Уладальнік «Амкадора» зарабляе грошы на абыходзе санкцыяў пад выглядам імпартазамяшчэння


Кашалёк Лукашэнкі і ўладальнік холдынгу «Амкадор» Аляксандр Шакуцін зарабляе дзякуючы санкцыям ЕЗ і ЗША і заваёўвае пры гэтым расейскі рынак, з якога сышлі замежныя кампаніі. Аб гэтым гаворыцца ў новым расследаванні Беларускага расследавальніцкага цэнтра.

Аляксандр Шакуцін дэманструе тэхніку Аляксандру Лукашэнку.
Фота: Беларускі расследавальніцкі цэнтр

«Амкадор» заваёўвае расейскі рынак пад выглядам імпартазамяшчэння і выдае канчатковы прадукт за беларускі, але пры гэтым выкарыстоўвае дэталі, на пастаўку якіх былі накладзеныя санкцыі. Пры гэтым сам Шакуцін, вядомы цеснымі сувязямі з Аляксандрам Лукашэнкам, таксама знаходзіцца пад санкцыямі Еўразвязу.

У расейскіх рэгіёнах працуюць або будуюцца пяць заводаў, якія ўваходзяць у холдынг «Амкадор». Дырэктары гэтых заводаў у асноўным беларусы. Усе гэтыя прадпрыемствы займаюцца вытворчасцю сельскагаспадарчай, камунальнай і дарожна-будаўнічай тэхнікі і атрымліваюць дзяржпадтрымку ў Расеі: працуюць на ільготных умовах крэдытавання або атрымання зямлі, уваходзяць у асаблівыя эканамічныя зоны. Таксама падтрымліваецца холдынг і беларускімі ўладамі. Так, у лістападзе 2022 года было падпісана пагадненне паміж Беларуссю і Расеяй аб вылучэнні Беларусі 105 мільярдаў расейскіх рублёў (гэта каля 1,5 мільярда долараў) на праекты па імпартазамяшчэнні на тэрыторыі нашай краіны, сярод іх – і праекты «Амкадора».

Расследавальнікі прыводзяць факты таго, як «Амкадор» выкарыстоўвае ў сваёй прадукцыі дэталі заходніх кампаній. Так, на заводзе «Амкадор-Анега» ў расейскім Петразаводску збіраецца тэхніка, частка камплектуючых у якой – заходняга паходжання. Так, кажуць расследавальнікі, «з 13 гатовых і прадстаўленых да продажу лесанарыхтоўчых машын у 12 выкарыстоўваюцца імпартныя кампаненты. Вытворца большасці ключавых элементаў – фінская Kesla».

Пасля ўварвання Расеі ва Украіну кампанія Kesla адмяніла пастаўкі дэталяў на «Амкадор-Анега» на суму 10 мільёнаў еўра. Пазней з’явілася таксама і забарона ЕЗ на продаж дэталяў краіне-агрэсару. Тым не менш расследавальнікі сцвярджаюць, што «Амкадор-Анега» ўсё яшчэ прапануе новую тэхніку з фінскімі дэталямі, у тым ліку забароненымі для ўвозу ў Расею.

Акрамя таго, супрацоўнікі Беларускага расследавальніцкага цэнтра пасля вывучэння фінансавай справаздачнасці фінскага вытворцы прыйшлі да высновы, што пасля адмены паставак агульная колькасць заказаў за год у «Амкадора» зменшылася амаль на адну траціну, але на продажы гэта не паўплывала – яны нават выраслі.

Каб даведацца, ці можна на сённяшні дзень замовіць тэхніку з санкцыйнымі дэталямі, расследавальнікі дазваніліся на прадпрыемства. І ў размове прадстаўнік дыстрыбутара не толькі пагадзіўся прыняць заказ на некалькі машын з фінскімі дэталямі, але і «гарантаваў сэрвіснае абслугоўванне на працягу двух гадоў пасля куплі, у тым ліку з заменай імпартаваных кампанентаў».

Яшчэ адным таварам, які выкарыстоўваецца пры вытворчасці тэхнікі «Амкадор», з’яўляюцца рухавікі. Нягледзячы на тое, што іх экспарт у Беларусь забаронены ў чэрвені 2022 года, а ў Расею – у сакавіку 2023 года, расследавальнікі знайшлі ў прадукцыі «Амкадора» рухавікі нямецкай кампаніі Deutz, брытанскай Perkins і італьянскай Iveco, а таксама забароненыя да паставак маніпулятары славенскай фірмы Tajfun Liv.

Расследавальнікі сцвярджаюць, што ў бізнес Шакуціна ўцягнутая ўся ягоная сям’я. Ягонай жонцы Марыі належыць 10% кампаніі «Амкадор-Цэнтр», у 2022 годзе яна зарабіла 485 тысячаў еўра. Палова гэтай сумы прыпадае на дзяржкантракты. Сыну Шакуціна належыць кампанія «Амкадор-Бел», зарэгістраваная ў Татарстане, яна прынесла ў 2022 годзе больш за 200 тысячаў еўра чыстага прыбытку.

Hавiны
Еўразвяз не здыме санкцыяў з Шакуціна
2023.06.07 13:55

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў