«BELPOL»: У Віктара Бабарыкі праблемы са здароўем – збоі ў працы сэрца


Арганізацыя былых сілавікоў «BELPOL» атрымала ад сваіх крыніцаў актуальную інфармацыю пра абстаноўку ў Наваполацкай папраўчай калоніі № 1, у прыватнасці – пра стан палітычных вязняў Віктара Бабарыкі ды Ігара Лосіка.

Віктар Бабарыка.
Фота: viktar_babaryka / Instagram

Віктар Бабарыка па-ранейшаму ізаляваны ад іншых вязняў і ўтрымліваецца ў памяшканні камернага тыпу, мае праблемы са здароўем – збоі ў працы сэрца. Сталі вядомыя дэталі адносна збіцця Бабарыкі ўначы 25 красавіка 2023 года, у выніку чаго палітыка змясцілі ў шпіталь. Патэнцыйнаму кандыдату на пост прэзідэнта Беларусі нанеслі сур’ёзныя цялесныя пашкоджанні асобы, якія не маюць дачынення да персаналу калоніі ды адмыслова прыязджалі дзеля «прафілактычнай размовы».

Ігара Лосіка трымаюць у інфармацыйным вакууме. І да Ігара, і да Віктара Бабарыкі не пускаюць адвакатаў, ім не даюць спатканняў з роднымі і не перадаюць карэспандэнцыі.

Hавiны
Улады выставілі на аўкцыён калекцыю гадзіннікаў Віктара Бабарыкі
2023.08.14 00:29

Таксама стала вядома, як Ігар Лосік трапіў у ПКТ. Адміністрацыя калоніі ўчыніла ў дачыненні вязня правакацыю – прымушала прыбіраць санвузел, што азначае набыццё «нізкага сацыяльнага статусу». У знак пратэсту Ігар наўпрост у санвузле атраду парэзаў сабе шыю, але цяжкіх пашкоджанняў не атрымаў. За адмову палітычнага вязня змясцілі ў ПКТ, аднак утрымліваюць яго там не аднаго, а разам з іншымі вязнямі, якія за ім назіраюць.

Прадстаўнікі «BELPOL» даведаліся і пра асаблівасці працы вязняў у ПК № 1. Дрэваапрацоўчы цэх калоніі перавялі на кругладзённы трохзменны рэжым працы з адным выходным на тыдзень. Раней ён працаваў у дзве змены. Стала вядома, што ў цэху вырабляюць драўляную тару для артылерыйскіх боепрыпасаў.

У ліпені сёлета ў прамысловай зоне ПК № 1 павесіўся вязень, асуджаны на доўгі тэрмін за забойства. На момант суіцыду ён быў за кратамі 12 гадоў.

Надоечы Альянс расследавальнікаў Беларусі (АРБ) заўважыў, што ў раскладзе Вярхоўнага Суда Беларусі з’явілася пасяджэнне ў справе Віктара Бабарыкі. Працэс пачнецца 19 кастрычніка. Гаворка можа быць пра ўмоўна датэрміновае вызваленне для асуджаных, якія адбылі 2/3 тэрміну, замену неадбытай часткі пакарання больш мяккім, перавод з адной калоніі ў іншую, замену пакарання больш строгім у выпадку зацятага ўхілення ад яго адбыцця, зазначаюць у АРБ.

Віктару Бабарыку выставілі абвінавачанне ў атрыманні хабару арганізаванаю групай у асабліва буйным памеры, «а таксама ў легалізацыі (адмыванні) сродкаў, атрыманых злачынным шляхам у асабліва буйным памеры». 6 ліпеня 2021 года Вярхоўны Суд пакараў палітычнага вязня  14 гадамі калоніі ўзмоцненага рэжыму са штрафам 5000 базавых велічыняў. 26 красавіка 2023 года з’явілася інфармацыя пра шпіталізацыю палітыка з калоніі ў наваполацкі шпіталь са слядамі збіцця і пнеўматораксам. З таго часу ад яго не было ніякіх звестак.

Hавiны
Вярхоўны Суд прызначыў яшчэ адзін працэс у «справе Бабарыкі». Што гэта можа значыць
2023.10.11 22:51

Ігара Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 года. 14 снежня 2021-га яму вынеслі прысуд – 15 гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму паводле ч. 1 арт. 293 КК («Арганізацыя масавых закалотаў») і ч. 3 арт. 130 КК РБ («Распальванне варожасці»).

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў