«Мусім падтрымліваць такія тэмпы». Менск прагне ўзмацніць эканамічную залежнасць ад Расеі


Тавараабарот паміж Беларуссю і Расеяй летась дасягнуў $ 50 млрд, паведаміў пасол Беларусі ў Маскве Дзмітрый Крутой. Ён назваў лічбу рэкорднай і заявіў, што краіны мусяць і надалей падтрымліваць такія тэмпы росту ўзаемнага гандлю, перадае БелТА.

Морозы в Беларуси, зима, холод, снег, дальнобойщики, фуры
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Менская вобласць, Беларусь. 20 снежня 2021 года.
Фота: Белсат

Тавараабарот паміж Беларуссю і Расеяй дасягнуў максімуму ў сучаснай гісторыі, паведаміў амбасадар Беларусі ў Маскве Дзмітрый Крутой. Летась краіны нагандлявалі на $ 50 млрд. Пры гэтым пасол упэўнены, што мусіць быць яшчэ больш.

«Амаль год мы жывём у новых умовах, якія звязаныя з крызісам міжнароднага права і беспрэцэдэнтнымі санкцыямі, накладзенымі на эканомікі Беларусі і Расеі. Насуперак чаканням Захаду мы не рассыпаліся, прадпрыемствы не спыніліся, масавага беспрацоўя і сацыяльных хваляванняў не дапушчана. Наадварот, мы нармальна развіваемся і будуем планы на будучыню», – заявіў Крутой у Менску на паседжанні чыноўнікаў гэтак званай Саюзнай дзяржавы.

Гэты і наступны год стануць пэўным выпрабаваннем на трываласць для краінаў, заявіў пасол, «ці здолеем мы і надалей падтрымліваць такія высокія тэмпы нашых гандлёва-таварных дачыненняў». «Адзіная эканамічная прастора будзе дасягнутая, калі кожнае міністэрства і ведамства дзвюх краінаў у штодзённым рэжыме паспяхова выканае мерапрыемствы 28 саюзных праграмаў», – цытуе Крутога БелТА.

Ён адзначыў, што «саюзныя праграмы» паглыблення інтэграцыі рэалізаваныя на 71 %.

Эканамісты раней папярэджвалі пра небяспеку вялікай залежнасці ад адной краіны, пры гэтым на Расею прыпадаюць амаль 60 % беларускага экспарту.

Hавiны
Беларусь павялічыла залежнасць ад расейскага рынку насуперак планам уладаў
2022.11.23 12:49

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў