Што калі беларускае войска выправяць ва Украіну? Спыталі Аб’яднаны пераходны кабінет


Аб’яднаны пераходны кабінет даў 14 лютага прэс-канферэнцыю на тэму вынікаў працы за паўгода існавання. «Белсат» спытаў, што Кабінет можа зрабіць, калі Беларусь проста заўтра напоўніцу ўступіць у вайну ва Украіне.

Hавiны
Вайна, палітвязні, сюрпрызы Лукашэнку. Пра што казаў Аб’яднаны пераходны кабінет на прэс-канферэнцыі
2023.02.14 19:35

Чаму мы пра гэта спыталі

Хоць украінская і заходнія выведкі не бачаць фармавання ў Беларусі ўдарных груповак, якія маглі б сур’ёзна нашкодзіць Кіеву, падставы непакоіцца ёсць.

9 дзён таму «Financial Times» пісаў, што праз 10 дзён Расея можа пачаць буйнамаштабны наступ ва Украіне.

Аляксандр Лукашэнка ўчора казаў, што «літаральна заўтра» прыйдзе час, калі дзяржавам-чальцам Арганізацыі дамовы калектыўнай бяспекі трэба будзе заняць пазіцыю па вайне ва Украіне, а «ціханька недзе адсядзецца» не атрымаецца.

Сама кіраўніца Кабінету Святлана Ціханоўская тыдзень таму заклікала беларусаў «паклапаціцца пра сябе і родных», бо імавернасць большага ўцягвання Беларусі ў вайну «абсалютна не нулявая».

Што адказаў Кабінет

Калі проста заўтра Беларусь напоўніцу ўступіць у вайну ва Украіне, калі беларускія войскі ўвядуць ва Украіну, што зробіць Кабінет? План «Перамога», харугвы, заклік да бою?

Прадстаўнік Кабінету ў пытаннях абароны і нацыянальнай бяспекі Валерый Сахашчык на гэта з усмешкай спытаў, ці не ад беларускіх сілавікоў гэтае пытанне:

«Калі мы раскажам падрабязна зараз , што мы будзем рабіць, то будзе цяжка гэта рэалізаваць».

Харугвы Паспалітага рушэння не могуць браць удзел у вайне, яны маюць іншае прызначэнне, патлумачыў Сахашчык. Але вайсковыя падраздзяленні беларусаў ва Украіне «і не толькі яны» будуць браць удзел у вайне, сказаў ён. Ды поспех супрацьдзеяння рэжыму Лукашэнкі і ягоным войскам «адваротна прапарцыйны колькасці інфармацыі аб ім», даводзіць Сахашчык: ёсць шмат рэчаў, «аб якіх трэба маўчаць або казаць няпраўду», іначай будзе праблематычна іх рэалізаваць.

А ці ўпэўненая Святлана Ціханоўская, што Кабінет агулам годна адкажа на магчымае ўвядзенне беларускіх войскаў ва Украіну? Яна адказала, што гэта задача не толькі Кабінету, а ўсіх беларусаў, у тым ліку і ў Беларусі:

«Такая праца, каб скаардынаваць нашыя дзеянні, яна вядзецца і ніколі не спынялася. І годна – гэта значыць у сілу сваіх магчымасцяў. Мы да гэтага рыхтуемся, мы не хацелі б, каб гэта здарылася, і я чамусьці ўпэўненая ў тым, што беларускія ваяры, беларускія войскі не будуць уцягнутыя ў гэтую вайну, бо яны гэтага не хочуць».

Падпісаныя на план «Перамога» атрымаюць адпаведныя інструкцыі, калі такое ўсё ж здарыцца, і грамадзянская супольнасць будзе ўключаная ў меру ейнай магчымасці, запэўніла Ціханоўская. І дадала:

«Гэта ж не тое, што калі такі загад будзе дадзены, то нашыя ваяры з полку Кастуся Каліноўскага ці Другога інтэрнацыянальнага батальёну пойдуць на Беларусь. Канешне, не. Гэта будзе супольная праца і грамадзянаў, і маці нашых ваяроў далучацца, і медыі, канешне, павінны будуць шмат працаваць, каб данесці павестку ці план па рэалізацыі супраціву гэтым дзеянням рэжыму».

Hавiны
Аб’яднаны пераходны кабінет Беларусі адсправаздачыўся за 6 месяцаў працы
2023.02.09 20:18

Прадстаўнік Кабінету ў аднаўленні правапарадку Аляксандр Азараў дадаў, што ад Лукашэнкі не чакаюць уступлення ў сухапутную аперацыю, а працуюць над тым, каб гэтага не было. З лістапада разам з Украінай працуюць у гэтым напрамку, маюць план, які раскрываць нельга. Таксама працуюць і з актывістамі ў Беларусі, якія запісаліся ў план «Перамога», рыхтуюць іх да сцэнару поўнага ўступлення Беларусі ў вайну.

«Атрымаецца нешта зрабіць, не атрымаецца, гэта невядома, – разважае Азараў. – Але мы будзем старацца, каб у нас усё атрымалася, каб Беларусь не ўступіла ў вайну».

Ён згадаў нядаўняе відэа BYPOL аб тым, што Лукашэнка ўжо падрыхтаваўся да ўступлення ў вайну, што паказалі лётныя вучэнні: адпрацоўвалі разбурэнне ўкраінскай абароны.

Прадстаўнік Кабінету ў міжнародных справах Валер Кавалеўскі расказаў, што пра такі сцэнар непасрэднага ўдзелу Беларусі ў вайне думаюць і на ягоным кірунку. Разумеюць, што многія беларусы захацелі б у такім выпадку захочуць пакінуць Беларусь. Разумеюць, што гэта створыць пагрозу незалежнасці Беларусі. Разумеюць, што тады трэба будзе пераходзіць да дзеянняў у поўным непрызнанні рэжыму Лукашэнкі і што тады Аб’яднаны пераходны кабінет мусіць стаць легітымным прадстаўніком беларускага народу.

«Зараз мы працуем над выбудоўваннем міжнароднай кааліцыі ў падтрымку незалежнасці Беларусі. Гэтая праца нам прыдасца вельмі моцна, калі падобныя падзеі будуць развівацца», – адзначыў Кавалеўскі.

Азараў пазней заўважыў, што план «Перамога» распрацоўваўся ва ўмовах, калі ніхто не мог уявіць поўнамаштабнай вайны ва Украіне. Таму цяпер план перарабляюць: адны аперацыі прыбіраюць, іншыя дадаюць. План не запусцяць пад пэўную дату, а толькі пад пэўную падзею, «калі беларусы ў краіне будуць гатовыя нешта рабіць», патлумачыў ён. Пакуль беларусы будуць проста сядзець удома, заставацца ў баку, план не запусцяць – «гэта самагубства». Але распрацаваныя «такія моманты», каб штучна дапамагчы такому ўздыму. А калі народ захоча дзейнічаць і запатрабуе план, яго дадуць.

Каментар
«Нашмат лягчэй вызваліць Беларусь, чым узяць Крым». Гутарка з аўтарам «Беларускага паходу»
2023.02.02 11:42

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў