freepik

«У Беларусі магла быць нейкая адна сацыяльная канструкцыя – людзі жылі, зараблялі, мелі падзеленыя абавязкі, была дапамога з дзецьмі ад бацькоў, сваякоў, сваё жытло, – тлумачыць Наталля Скібская. – У эміграцыі людзі аказваюцца замкнёныя ў памяшканні, за якое яны павінны плаціць, няма дапамогі, не хапае грошай. Гэта павялічвае напружанасць у пары».

«Людзі, з якімі мы перажылі цяжкія моманты, могуць выклікаць адмоўныя пачуцці»

Сістэма фінансавых узаемаадносінаў у сям’і ў эміграцыі перабудоўваецца. Удома ў складанай сітуацыі маглі дапамагчы сваякі, сябры. За мяжою так не атрымаецца. Акрамя таго, могуць абвастрыцца ці з’явіцца праблемы залежнасцяў на тле стрэсу.

«Сацыяльны статус моцна ўплывае на нашую самаацэнку. Мужчыны, асабліва тыя, што былі пры пасадах на радзіме, упадаюць у крызіс. Жанчына можа быць у адваротнай сітуацыі – падняцца ў статусе. Тады адбываецца пераварот канструкцыі, і не кожны можа даць рады з тым, што так істотна мяняюцца дачыненні ў сям’і і сацыяльны статус, – кажа Наталля Скібская. – У эміграцыі губляецца як мінімум падмурак пад назвай «уласная краіна» і тое, на чым усё гэта трымалася, пачынае хістацца, і людзям не хапае рэсурсу, каб з усім гэтым даць рады. Гэта як калі хату змыла з фундаменту – яна можа разваліцца, і шмат у каго развальваецца».

Да разрыву могуць прывесці і ўласна перажытыя разам цяжкасці – уцёкі ад пераследу, будаванне жыцця наноў у новай краіне. І хоць вельмі папулярнае меркаванне, што найлепшыя сябры – тыя, з якімі мы прайшлі праз выпрабаванні, аднак можа быць і наадварот, зазначае нашая суразмоўца:

«Калі нам вельмі цяжка, складана, мы кепска сябе адчуваем, той чалавек, з якім мы ў гэты момант побач, атаясамліваецца з гэтымі складанымі часамі. Ён ведае мяне не ў самыя лепшыя моманты, не ў самым выгадным стане. Гэта не заўсёды так працуе, што мы прайшлі агонь, ваду і мядзяныя трубы, і цяпер назаўсёды будзем сябрамі ці мужам і жонкай. Часам адбываецца адваротнае, і людзі, якія ведаюць нас у самых складаных сітуацыях, могуць выклікаць у нас даволі адмоўныя пачуцці, і хочацца перагарнуць гэтую старонку. Асабліва, калі гэты кепскі досвед неадпрацаваны і мы не зрабілі яго сваім наратывам, калі ён нам баліць, трыгерыць нас».

Не займацца віктымблэймінгам і рабіць усё, каб захаваць кантакт

Калі сям’я хоча захавацца і плённа перажыць цяжкасці, сужэнцам трэба стварыць агульны наратыў з таго, што з імі адбылося, прапрацоўваць сітуацыі, якія яны прайшлі разам, каб у іх была агульная запісаная гісторыя, раіць Наталля Скібская.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Freepik

«Прагаварыць, запісаць для сябе – з намі гэта было, мы прайшлі праз гэтыя выпрабаванні, зрабілі нейкія высновы для сябе асабіста і для нас як пары. Але так мала хто робіць, і мала хто звяртаецца па дапамогу, каб ім дапамаглі. Людзі спраўляюцца як могуць, а часта якраз не могуць», – кажа псіхолаг.

Уменне і жаданне размаўляць адно з адным – галоўнае, што можа ўратаваць стасункі, перакананая спадарыня Наталля:

«Казаць пра свае пачуцці, свой стан, і не з пазіцыі абвінавачання. То бок, не ты дрэнны, бо мы ў такой сітуацыі апынуліся, а я адчуваю сябе няўпэўнена, я турбуюся, мне страшна. Казаць пра сябе і свае пачуцці, а не «ты недастаткова зарабляеш», «ты мяне не падтрымаў, не падтрымала».

Паводле Наталлі Скібскай, у сем’ях, якія выехалі праз пераслед, можна сутыкнуцца з сітуацыямі, калі адзін сужэнец пачынае вінаваціць іншага, што давялося ўцякаць. Такое здараецца, калі ў сям’і толькі хтосьці адзін трапіў пад пераслед, а іншыя чальцы паехалі за ім, хоць маглі застацца ў Беларусі ў адноснай бяспецы. У такой сітуацыі важна не займацца віктымблэймінгам, кажа нашая суразмоўца.

«Трэба памятаць, што мы выехалі не праз мужа ці жонку, а праз тое, што нас вымусіла сітуацыя і ўлады Беларусі, а не блізкі чалавек, – зазначае псіхолаг. – Шмат хто з’ехаў не таму, а праз тое, што было немагчыма заставацца. Была дылема: страціць волю ці з’ехаць. Калі гэта гісторыя некага аднаго з сям’і, то другой асобе трэба быць больш чуллівай, бо ахвяра і так адчувае шмат віны, крыўды і адказнасці. Такому чалавеку складана. Бо баліць і страта радзімы, немагчымасць пабачыць родных, чалавек пачуваецца нібыта ў пастцы – ён не можа вярнуцца, бо гэта рызыка, а блізкі чалавек, які мае больш свабоды, пачынае яго абвінавачваць. Гэта вельмі крыўдзіць і ўплывае на стасункі, губляецца блізкасць, любоў. Але і пра гэта трэба размаўляць, абмяркоўваць, рабіць усё, каб захаваць кантакт».

«Эміграцыя – шанец пачаць наноў»

Калі пара не можа сама даць рады, у тым ліку з камунікацыяй, трэба звяртацца па дапамогу, раіць адмыслоўца:

«Трэба ісці да псіхолага і ў ягонай прысутнасці казаць пра гэта. Мы ўмеем дапамагаць сказаць пра свае скаргі, каб не сварыцца, а пачуць адно аднаго. Размаўляць, слухаць, чуць і казаць пра сябе, што вам не пасуе, – гэта галоўнае».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Freepik

Эміграцыя – гэта складанасці і стрэс, аднак у той жа час – новыя магчымасці, шанец пачаць наноў, перарабіць тое, што ў нас не атрымалася раней, у нейкую ладную канструкцыю, каб яно лепей працавала, перакананая спадарыня Наталля:

«Перажытыя складанасці могуць умацаваць стасункі, калі людзі разам паспяхова праходзяць іх. Можна зрабіць так, каб цяжкі досвед не стаў супольнай траўмай і трыгернай тэмай. І тады перажытае ўмацуе ўзаемны давер, упэўненасць адно ў адным, любоў, паглыбіць пачуцці».

У крызісных сітуацыях трэба «паварочвацца адзін да аднаго тварамі не каб біцца, а каб прыглядацца да чалавека побач» і размаўляць.

«У эміграцыі мы бачым чалавека ў новай сітуацыі, у новых праявах, і гэта значыць, што мы можам пазнаёміцца з ім лепш, даведацца пра яго тое, чаго мы не ведалі і, магчыма, не даведаліся б у іншай сітуацыі. Таму можна даць рады, захаваць і паглыбіць стасункі, калі ў іх ёсць каштоўнасць для абодвух», – рэзюмуе псіхолаг.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў