Ціханоўская і Бэрбак паабяцалі не дапусціць, каб беларусы «зніклі за жалезнай заслонай»


Нельга мірыцца з рэпрэсіямі ў Беларусі, бо ў выніку агрэсія рэжыму выходзіць вонкі. Пра гэта заявілі ў супольным артыкуле абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская і міністарка замежных справаў Нямеччыны Аналена Бэрбак. Артыкул пад назвай «Мы працягваем моцна ціснуць на дыктатара» выйшаў 14 лютага ў нямецкім выданні «Die Welt».

Святлана Ціханоўская і Алена Бэрбак.
Фота: tsikhanouskaya.org

«Рэпрэсіі беларускага дыктатара Аляксандра Лукашэнкі супраць свайго народу ўзмацняюцца. Мы не маем права мірыцца з гэтым», – пішуць палітыкі ў пачатку публікацыі.

Яны адзначаюць, што беларусы ў 2020 годзе выйшлі за свабоду, якая з’яўляецца «падмуркам мірнай Еўропы» і якую «рэжым Аляксандра Лукашэнкі так ненавідзіць». Палітыкі падкрэслілі, што рэпрэсіі ў Беларусі робяцца ўсё больш жорсткімі.

«Дыктатура, якая так пераследуе сваіх грамадзян, у нейкі момант накіроўвае сваю агрэсію вонкі», – пішуць аўтаркі, нагадаўшы пра пасадку ў Менску самалёту «Ryanair», штучны мігранцкі крызіс на межах з Еўразвязу і ператварэнне Беларусі ў «стартавую пляцоўку» для расейскай агрэсіі супраць Украіны, хоць «гэтая вайна ў Беларусі не карыстаецца падтрыманнем».

Святлана Ціханоўская і Аналена Бэрбак падкрэслілі, што рэжым у Беларусі не з’яўляецца ахвярай Уладзіміра Пуціна, а таксама «рэпрэсіўны і агрэсіўны».

«Таму мы працягваем інтэнсіўны ціск на ўлады ў Менску. Як Еўрапейскі Звяз, які сустракае забаронай на імпарт і ўнясеннем у [санкцыйныя] спісы памагатых рэжыму: вайскоўцаў, прапагандыстаў, функцыянераў у сілавым і судовым апараце, алігархаў і фінансістаў. І як палітыкі, якія падтрымліваюць дэмакратычныя сілы ў Беларусі і ў выгнанні. Праграмамі абароны дэмакратычных сілаў і блізкіх палітвязняў, экстранай дапамогай для медыяў у выгнанні. А ў святле подлай стратэгіі ў дачыненні да пашпартоў грамадзян у выгнанні – пошукам альтэрнатыў беларускім пашпартам», – гаворыцца ў артыкуле.

Паводле абяцаюць не дапусціць, каб людзі ў Беларусі «зніклі за новай жалезнай заслонай», бо яны «належаць Еўропе». Яны не губляюць «надзею на свабодную, незалежную Беларусь».

Гэта трэці супольны артыкул Ціханоўскай з еўрапейскімі палітыкамі. 12 лістапада 2023 года выйшла публікацыя з прэм’ер-міністаркай Літвы Інгрыдай Шыманіце, а 10 снежня – з прэзідэнткай Еўрапейскага парламента Рабэртай Мэтсаляй.

Hавiны
«Словаў падтрымання недастаткова». Святлана Ціханоўская і Інгрыда Шыманіце апублікавалі супольны артыкул
2023.11.13 10:35

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў