Улады захацелі браць грошы за медычныя паслугі з беларусаў, якія стала жывуць за мяжою


Улады захацелі абмежаваць доступ беларусаў, якія стала жывуць за мяжою, да бясплатнай медыцыны. Гаворка пра планавую дапамогу. Першы намеснік міністра аховы здароўя Алена Краткова ў эфіры дзяржаўнага тэлебачання заявіла, што «пытанне ўжо прапрацоўваецца».

Чарга ў паліклініцы Берасця, Беларусь. 31 студзеня 2022 года.
Фота: Белсат

Улады выступілі супраць бясплатнай медыцыны для беларусаў, што «не бяруць удзелу ў падаткаабкладанні». Найперш гэта «дармаеды» і тыя, хто стала жыве за мяжою ды прыязджае на радзіму па медычныя паслугі. Напрыклад, падлячыць зубы, прайсці прафілактычны агляд і нейкія даследаванні.

Першы намеснік міністра аховы здароўя Алена Краткова паведаміла, што чыноўнікі ўжо вырашаюць, якія віды медычных паслуг зрабіць платнымі. Яна пагадзілася з заклікам вядоўцы СТВ «закрыць гэтую лавачку».

«Прапрацоўваецца пытанне доступу медычных установаў да базы звестак асобаў, якія не бяруць удзелу ў працоўным працэсе, скажам так. Тыя віды дапамогі, якія планавыя. Але экстранная дапамога ў любой сітуацыі будзе надавацца бясплатна. А вось што датычыць стаматалагічных паслуг, планавай шпіталізацыі, на маё гледзішча, – гэта цалкам так», – сказала намесніца міністра.

Краткова паскардзілася, што бясплатнаю медыцынаю карыстаюцца тыя, хто падаткаў у Беларусі не плаціць, хаця дзяржава выдаткоўвае багата грошай на ахову здароўя.

Раней улады павысілі тарыфы на камунальныя паслугі для беларусаў, якія маюць ва ўласнасці нерухомасць і зʼехалі з краіны больш як на 30 дзён. Выключэнне зрабілі толькі для тых, хто вучыцца ці працуе ў краінах ЕАЭС: Расеі, Казахстане, Арменіі ды Кыргызстане.

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў