Работы па будаўніцтве трэцяй лініі метро ў напрамку Зялёнага Луга плануюць пачаць у 2022 годзе, паведаміў старшыня Менскага гарадскога выканаўчага камітэту Уладзімір Кухараў у эфіры дзяржаўнага тэлебачання.
«Ужо ў гэтым годзе мы плануем пачаць тунэльныя працы на другой частцы трэцяй лініі – гэта ў бок Зялёнага Луга, плошчы Бангалор. Ужо праектныя работы даюць магчымасць выйсці там на пляцоўку. Калі мы не будзем займацца метро, то выдаткі будуць нашмат горшыя», – распавёў Кухараў.
Таксама Уладзімір Кухараў выказаўся наконт стварэння пешаходнага цэнтру горада:
«Пэўная частка жыхароў высоўвала гэтыя прапановы, мы іх вельмі старанна прааналізавалі. Але цудоўна разумеем, што гэта можа даставіць і сур’ёзныя нязручнасці жыхарам Менску. Таму нам трэба знаходзіць такія шляхі і рашэнні, якія будуць зручныя для ўсіх. У першым паўгоддзі мы плануем завяршыць працу па першым транспартным кольцы, замкнем кольца, выйдзем на вул. Талстога. Я думаю, што гэта дазволіць значна зменшыць нагрузку транспартную на цэнтральную частку горада».
Трэцюю ветку менскага метро пачалі будаваць у 2014 годзе. Яна звяжа мікрараёны «Зялёны Луг» і «Курасоўшчына».
АД, belsat.eu