«Хочуць, каб ІП як клас цалкам пакінуў рынак». Якія бюджэт і падаткі чакаюць беларусаў у 2023 годзе


Улады Беларусі зацвярджаюць праект рэспубліканскагу бюджэту на 2023 год. У прыватнасці прадугледжваюць вялікую суму бязвыплатных паступленняў ад іншых краінаў, а выдаткі на абарону вырастуць у 1,5 разу. Што хаваецца за гэтай інфармацыяй і што яшчэ плануецца на наступны год у каментары «Белсату» распавяла старэйшая навуковая працаўніца даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузгіна.

Даведка

Паводле законапраекту, даходы рэспубліканскага бюджэту на 2023 год складуць Br 33,4 млрд. У параўнанні з паступленнямі сёлета яны павялічацца на 24,6 %, або на Br 6,6 млрд. 67,1 % з гэтай сумы, або Br 22,4 млрд прыпадае на падатковыя даходы. А ўжо з іх найбольшую вагу (60 %, або Br 13,5 млрд) займае падатак на дададзеную вартасць, закладзены амаль у кожным тавары і паслузе. Таксама сюды ўваходзяць Br 3,7 млрд даходаў ад вонкаваэканамічнай дзейнасці, Br 2,2 млрд акцызаў і Br 1,7 млрд з падатку на прыбытак. Непадатковыя даходы мусяць скласці Br 3,7 млрд.

Падаткі растуць, ІП выміраюць

Як адзначыла Настасся Лузгіна, бюджэт на 2023 год сфармаваны ўжо з улікам падатковых зменаў, якія таксама запланаваныя на наступны год. Гэтак, адбудзецца індэксацыя ставак зямельнага падатку, падаходнага падатку з фізічных асобаў, адменяць ільготу для выплаты экалагічнага падатку, захаваюць на ўзроўні 13 % стаўку падаходнага падатку для рэзідэнтаў Парку высокіх тэхналогіяў і парку «Вялікі камень», вырасце падатак на ўладальнікаў сабакаў, падатак на кватэру, павялічаць стаўку падатку на прыбытак для юрыдычных асобаў з 18 % да 20 % і падаходнага падатку з даходаў індывідуальных прадпрымальнікаў з 16 % да 20 %. Таксама для ІП цалкам прыбіраюць спрошчаную сістэму падаткаабкладання. Зменіцца і памер інвестыцыйнага выліку.

Для аператараў мабільнай сувязі, мікрафінансавых арганізацыяў, ПВТ захаваюць стаўку падатку на прыбытак памерам 30 %, уведзеная падчас пандэміі. А ў мясцовых дэпутатаў застаецца права ўводзіць збор за перасячэнне дзяржаўнай мяжы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Vyacheslav Prokofyev / TASS / Forum

Апроч таго, са сферы адзінага падатку для ІП выкрасляць пэўныя віды дзейнасці, стаўкі адзінага падатку для іх вырастуць у 1,5–3 разы і ў 1,5–2,5 разу для самазанятых. Таксама з’явіцца падатак на прафесійны даход самазанятых памерам 10 % і вырастуць стаўкі збору для аграэкасядзібаў і рамеснай дзейнасці.

На думку Настассі Лузгіной, згаданыя змены індывідуальным прадпрымальнікам карысці не прынясуць:

«Хочуць, каб ІП як клас цалкам пакінуў рынак. Каб ІП абралі нейкія іншыя формы вядзення бізнесу. Гэта або самазанятыя, або адкрыццё арганізацыі як юрыдычная асоба».

Але, паводле эканамісткі, абодва гэтыя варыянты накладваюць пэўныя абмежаванні на прадпрымальнікаў. Яна не выключае, што частка ІП, якія ў тым ліку маюць наёмных работнікаў, у выніку можа зусім пайсці з бізнесу. А гэта ў сваю чаргу павысіць напружанасць на рынку працы:

«Такія трансфармацыі калі і праводзіць, то пажадана ў той перыяд, калі эканоміка добра пачуваецца. Калі эканоміка ў рэцэсіі, такія трансфармацыі ніякім чынам не адлюстроўваюцца станоўча на выніках далейшага эканамічнага развіцця і дабрабыту людзей».

Тым не менш, нягледзячы на ўсе павышэнні, падатковыя даходы бюджэту запланаваныя ніжэйшыя, чымся ў 2022 годзе: Br 22,4 супраць Br 22,7 млрд. Гэтак, паступленні ад акцызаў чакаюцца ніжэйшыя на Br 1  млрд, а даходы ад вонкаваэканамічнай дзейнасці – на Br 850 млн, у асноўным за кошт страт ад вывазнога мыта. А вось план штрафаў павялічылі з Br 132 да Br 189 млн.

Што за Br 5 млрд?

Акрамя таго, улады хочуць атрымаць у бюджэт Br 7,3 млрд бязвыплатных паступленняў, у тым ліку Br 5,43 млрд ад замежных краінаў. Гэта ў шэсць разоў больш, чымся быў план на 2023 год. Выдаткаваць гэтыя грошы збіраюцца на фінансаванне дэфіцыту бюджэту.

«За кошт якіх крыніцаў і якія дзяржавы нам бязвыплатна перададуць такую суму? Хутчэй за ўсё, ад Расеі. Але чаму бясплатна? Гэта таксама выклікае пытанні», – адзначыла суразмоўца.

Настасся падкрэсліла, што за кошт падатковага манеўру ад Расеі Беларусь можа атрымаць каля $ 800 млн, але гэта толькі частка «бязвыплатных паступленняў».

Улічвае бюджэт і складанасці прыцягнення вонкавых рэсурсаў, што адлюстравалася ў павелічэнні ўнутранага доўгу і скарачэнні вонкавага:

«Плануюць, што налета ўнутраны дзяржаўны доўг вырасце на Br 6,4 млрд. Гэта прыкладна $ 2,3 млрд. А вонкавы дзяржаўны доўг плануецца, наадварот, скараціць на $ 2,3 млрд. Гэта кажа пра тое, што ўлады плануюць больш фінансаваць бюджэт не за кошт нейкіх вонкавых крыніцаў. А ўсё-такі спадзяюцца, што гэта будзе магчымым дзякуючы ўнутранаму рынку», – адзначыла эканамістка.

Армія vs адукацыя

Што датычыць выдаткаў рэспубліканскага бюджэту, то ў 2023 годзе яны павінны скласці Br 36,5 млрд, што на 9,9 % больш за чаканыя ў 2022-м. Сам бюджэт у выніку атрымаецца дэфіцытным – Br 3,2 млрд.

Пры гэтым у плане выдаткаў сацыяльны блок прыкметна саступае сілавому. Напрыклад, на ахову здароўя і адукацыю прырост складзе каля 12 %, а на абарону – 53 %, на сілавікоў (міліцыю, КДБ, памежнікаў) і суды – 29 %. У абсалютных лічбах выдаткі на абарону вырастуць на Br 1 млрд, на сілавыя структуры і суды – амаль на Br 900 млн.

Городская поликлиника № 8 в Минске
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Настасся Лузгіна адзначыла, што запланаваныя выдаткі на ахову здароўя фактычна пакрыюць інфляцыю, «рэальны прырост магчымы пры ўмове, што інфляцыю ўдасца ўтрымаць у межах 8 %». Пры гэтым эканамістка заклікала ўлічваць, што значная частка выдаткаў на адукацыю і ахову здароўя ідзе не з рэспубліканскага, а мясцовых бюджэтаў. І ў такім выпадку выдаткі на іх растуць больш істотна: на 19 % на ахову здароўя і 29 % на адукацыю.

«То бок вялікія сумы туды ўсё адно ідуць», – распавяла эканамістка.

Вырастуць у 2023 годзе таксама выдаткі на падтрыманне эканомікі (у асноўным дзяржаўнага сектару) з Br 3,8 млрд да Br 4,7 млрд. Пры гэтым выдаткі на ЖКГ скароцяцца з Br 96 млн да толькі Br 6,7 млн.

У Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, які выплочвае пенсіі ды сацыяльныя дапамогі, спатрэбіцца больш уліванняў з рэспубліканскага бюджэту, чымся сёлета: Br 1,9 млрд супраць планаваных Br 1,7 млрд у 2022 годзе. А ў рэзервовы фонд прэзідэнта збіраюцца скіраваць Br 664 млн. Гэта менш, чымся Br 1,1 млрд у 2021 годзе, але больш як Br 244 млн у 2020-м.

Ці заплаціць Беларусь па крэдытах?

У 2023 годзе беларускаму ўраду трэба будзе заплаціць за вонкавы дзяржаўны доўг больш як Br 12 млрд. Гэта, верагодна, разам з $ 890 млн за крэдыт Міжнароднага банку рэканструкцыі і развіцця ды $ 800 млн па еўрааблігацыях. Па крэдытах іншых краінаў і крэдытораў у 2023 годзе трэба будзе выплаціць Br 5,8 млрд, па ўнутраным дзяржаўным доўгу – яшчэ Br 2,6 млрд.

Яшчэ каля $ 4 млрд з бюджэту пойдуць на выплаты за абслугоўванне доўгу, унутранага і вонкавага.

Як адзначыў міністр фінансаў Юрый Селіверстаў, выплачваць замежны доўг плануюць у беларускіх і расейскіх рублях, кітайскіх юанях. Калі будуць адмененыя санкцыі, то магчымыя і выплаты ў еўрах ды доларах, сказаў ён.

Белорусские банки, деньги, Беларусбанк
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Настасся Лузгіна мяркуе, што сітуацыя, калі Беларусь, насуперак кантрактам пастанаўляе плаціць рублямі за вонкавыя крэдыты ў доларах і еўрах, з аднаго боку станоўча ўплывае на золатавалютныя рэзервы, бо расходуюцца беларускія рублі, якія крэдыторы яшчэ не хочуць браць.

«Але з другога боку гэта яшчэ больш пагаршае беларускія рэйтынгі як патэнцыйнага пазычальніка. І вельмі абмежаваная колькасць краінаў у такім выпадку пажадае ў будучыні пазычаць грошы Беларусі, усведамляючы, што ў любы момант краіна самастойна мяняе валюту плацяжу, прычым на ўласную», – падкрэсліла эканамістка.

Агулам, адзначыла экспертка, гэтае пытанне больш палітычнае, чымся эканамічнае.

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў