«Змена сурʼёзная». Былы амбасадар Польшчы ў Беларусі распавёў, што значыць ягоная новая пасада


Артур Міхальскі быў прызначаны надзвычайным і паўнамоцным амбасадарам Польшчы ў Беларусі ў траўні 2018 года. У кастрычніку 2020 года Беларусь пакінулі амбасадары Польшчы і Літвы – спачатку казалі, што толькі для кансультацыяў (на просьбу ўладаў Беларусі), але так і не вярнуліся. Спадар Міхальскі заставаўся на пасадзе да 31 жніўня 2023 года, але працаваў з Польшчы. 11 верасня стала вядома, што Артур Міхальскі прызначаны адмысловым прадстаўніком МЗС Польшчы ў справах супрацы з дэмакратычнымі сіламі Беларусі.

Гэта старая праца пад новай назвай – ці цяпер спадар Міхальскі мае новыя паўнамоцтвы? Ён адказвае «Белсату»: з фармальнага гледзішча гэта – сур’ёзная змена. Ён амаль два гады быў «амбасадарам на кансультацыях у Польшчы», цяпер прыйшоў час скончыць гэтую місію. Але ў пэўным сэнсе новая пасада, кажа ён, ёсць працягам ранейшых справаў і намаганняў.

«Як вядома, я заўсёды меў блізкія адносіны з беларускім дэмакратычным асяроддзем, і ў такім практычным сэнсе, думаю, буду далей рабіць тое, што рабіў дагэтуль», – разважае Артур Міхальскі.

Дэмакратычныя сілы Беларусі, кажа ён, зрабіліся ўжо «сталым элементам палітычнага пейзажу» і іх трэба ўспрымаць як палітычнага суб’екта, вартага павагі, падтрымання адносінаў, супрацы і дапамогі ў розных справах.

Беларуская дыяспара ў Польшчы, адзначае ён, вельмі вялікая. Спадар Міхальскі спадзяецца, што беларусы знаходзяць у Польшчы прыязны дом, але разумее, што адносна дыяспары з’яўляецца шмат выклікаў, часта няпростых. Таму трэба дапамагаць у пераадоленні цяжкасцяў, дыяпазон магчымых дзеяў тут шырокі.

«Найважней – блізка супрацоўнічаць з тымі, у каго ў сэрцы вольная, незалежная Беларусь», – рэзюмаваў Артур Міхальскі.

У інтарэсах не толькі беларусаў, але і Польшчы, і Еўропы тое, каб беларусы маглі быць гаспадарамі ў сваёй краіне, а Беларусь была дэмакратычнай, незалежнай і суверэннай краінай, падкрэсліў ён.

***

Цяпер не толькі Польшча не мае амбасадара ў Беларусі: на ўзроўні часовых павераных працуюць прадстаўнікі Балгарыі, Грузіі, Злучаных Штатаў, Ізраілю, Катару, Малдовы, Нямеччыны, Румыніі, Сербіі, Славаччыны, Узбекістану, Украіны, Францыі, Чэхіі, Швецыі, Эстоніі і Еўразвязу. На 30 амбасадараў – 18 часовых павераных.

Істотнае адрозненне часовага паверанага ад амбасадара ў тым, што для іхнай прысутнасці не патрэбныя даверчыя лісты для ўладаў краіны, якая іх прымае, а далёка не ўсе краіны хочуць падаваць даверчыя лісты Аляксандру Лукашэнку або прымаць такія лісты ад ягоных прадстаўнікоў.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў