Апублікаваны зварот Андрэя Дзмітрыева, які ён падрыхтаваў на выпадак арышту


У сваім відэазвароце экс-кандыдат у прэзідэнты, лідар кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў заклікае сваіх прыхільнікаў абʼядноўвацца, «прасоўваць нашыя каштоўнасці» і падтрымліваць палітвязняў. Нагадаем, палітыка затрымалі 11 студзеня.

Відэа было запісана ў 2022 годзе «на ўсялякі выпадак», як тлумачыць у звароце сам Дзмітрыеў.

«Што б не адбылося са мной, я абсалютна ўпэўнены ў кожным з вас. Вы павінны ведаць, што ўсё, што мы робім, усё, што робіце вы для таго, каб казаць праўду і абʼядноўвацца аднадумцам, для таго, каб захоўваць чалавечыя каштоўнасці, – гэта не дарэмна.

Гэта важна, трэба і гэта ўсё роўна крокі да перамогі. Ужо не проста да перамогі перамен у Беларусі. Да перамогі чалавечага над нечалавечым», – падкрэслівае ён.

Дзмітрыеў кажа, што «варта працягвацца», нягледзячы на ўсе падзеі. Ён заклікаў падтрымліваць палітвязняў, абʼядноўвацца і «прасоўваць нашыя каштоўнасці».

«Што б са мной не адбылося…Я хачу сказаць, што я ў вас, у нас, у нашую справу вельмі моцна веру. І верыў усе гэтыя гады», – адзначыў палітык.

Андрэй Дзмітрыеў быў затрыманы 11 студзеня 2023 году. Яго вінавацяць ва ўдзеле ў мірных акцыях пратэсту 2020 году. Таксама Следчы камітэт яму ставіць у віну тое, што ён часта ездзіў за мяжу і мае здымак з былой дзяржаўнай сакратаркай ЗША Гілары Клінтан. «Наяўнасць кантактаў у Дзмітрыева з прадстаўнікамі Захаду і ЗША можа сведчыць аб каардынацыі ягонай «палітычнай» дзейнасці з-за мяжы», – заяўляюць у ведамстве.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў