Расея абвінаваціла Украіну ў бамбаванні Бранскай вобласці


У горадзе Клінцы і мястэчку Клімава Бранскай вобласці адбыліся выбухі на вайсковых аб’ектах, піша выданне «Новости Брянска». Губернатар пацвердзіў атаку на Клінцы ды абвінаваціў у гэтым Украіну.

Выбух у Клінцах. Бранская вобласць, Расея. 13 снежня 2022 года.
Фота: сацсеткі

Уначы ў Бранскай вобласці, што мяжуе з Беларуссю і Украінай, адбыліся выбухі. У Клінцах атакавалі, праўдападобна, вайсковую частку. Мясцовыя жыхары сведчаць: «выбухі былі настолькі моцныя, што пабудзілі ўвесь горад».

Губернатар Аляксандр Багамаз сцвярджае, што ракету, якую запусцілі ЗСУ, збіла расейская паветраная абарона, а абломкі ўпалі на тэрыторыю прамысловай зоны, пацярпелых і разбурэнняў няма.

Тым часам у Telegram-каналах зʼявілася відэа з месца здарэння. На кадрах відаць варонка і вайсковая тэхніка побач. Жанчына, якая зняла відэа, сказала, што пашкоджанні атрымаў будынак казармы.

Пры гэтым губернатар ніяк не пракаментаваў выбухаў у Клімаве. Там месціцца вайсковая частка і аэрадром. «Новости Брянска» паведамляюць, што спачатку там пачаўся пажар, а ўжо потым нешта выбухнула.

Клінцы – за 60 кіламетраў ад украінскай мяжы і за 40 кіламетраў ад беларускай. Клімава – бліжэй: 10 кіламетраў да найбліжэйшага пункту на ўкраінска-расейскай мяжы і 35 кіламетраў да Беларусі.

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў