news
Агляд
Красамоўца з Беластоку, абаронца беларусаў. Хто ён, маршалак польскага сейму Шыман Галоўня?
Ягоны дзед – з Гарадзеншчыны
14.12.202307:09

Шыман Галоўня – адная з самых пазнавальных і яркіх постацяў у сучаснай польскай палітыцы. Ён напісаў каля 20 кніжак, ледзь не стаў дамініканскім манахам, надзелены дарам красамоўнасці і мае жонку, якая лётае на знішчальніку «Міг-29». Чалавек, вельмі блізкі да беларусаў – ва ўсіх сэнсах. Хто ён, маршалак Сейму Польшчы 10-га склікання?

Шыман Галоўня на паслявыбарчым з’ездзе партыі «Polska 2050» у Варшаве. 9 снежня 2023 года.
Фота: PIOTR WELK / Forum

«А што, хлопец з Беластоку не можа быць прэзідэнтам Польшчы?» – пытаўся Шыман Галоўня (Szymon Hołownia) на адной з сустрэчаў перад польскімі прэзідэнцкімі выбарамі ў 2020 годзе.

Хлопец з Беластоку

Тады яму было 43 гады. На тых выбарах нарадзінец Беластоку не перамог, быў на фінішу трэцім, здабыў 13,87 % галасоў. Але ўжо тады стала зразумела, што ў Польшчы з’явіўся моцны і яскравы палітык. Ягоныя прамовы заварожваюць. І ў іх ён ніколі не хаваў свайго падляскага паходжання. А часам – рабіў на ім акцэнт.

«Я з Беластоку, і гэта мяне ў дужай ступені сфармавала. Паяднаная разнастайнасць… у нас на Падляшшы ёсць штодзённасцю. Таксама, як беражлівае стаўленне да прыроды, што так шчодра нас абдарыла, і разуменне неабходнасці бяспекі, уласцівае людзям, якія жывуць на памежжы», – прызнаваўся Шыман Галоўня.

Спалучэнне «паяднаная разнастайнасць» было на выбарах у 2020 годзе адным з галоўных лозунгаў праграмы Галоўні.

Ён выступаў за свабоду і падтрыманне прадпрымальнікаў, за зялёную эканоміку, за роўнасць мацярок і бацькаў у сямʼі, заклікаў да кампрамісу ў пытаннях абортаў, да шчыльнай супрацы з Еўразвязам з улікам інтарэсаў Польшчы. Але ўсцяж нагадваў, што Польшча не можа павярнуцца спінаю да ўсходніх суседзяў, бо не знойдзе спакою без вольнай і дэмакратычнай Беларусі і самастойнай Украіны.

Дзед з Гарадзеншчыны

Казаў пра гэта як хлопец з Беластоку, хоць на той момант там даўно ўжо не жыў.

«Беласток мае два козыры, што вынікаюць з яго гісторыі і геаграфічнага становішча. Ён заўжды быў для мяне і будзе акном, адкрытым на Усход. З самага дзяцінства я адчуваў, што жыву ў свайго кшталту браме. Беласток шукае цяпер сваё месца на Захадзе, але не ўцячэ – і не мусіць уцякаць – ад свайго Усходу. Захад і Усход мусяць у ім сустракацца…» – казаў Шыман Галоўня.

Шыман Галоўня ў Сейме Польшчы. 12 снежня 2023 года, Варшава.
Фота: GRZEGORZ KRZYZEWSKI / FotoNews / Forum

Называў Беласток «памежным катлом», у якім варацца палякі, беларусы, украінцы, чачэнцы і студэнты з усіх куткоў свету. Паяднаная разнастайнасць.

У адным з інтэрвʼю ў 2020 годзе Шыман Галоўня апавядаў, што ягоныя бацькі нарадзіліся ў Беластоку (бацька ў 1990-ыя быў віцэ-прэзідэнтам Беластоку), але бабулі і дзядулі – прыбышы: апынуліся ў Беластоку пасля Другой сусветнай вайны. Бабуля Гэля (з мамінага боку) нарадзілася ў Вільні. А дзед Вацлаў (з боку айца) паходзіў з памежных тэрыторыяў Гарадзеншчыны. Яго Галоўня называе геніяльным прадпрымальнікам.

