«Няважна, кім ты працуеш у пекле». Беларусаў пасварыла эміграцыя ў Польшчу фатографкі БелТА


«Наша ніва» напісала, што ў Варшаву пераехала фатографка дзяржаўнага агенцтва БелТА, якая пасля пратэстаў прапрацавала там яшчэ два гады. У сацсетках пачалося бурнае абмеркаванне таго, ці можна колішняй супрацоўніцы прапагандысцкага медыя дазваляць жыць у ЕЗ. Барыс Гарэцкі з Беларускай асацыяцыі журналістаў, які на просьбу «Белсату» паразважаў на гэты конт, назваў дыскусію карыснаю.

Аксана Манчук.
Фота: mediacongress.ru

Паводле «Нашай нівы», Аксана Манчук у прафесіі больш за 10 гадоў, апошнім часам працавала ў агенцтве БелТА. У 2020 годзе, здымала пратэсты, яе затрымлівалі разам з журналістамі незалежных медыяў.

Манчук таксама фатаграфавала на судовых працэсах над палітвязнямі, здымкі Віктара Бабарыкі за кратамі – ейнага аўтарства, сцвярджае выданне. У артыкулах на гэтую тэму на сайце БелТА аўтар фота не пазначаны.

Hавiны
Кіберпартызаны ўзламалі сайт БелТА
2023.12.31 14:19

Для дзяржаўнага агенцтва яна рабіла здымкі ў розных жанрах і на розных падзеях: культурніцкіх, спартовых, грамадскіх, афіцыёзных. Таксама працавала на мяжы з Польшчаю, калі мігранты штурмавалі агароджу. Час ад часу атрымоўвала ўзнагароды: у 2015 годзе перамагла ў конкурсе «Беларусь–Расея. Крок у будучыню», у 2019-м на Нацыянальным конкурсе друкаваных медыяў «Залатая Літара» яе прызналі лепшай фотакарэспандэнткаю, у 2021-м ёй далі ганаровую грамату «за папулярызацыю дзейнасці БДУ».

У прапагандысцкім медыя Манчук прапрацавала да канца 2022 года і адразу пасля звальнення пераехала ў Польшчу. У Варшаве яна працягнула займацца любімай справаю і прапаноўвала фотапаслугі. Зрэшты, як пачаўся скандал, акаўнт у Instagram яна выдаліла, ейная старонка ў Facebook пустая.

Ад «спрыяла забойствам» да «не маю да яе пытанняў»

У сацсетках – вэрхал. Адныя закідаюць Манчук працу на прапагандысцкім рэсурсе пасля мірнай рэвалюцыі, упэўненыя, што памагатым рэжыму не месца ў ЕЗ. Ейную працу фатографкай параўноўваюць з рэпрэсіўнай машынай: маўляў, і міліцыянты, і пракуроры, і суддзі таксама «робяць маленькую частку справы», а ў выніку – тысячы паламаных лёсаў.

«Яна рабіла частку прапаганды, якая спрыяла забойствам. Ускосна, але спрыяла. А гэта злачынства – і маральна, і юрыдычна».

Іншыя звяртаюць увагу на тое, што невядома, чаму фатографка не звольнілася ў 2020 годзе, таму трэба ведаць усе акалічнасці, каб рабіць высновы.

«”Калі хочаш судзіць чалавека – пахадзі некалькі поўняў у ягоных макасінах” – дакладна аб гэтым выпадку. Я не маю і ўвогуле не магу мець да яе аніякіх пытанняў. А вось да тых, хто такія пытанні мае, у мяне пытанняў як раз ёсць. Лепей адчапіцеся ад Аксаны і займайцеся сваімі справамі, калі іншых няма».

Манчук сваю гісторыю пакуль не раскрывае. Яна не дае каментары, нічога не піша ў сацсетках, не адказала на просьбу «Белсату» аб размове.

«Наша ніва» са спасылкаю на знаёмцаў фатографкі паведаміла, што ў 2019 годзе ў яе скралі камеру і аб’ектывы – уласнасць БелТА, і суд абавязаў скампенсаваць страты. Таму яна была вымушаная пэўны час заставацца ў агенцтве, каб выплаціць грошы. Сума запазычанасці не называецца, але яна нібыта была вялікаю. Манчук звольнілася адразу, як разлічылася з працадаўцам.

На Нацыянальным конкурсе друкаваных медыяў «Залатая Літара» Ансану Манчук прызналі лепшай фотакарэспандэнткаю. Менск, Беларусь. 3 траўня 2019 года.
Фота: БелТА

«З мэтаў бяспекі яна не хоча каментаваць медыям якія-кольвек акалічнасці гэтай справы, а таксама падрабязнасці сваёй працы ў апошнія гады, бо ў Беларусі яе блізкія», – адзначыла неназваная крыніца.

«Спеласць нашага грамадства»

«Я дакладна не гатовы браць на сябе місію суддзі і вырашаць лёсы людзей, але мне падаецца, што для нашага грамадства добра, калі такія дыскусіі паўстаюць. Такіх дыскусіяў і такіх выпадкаў паболее», – адзначыў у каментары «Белсату» намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі.

Ён назваў натуральным, што ўзнікаюць пытанні да супрацоўнікаў дзяржаўных медыяў, чыноўнікаў, былых сілавікоў, якія эмігруюць нават хаваючыся ад рэпрэсіяў.

«Тое, што гэтае пытанне ўзнікла і дыскутуецца, паказвае спеласць нашага грамадства і тое, што мы нарэшце сур’ёзна задумаліся пра адказнасць людзей, якія спрыялі рэпрэсіям, імаверна, садзейнічалі прасоўванню нейкіх прапагандысцкіх матэрыялаў. Мне падаецца, што, дзякуючы такім дыскусіям, нашае грамадства можа з часам выпрацаваць нейкія правілы, як, напрыклад, у Польшчы і Літве, дзе люстрацыя прапісаная ў законах. У нас гэта пакуль толькі пачатак працэсу», – кажа суразмоўца «Белсату».

Бок святла і бок цемры

Гарэцкі мяркуе, што менавіта 2020 год – тая рыса, калі журналіст або чыноўнік мусіў зрабіць маральны выбар. Беларусы пры гэтым былі і застаюцца адкрытымі да людзей, якія выракліся гэтай працы і «перайшлі на бок святла»:

«Гэта вялікае пытанне для нашага грамадства – выпрацаваць нашае стаўленне да людзей, якія заставаліся працаваць на дыктатуру пасля 2020 года. Такія сітуацыі сапраўды вартыя прагаворвання. Пры гэтым не хачу, каб мы даходзілі да цкавання і абразаў».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Прадстаўнік БАЖ адзначыў, што за гэтай дыскусіяй схавалася іншая важная рэч: журналісты за кратамі.

«14 лютага 40 гадоў сустракае ў зняволенні яшчэ адна супрацоўніца дзяржаўнага медыя – Ксенія Луцкіна, якая акурат тады зрабіла смелы крок і апынулася за кратамі. Цяпер кожны з нас мусіць задаваць сабе пытанне: што я зрабіў для таго, каб Ксенія выйшла з няволі, што я зрабіў для вызвалення калегаў?» – звярнуў увагу Гарэцкі.

Дзяржаўнае медыя як канцлагер

Суразмоўца «Белсату», разважаючы пра ролю работнікаў прапагандысцкіх выданняў або сілавых органаў, сказаў, што адказнасць за працу там мусяць несці ўсе, нават тэхнічны персанал:

«Няважна, кім ты працуеш у пекле: галоўны чорт, які падсмажвае людзей, ці ты па транспарцёры падвозіш целы, ці ты вырываеш зубы. Аналогію можна пабудаваць з канцлагерамі: гэтаксама можна было сказаць, што я ўсяго толькі складаў вопратку ўжо забітых людзей. Я прыкладна так гляджу на гардэробшчыц у дзяржаўных прапагандысцкіх і сілавых органах».

Ну а пакуль правілы люстрацыі беларусамі не выпрацаваныя, вызначаць лёс тых, хто спачатку застаўся ў сістэме, а потым усё ж звольніўся і з’ехаў, мусяць спецслужбы краінаў, якія прымаюць такіх асобаў, упэўнены Гарэцкі:

«Кампетэнтныя органы кожнай краіны маюць магчымасці ўсебакова разабраць тую ці іншую сітуацыю. У іх хапае кампетэнцыяў для таго, каб разабрацца, чым асоба займаецца, чым займалася, якія ў яе цяпер меркаванні. І суверэннае права дзяржавы прыняць пастанову – дазваляць чалавеку жыць ці не».

Ён пры гэтым прызнае хібы працы спецслужбаў, калі ў Польшчы хочуць дэпартаваць беларуса Паўла Юшкевіча пасля 16 гадоў пражывання, а ў Літве спакойна працаваў былы міліцыянт Аляксандр Маціевіч, які браў удзел у рэпрэсіях.

Аксана Манчук і яе работы на выставе ў Эрмітажы. Санкт-Пецярбург, Расея. 15 красавіка 2021 года.
Фота: БелТА

У такіх выпадках застаецца надзея на працадаўцаў: «Варта дзейнічаць на ўзроўні кожнай арганізацыі: бярэш на працу – нясеш адказнасць за правяранне. У шмат якіх арганізацыях ёсць патрабаванні да бяспекі, калі беларуса бяруць у банк або ў IT-кампанію – там вялізнае правяранне на бяспеку. А агулам мусіць дзяржава за бяспекаю сачыць, яна гэта і робіць».

Паводле Гарэцкага, за мяжою «бальшыня беларускіх медыяў, дэмакратычных, праваабарончых структур пры прыёме на працу вельмі сур’ёзна правяраюць кожную асобу, асабліва калі гэтая асоба калісьці супрацоўнічала з некімі дзяржаўнымі органамі».

Споведзь

Што датычыць гісторыі Аксаны Манчук, то ёй варта даць тлумачэнні, мяркуе намеснік старшыні БАЖ. У такіх сітуацыях заўсёды дапаможа шчыры аповед, пасля якога можна развязаць праблему:

«Шчыры расказ сваёй гісторыі, хоць і непрыемны часам, і людзі не хочуць раскрываць асабістае, аднак у дадзенай сітуацыі ён адказаў бы на ўсе пытанні. Вось мая гісторыя, а далей сітуацыя ў вашых руках, у руках улады. Людзі, у каторых ёсць сур’ёзныя на цяперашні момант абвінавачванні, і знялі б іх, калі змаглі б пабачыць ейны аповед».

Гарэцкі, зрэшты, не верыць у версію, што фатографка хацела звольніцца, але не мела такой магчымасці:

«Шэраг нашых калегаў пацвярджаюць яе адэкватнасць, гучалі версіі пра неабходнасць працаваць, хаця мне вельмі цяжка ўявіць, як можна пад прымусам працаваць у дзяржаўнай агенцыі».

Аб’ектыў
Апетыты БелТА: стала вядома пра заробкі да Br 9 тыс.
2024.01.11 21:12

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў