У ізалятары на Акрэсціна памёр зняволены


У пачатку гэтага лета ў ЦІПе на Акрэсціна памёр вязень, піша «Новы Час» са спасылкай на інфармацыю ад чытачоў. Афіцыйная прычына смерці невядомая, аднак, паводле крыніц, да трагедыі прывялі ўмовы ўтрымання ў ізалятары і асаблівасці аказання медычнай дапамогі.

ЦІП на Акрэсціна, Менск.
Фота: the-village.me

Чытач «Новага Часу», які распавёў пра смерць зняволенага, сам прайшоў праз Акрэсціна ў чэрвені гэтага года. Затрымалі яго за пратэсты 2020 года. Ён сцвярджае, што падчас ягонай адсідкі наўпрост у камеры памёр арыштаваны па адміністратыўным артыкуле.

Паводле чытача, калі ён трапіў у камеру ЦІП, чалавек, які пазней памёр, там ужо знаходзіўся.

«Яго звалі Андрэй Макарэвіч – запомніў, таму што ён аказаўся цёзкай па імені і прозвішчы знакамітага музыкі. Па словах хлопцаў, ён быў нармальным мужыком, калі прыйшоў у камеру. А потым ён неяк аслабеў», – паведаміў чытач «Новаму Часу».

У мужчыны атрымалася крыху пагутарыць з вязнем перад тым, як таму стала кепска.

«Ён быў чалавекам негаманлівым, заўсёды сядзеў у куце, па большай частцы ў камеры спаў, але мне ўдалося з ім трохі пагутарыць. Першапачаткова яго ўзялі за дробны крадзеж – скраў ён пачак пяльменяў і ці то хлеб, ці то малако. Нешта такое, каб проста паесці. Працаваў ён ці мебельшчыкам, ці то абутак рабіў – нейкая простая праца ў яго была. Ён казаў, што працуе, але грошы скончыліся, і давялося яму скрасці ежы».

Падчас допыту ў тэлефоне мужчыны знайшлі «нейкія рэпосты», і ён у выніку сядзеў разам з «палітычнымі», распавядае чытач «Новага Часу».

Па словах сукамерніка, Андрэй Макарэвіч час ад часу прасіў у медперсаналу Акрэсціна інгалятары, бо ён быў астматыкам. Іх яму выдавалі не заўсёды:

«Там на змене ёсць тры жанчыны. Адна – такі божы дзьмухавец, другая, калі яе пра нешта просіш, то яна альбо выдае, альбо не. І трэцяя – кшталту «пайшлі ўсе лесам, не дурыце галавы, вам не належыць». І ў адзін цудоўны дзень, калі ў яго скончыўся інгалятар, яна, гэтая трэцяя, інгалятар яму не дала – пакінула лекі ў аховы, і сказала яму кожны раз выклікаць ахоўніка, каб удыхнуць».

У выніку Андрэй содні правёў без інгалятара:

«Днём ён яшчэ сядзеў нармальна, адкашліваўся, і гэтак далей. А ноччу хрыпеў так, што ўся «хата» заснуць не магла».

На наступны дзень, калі прыйшла іншая медычная змена, інгалятар мужчыне ўсё ж аддалі.

«Потым да нас перавялі лекара. Ён яго паслухаў… Усе ведалі, што Андрэю станавілася горш. У адну ноч мы прачнуліся, як быццам СПА пачало працаваць, там не тое што храп, а нешта незразумелае было. Лекар дамогся для яго нейкіх таблетак, якія яму накшталт, дапамагалі. Мы нават некалькі разоў прапаноўвалі Андрэю выклікаць «хуткую», каб яго забралі з ІЧУ, але ён адмаўляўся, – распавядае сукамернік памерлага. – У яго і так самаадчуванне было так сабе, а ў нас яшчэ быў жудасны скразняк у камеры, і ў нейкі момант мы ўсёй камерай – усе, хто ў ёй быў – захварэлі. І яму пачало станавіцца горш».

А потым ноччу ў нядзелю суразмоўца «Новага Часу» прачнуўся ад крыкаў сукамернікаў «званіце ў кнопку». Аказалася, што Андрэй устаў, схадзіў у прыбіральню, пайшоў мыць рукі, і проста ля ракавіны ўпаў.

Лекар ізалятару спрабаваў уратаваць мужчыну, але не здолеў.

«Выклікалі «хуткую», яна прыехала амаль імгненна, хвіліны праз тры пасля выкліку. Але адкачаць Андрэя не ўдалося», – распавёў сукамернік памерлага.

Пацверджання гэтай інфармацыі з іншых крыніцаў няма. Афіцыйных каментароў наконт здарэння таксама няма.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў