Вайсковы эксперт зняпраўдзіў дастаўку ядравай зброі ў Беларусь чыгункаю


«Суполка чыгуначнікаў Беларусі» паведаміла, што кампаненты ядравай зброі вязуць з Расеі ў нашую краіну чыгункаю і што цягнікі з небяспечным грузам прыбываюць на станцыі «Прудок» каля Віцебску, «Баранавічы-Палескія» і «Лунінец». Вайсковы эксперт на ўмовах ананімнасці заявіў «Белсату», што для такога транспартавання пасуе найперш авіяцыя, і растлумачыў чаму.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Ядравая зброя.
Фота: mil.ru

Як сцвярджае «Суполка чыгуначнікаў Беларусі», кампаненты ядравай зброі вязуць у нашую краіну з элементамі канспірацыі: падчас руху мяняюць нумары і індэксы цягнікоў, а таксама станцыі прыбыцця. Спецгруз ужо нібыта даставілі на станцыю «Прудок» пад Віцебскам, а таксама ў Баранавічы і Лунінец.

Вайсковы эксперт у размове з «Белсатам» адзначыў, што чыгункаю сапраўды могуць вазіць комплексы «Іскандэр», якія прызначаныя для выкарыстання і ядравых і звычайных снарадаў, аднак самі боепрыпасы дастаўляюць авіяцыяй:

«Гэтае ўзбраенне вельмі маленькіх габарытаў, цяпер ядравыя боепрыпасы вельмі маленькіх памераў. Таму найбольшая імавернасць, што транспартаванне будзе ажыццяўляцца вайскова-транспартавай авіяцыяй Расеі. Мяркую, чыгуначны маршрут трэба выкрасліць адразу».

Паводле аналітыка, самы лагічны шлях – самалётамі на беларускія аэрадромы, «адкуль пад аховаю, пад сховамі ночы» зброю могуць вывезці ў сховішчы. А перавозка чыгункаю «невыгодная з пункту гледжання маскавання».

Суразмоўца «Белсату» мяркуе, што для захоўвання ядравых боепрыпасаў вызначана і падрыхтавана 5–8 сховішчаў:

«Яны ў цэнтральных рэгіёнах нашай краіны, бліжэй да мяжы з Расеяй, каб іх нельга было паразіць ракетамі, што маюцца на ўзбраенні Украіны ды Польшчы, – «Точка-У», «HIMARS», «Storm Shadow».

Аналітыка
Краху няма, але «саспявае нядобрае» (для РФ). Тлумачым, чаго дасягнулі ЗСУ ў контрнаступе
2023.09.11 19:28

Замежнай выведцы будзе складана вылічыць сапраўднае месца захоўвання, бо працуе маскаванне, выкарыстоўваюцца муляжы, нейкае перасоўванне ладзяць у той час, калі «варожыя» спадарожнікі не пралятаюць над Беларуссю.

«Самы надзейны спосаб – агентурная выведка, калі агент пехатою наблізіцца і перадасць каардынаты. Такая сітуацыя магчымая, але будуць рабіцца надзвычайныя захады аховы і абароны. Гэта вельмі каштоўная, сакрэтная зброя, што можа мець вырашальную ролю ў вайне, таму і захады будуць адпаведныя», – заўважыў эксперт.

Ён мяркуе, што ядравая зброя ўжо ў Беларусі. Спрацавала «інфармацыйнае маскаванне».

«Завозяць заўсёды раней, а працягваюць казаць, што яшчэ не завезлі. Вось як амерыканцы робяць з пастаўкамі свайго ўзбраення ва Украіну. Там Джо Байдэн нібыта яшчэ не пастанавіў, вось нібыта Кангрэс нешта там абмяркоўвае, а насамрэч ужо ўсё завезена», – падсумаваў суразмоўца «Белсату».

Аналітыка
Што адбываецца з ПВК Вагнэра ў Беларусі пасля гібелі Прыгожына?
2023.09.06 08:00

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў