Украінскі эксперт: Украіна адчыняць памежныя пункты не збіраецца


Гомельскі тэлеграм-канал «Флагшток» знайшоў на сэрвісе дзяржаўных закупаў дакумент пра абслугоўванне тэхнічных прыладаў на зачыненых памежных пераходах «Новая Гута» і «Новая Рудня», пасля чаго пайшлі чуткі, што памежныя пераходы могуць у хуткім часе адчыніць. Кіраўнік украінскага Цэнтру беларускіх камунікацыяў Максім Пляшко такія чуткі зняпраўджвае і тлумачыць у жывым эфіры «Белсату», чаму на сёння гэта немагчыма.

Цалкам размову глядзіце тут:

Паводле Максіма Пляшка, гэтыя дакументы маглі з’явіцца толькі з прычыны асвойвання бюджэту беларускімі чыноўнікамі, бо ўкраінскі бок адчыняць памежныя пункты не збіраецца, а тэрыторыі побач замінаваныя:

«Гэта, магчыма, адбудзецца толькі пасля таго, як беларускі народ, добраахвотнікі знясуць рэжым Лукашэнкі і ў Беларусі будзе новая Беларусь, якую вельмі чакае Украіна».

Эксперт зняпраўджвае і магчымасць таемных кантактаў паміж афіцыйным Менскам і афіцыйным Кіевам, бо рэжым Лукашэнкі разглядаецца Украінаю толькі як суагрэсар.

«Трэба разумець, што магчымасць узнаўлення… Вось такую думку, што вайна скончыцца і будзе бізнес з Лукашэнкам ва Украіне, я не магу прыняць, што такое нават магчыма. Пасля той крыві, пасля тых ракетаў, пасля тых удараў, пасля ўсяго, што Украіна перажыла ад рэжыму Лукашэнкі, нават калі нехта з чыноўнікаў нешта захоча ва Украіне рабіць, то ўкраінскі народ гэтага проста не прыме. А ў нас усё ідзе знізу, усё ідзе ад народу», – тлумачыць сітуацыю Пляшко і дадае, што цяпер грошы не галоўнае для ўкраінцаў.

Таксама ўкраінскі эксперт падкрэслівае: раней Украіна ставіла сабе задачу мінімалізаваць пагрозу з боку сваёй паўночнай мяжы і выканала яе цалкам – Беларусь ужо не нясе такой пагрозы, як гэта было раней, рэжыму гэта проста нявыгадна.

Паводле суразмоўцы, шмат якія эксперты ва Украіне лічаць неабходным наладжваць кантакты з беларускімі дэмакратычнымі сіламі, грамадствам:

«Мы ўжо пасябравалі і з беларускімі экспертамі, і з добраахвотнікамі, мы прасоўваем тую думку, што Украіна мае працаваць з беларускім грамадствам і апазіцыяй. Нават адзін з маіх калегаў, Яўген Магда, выставіў тэзіс, што Украіна мусіць мець спецыяльнага прадстаўніка ў пытаннях Беларусі, бо сапраўды шэраг пытанняў, як вы кажаце. Нават да тых беларусаў, якія жывуць ва Украіне, бо ва Украіне ёсць захады бяспекі. А па-другое, ёсць грамадзянскія правы беларусаў, якія там жывуць, і там існуе мноства пытанняў».

Здымак вокладкі: zn.ua

Марыя Голдстэйн belsat.eu

Стужка навінаў