Бацька Брытні Спірс адмовіўся ад апекі над 39-гадовай спявачкай


Фанаты даўно падазравалі, што апека, якая трывала ад 2008 года, не нясе карысці Брытні Спірс. У чэрвені 2021-га яна папрасіла суд спыніць апеку і заявіла аб прымусовай працы, шкодным «лекаванні» і шматлікіх забаронах.

Брытні Спірс на «Apple Music Festival». Лондан, Вялікая Брытанія. 27 верасня 2016 года.
Фота: Drew de F Fawkes / Flickr, CC BY 2.0

Джэймс Спірс, бацька амерыканскай поп-спявачкі Брытні Спірс, пагадзіўся скласці абавязкі апекуна («conservator») сваёй 39-гадовай дачкі, піша TMZ са спасылкай на судовыя дакументы. Заявы Брытні аб прымусовай працы і іншых прымусах бацька адрынае.

Ягоны адвакат заявіў, што для гэтага няма законных падставаў і што «вельмі спрэчна, ці будзе змена апекуна ў гэты час у інтарэсах місіс Спірс».

Пры тым, паводле адваката, бацька мяркуе, што «публічнае змаганне з дачкой» не будзе «ў яе інтарэсах», таму гатовы супрацоўнічаць з судом дзеля перадачы дачкі новаму апекуну, а таксама што «містар Спірс заўсёды будзе бацькам місіс Спірс, заўсёды будзе безумоўна любіць яе».

Адвакат Брытні заявіў TMZ, што задаволены, але не здзіўлены рашэннем бацькі спявачкі, але расчараваны «працяглымі ганебнымі і асуджальнымі надпадкамі» бацькі і ягоных юрыстаў на Брытні. Ён па-ранейшаму чакае расследавання адносна 13 гадоў апякунства і вінаваціць бацьку ў паразітаванні на дачцэ і яе багацці.

Брытні Спірс на шоў у Лас-Вегасе, ЗША. 30 снежня 2013 года.
Фота: Alberto Ramirez / Flickr, CC BY 2.0

Як нагадвае «Variety», сама Брытні Спірс не толькі прасіла суд скасаваць апякунства бацькі, але і казала, што хоча, каб бацька трапіў за краты за злоўжыванне апякунствам.

У 2008 годзе тое апякунства прызначылі паводле рашэння суду пасля таго, як спявачка трапіла ў лякарню праз злоўжыванне алкаголем і наркотыкамі. Гэтае апякунства дазваляла бацьку кантраляваць жыццё і фінансы дачкі. Брытні Спірс у 2021 годзе заявіла, што бацька прымушаў яе працаваць, даваў моцныя лекі, забараняў мець дзяцей.

Пры тым Брытні Спірс працягвала запісваць песні, выступаць і зарабляць грошы, якімі не магла самастойна распараджацца. За час апякунства выйшлі чатыры альбомы Брытні Спірс, яна правяла чатыры буйныя туры на розных кантынентах.

АА belsat.eu

Стужка навінаў