ЦВК прызнаў, што спісы чальцоў участковых выбарчых камісіяў засакрэцілі. Гэта незаконна


Пакуль некалькі чалавек, якія называюць сябе чальцамі выбарчых камісіяў, запісваюць відэа пра тое, што «яны не баяцца», Цэнтральная выбарчая камісія засакрэціла спісы ўчастковых камісіяў «у мэтах бяспекі».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Выбарчы ўчастак у Першамайскім раёне Віцебску падчас прэзідэнцкіх выбараў. 5 жніўня 2020 года. Твары чальцоў камісіяў схаваныя ў мэтах бяспекі.
Фота: Белсат

Артыкул 34 Выбарчага кодэксу Беларусі ў перадапошнім абзацы патрабуе публікаваць імёны ўсіх чальцоў выбарчых камісіяў. Але гэтага ў Беларусі цяпер вырашылі не рабіць: напрыклад, у Магілёве апублікавалі толькі адрасы камісіяў у «рэферэндуме», але не назвалі імёны чальцоў камісіяў і нават нумары тэлефонаў камісіяў (што таксама абавязаныя паводле закону).

Чытачка «Белсату» Любоў Кавальчук раней звярнула ўвагу на парушэнне іншага артыкулу Выбарчага кодэксу: у раёне «Маяк Менску» стварылі незаконна «перанаселены» выбарчы ўчастак. Цяпер яна пацікавілася тым, як даведацца імёны чальцоў сваёй участковай камісіі, а пра вынікі расказала «Белсату».

Hавiны
Генпракуратура сфармавала працоўную групу для нагляду за «правільнай хадой народнага галасавання»
2022.02.14 12:26

Раней у Першамайскай раённай камісіі Любові Кавальчук не здолелі адказаць, дзе шукаць «апублікаваныя ў друку» спісы чальцоў участковых выбарчых камісіяў. Яна звярнулася на «гарачую лінію» ЦВК.

Спачатку ў ЦВК ёй параілі звяртацца ва ўчастковую камісію па тэлефоне. Яна запярэчыла: а калі здыме прыбіральшчыца і прадставіцца чальцом камісіі? У ЦВК адказалі: тады прыходзьце асабіста. Але Кавальчук перапытала: і як тады даведацца. што чалавек, які назваўся чальцом камісіі, сапраўды такім з’яўляецца?

На «гарачай лініі» пацвердзілі, што 34-ы артыкул Выбарчага кодэксу не скасоўвалі. І папрасілі пачакаць на лініі.

Hавiны
Першы ў памяшканне будзе заходзіць міліцыянт. Міністр МУС Кубракоў распавёў, як пройдзе «рэферэндум»
2022.02.11 15:46

Пасля трох хвілінаў адказалі:

«У мэтах бяспекі чальцоў выбарчых камісіяў прынятае рашэнне не публікаваць іхныя персанальныя звесткі».

У ЦВК спаслаліся на тое, што раней чальцам камісіяў «паступалі пагрозы» (паводле ініцыятывы «Честные люди», прынамсі ў вядомых ім лістах былі не пагрозы, а заклікі выконваць законы і справядліва лічыць галасы).

На пытанне аб тым, як прынялі такое рашэнне, у ЦВК адказалі: «калегіяльна». Якія менавіта органы прынялі «калегіяльнае» рашэнне, не сказалі: толькі заявілі, што рашэнне прымалася «дзяржаўнымі органамі».

Выбарчы кодэкс прымаўся Палатай прадстаўнікоў, быў ухвалены Саветам Рэспублікі і быў падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам. Змены ў Кодэкс мусяць уносіцца адпаведнымі законамі, але пра закон, які мяняў бы артыкул 34, не паведамлялася, а «калегіяльна» ЦВК мае права хіба даваць тлумачэнні законаў і кодэксаў або прасіць заканадаўцаў мяняць законы, але не мяняць іх самастойна.

Артыкулы
«Назіраць могуць усе». Як будзе арганізавана незалежнае назіранне на «рэферэндуме»?
2022.01.29 08:00

Артыкул 13 Выбарчага кодэксу абавязвае ладзіць падрыхтоўку рэферэндумаў і выбараў адкрыта і галосна, а мясцовыя органы ўлады і адпаведныя камісіі абавязвае інфармаваць грамадзянаў аб сваёй працы, у тым ліку аб утварэнні выбарчых акругаў. Парушэнні заканадаўства аб выбарах могуць карацца паводле арт. 10.9 КаАП РБ штрафам да 15 базавых велічыняў (480 рублёў на момант публікацыі). Падлог дакументаў пры падрыхтоўцы выбараў і рэферэндумаў караюцца паводле арт. 192 КК РБ штрафам, пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады, папраўчымі працамі на тэрмін да 2 гадоў, абмежаваннем або пазбаўленнем волі на тэрмін да 5 гадоў.

АА belsat.eu

Стужка навінаў