Салідарны з Беларуссю

У 2020 годзе палітык стварыў рух «Polska 2050», які праз два гады вырас у палітычную партыю. Галоўня заяўляў, што хоча будаваць Польшчу дэмакратычную, зялёную, разнастайную, салідарную і гаспадарлівую, змяняць краіну на пакаленні, а не на адзін выбарчы тэрмін. Глядзеў і глядзіць далёка наперад.

У жніўні таго ж 2020-га, яшчэ перад так званымі прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі, Шыман Галоўня выказаў салідарнасць з беларускім народам і заявіў пра падтрыманне тых, хто трапіў за краты і спазнаў катаванні.

У звароце да беларусаў напярэдадні выбараў зазначаў, што каштоўнасці, за якія змагаецца беларускі народ: чалавечая годнасць, свабода і правы чалавека – фундаментальна важныя і для палякаў.

«Мы разам з вамі. Падтрымліваем вашыя дзеянні. Вашая свабода – гэта і нашая справа», – звяртаўся да беларусаў Галоўня і заклікаў сваіх суайчыннікаў да ўдзелу ў акцыях салідарнасці ў Беластоку, што ладзіла «Polska 2050».

9 жніўня 2020 года ён заклікаў «трымаць кулакі за Беларусь».

Выступаў за санкцыі супраць Лукашэнкі

Пасля жорсткай расправы лукашэнкаўскага рэжыму над мірнымі пратэстоўцамі ў Беларусі Галоўня казаў пра неабходнасць распрацоўвання ў справе Беларусі спецыяльнай праграмы, што прадугледжвала б гуманітарнае адкрыццё межаў, падтрыманне беларусаў у Польшчы, дафінансаванне свабодных медыяў і стварэнне стыпендыяльных праграмаў для студэнтаў.

Падчас міграцыйнага крызісу, справакаванага Аляксандрам Лукашэнкам на беларуска-польскай мяжы, Шыман Галоўня выказваўся за тэрміновыя і «вельмі канкрэтныя санкцыі» супраць лукашэнкаўскага рэжыму з боку Еўразвязу.

А калі тагачасны ўрад пастанавіў адмежавацца ад Беларусі плотам, выказаў песімізм.

«Хіба ўсталяванне загароды на мяжы – добра ідэя? Сам плот – гэта толькі збудаванне. Калі збудуем вышэйшы мур – Лукашэнка проста купіць сабе даўжэйшую лесвіцу», – казаў тады Шыман Галоўня.

Замест сценаў і платоў прапаноўваў наладжваць на мяжы гуманітарную інфраструктуру, якая дазволіла б кіраваць патокам мігрантаў, якія трапяць на польскі бок.

Шыман Галоўня ўвесь час бараніў і бароніць беларусаў у Польшчы, у тым ліку беларускіх палітыкаў у эміграцыі. Заступіўся, напрыклад, за Святлану Ціханоўскую, калі напярэдадні ейнага візіту ў Варшаву летам 2021 года колішні віцэ-маршалак сейму Рышард Тэрлецкі ў сваім допісе ў сацыяльных сетках прапанаваў ёй «шукаць падтрымання ў Маскве». Шыман Галоўня тады публічна назваў той допіс «нягодным і нізкім» і заклікаў Тэрлецкага пайсці ў адстаўку.

Без універсітэцкага дыплома, але «адзін з самых разумных людзей»

Шыман Галоўня з 18 гадоў не жыве ў Беластоку, але на парламенцкіх выбарах 2023 года ў Беластоцкай выбарчай акрузе здабыў амаль 80 тысячаў галасоў выбарцаў і быў абраны дэпутатам Сейму. На сёлетніх выбарах ягоная партыя «Polska 2050» выступіла ў кааліцыі з Польскай народнай партыяй (Polskie Stronnictwo Ludowe). Кааліцыя называлася «Трэцяя дарога».

13 лістапада Галоўня быў абраны маршалкам Сейму Польшчы 10-га склікання большасцю дэмакратычнай кааліцыі.

Маршалак Шыман Галоўня і прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск размаўляюць у польскім Сейме. 12 снежня 2023 года. Варшава.
Фота: Jacek Szydlowski / Forum

У біяграфіі маршалка, апублікаванай на афіцыйным сайце Сейму, гаворыцца, што да таго, як прыйсці ў палітыку, Шыман Галоўня быў журналістам, публіцыстам, пісьменнікам, тэлевядоўцам і грамадскім дзеячам. У 1997–2019 гадах публікаваўся ў польскіх выданнях «Gazeta Wyborcza», «Rzeczpospolita», «Newsweek Polska», «Wprost», «Tygodnik Powszechny» ды іншых.

Шмат гадоў быў вядоўцам папулярнай тэлепраграмы «Маю талент». У 2006 і 2007 гадах атрымліваў журналісцкую прэмію «Grand Press» ды іншыя ўзнагароды.

Пры гэтым палітычныя апаненты Галоўні закідаюць яму, што ён хавае інфармацыю пра сваю адукацыю. Пасля такіх папрокаў на дэпутацкай старонцы Галоўні ў рубрыцы «адукацыя» зʼявіўся запіс: «сярэдняя агульная».

Агляд
Быў «непажаданым» у Беларусі і прадказваў паразу Лукашэнкі ў вайне з народам. Дональд Туск – тройчы прэм’ер Польшчы
2023.12.12 20:35

Шыман Галоўня сапраўды не мае дыплому аб вышэйшай адукацыі, хоць пяць гадоў вывучаў псіхалогію ва ўніверсітэце сацыяльных і гуманітарных навук у Варшаве. Але так і не скончыў яго. Адсутнасць дыплому не перашкодзіла яму дамагчыся поспехаў у журналістыцы і зрабіць палітычную карʼеру, вяршыня якой, магчыма, яшчэ наперадзе.

«Гэта адзін з найбольш разумных людзей, якіх я ведаю. Думаю, няма чаго саромецца, бо людзі цяпер не ацэньваюцца ў кантэксце іхнае адукацыі», – казаў пра Галоўню ягоны паплечнік з партыі «Polska 2050» Міхал Граматыка.

Ледзь не стаў манахам. І гэта – двойчы

Яшчэ адзін цікавы факт: Шыман Галоўня двойчы рабіўся паслушнікам Дамініканскага ордэну. Але манахам так і не стаў. Як прызнаваўся ў інтэрвʼю, першы раз пайшоў адтуль праз праблемы са здароўем, другім разам проста зразумеў, што манаства – не ягоны лёс.

Шыман Галоўня на прэс-канферэнцыі 13 лістапада 2023 года, Варшава.
Фота: Jacek Szydlowski / Forum

Застаецца, тым не менш, актыўным вернікам, каталіком. Стасункам з рэлігіяй і Богам прысвяціў некалькі кніжак. Напрыклад, «Касцёл для карыстальнікаў сярэдняга ўзроўню» («Kościół dla średnio zaawansowanych», 2004), «Бог. Жыццё і творчасць» («Bóg. Życie i twórczość», 2010), «Бог, грошы і рок-н-рол» («Bóg, kasa i rock’n’roll», 2011).

Увогуле, Шыман Галоўня напісаў ужо каля 20 кніжак. Апошняя называецца «Фабрыка заўтрашняга дня» («Fabryka jutra», 2020).

Дзве дачкі і жонка на знішчальніку

Слова «фабрыка» ключавое таксама ў назве дабрачыннага фонду, заснаванага Шыманам Галоўнем. Называецца «Добрая фабрыка». Ён жа – заснавальнік фонду «Kasisi». Гэтыя арганізацыі дапамагаюць тысячам людзей у Афрыцы, Азіі і Еўропе, у прыватнасці, фінансуюць дзейнасць дзіцячага дому ў Замбіі, цэнтру для галодных у Конга, сельскагаспадарчага кааператыву ў Буркіна-Фасо.

Галоўня быў таксама амбасадарам мэтаў устойлівага развіцця ААН. Ён прызнаваўся, што з усіх узнагародаў, атрыманых ім, найбольш ганарыцца ганаровым знакам «За заслугі ў абароне правоў дзіцяці», атрыманым у 2016 годзе ад упаўнаважанага ў справе правоў дзіцяці.

І самае галоўнае. Шыман Галоўня мае дзвюх дачок – маленькіх Эльжбэту і Марыю, а ягоная жонка і матуля дзяўчатак Уршуля Бжэзіньска-Галоўня – пілотка знішчальніка «Міг-29» і афіцэрка Паветраных сілаў Польшчы. Паяднаная разнастайнасць – гэта і пра сямʼю палітыка.

Агляд
Прапаноўваў Лукашэнку ўгоду, узяў шэфства над Ціханоўскім. Радослаў Сікорскі вярнуўся ў МЗС Польшчы
2023.12.13 15:03

Зміцер Міраш belsat.eu