Што віленскі саміт NATO азначае для Беларусі


Тэма Беларусі на саміце NATO ў Вільні хоць і заставалася на перыферыі, але ўсё-ткі прысутнічала больш выразна, чым на мінулых форумах Альянсу. Ці паўплываюць пастановы саміту на Беларусь і як цяпер успрымаюць нашую краіну ў Паўночнаатлантычным альянсе?

Святлана Ціханоўская падчас дадатковай сустрэчы, прысвечанай Беларусі, падчас cаміту NATO ў Вільні, Літва. 11 ліпеня 2023 года.
Фота: Светлана Тихановская / Telegram

Падвышаная ўвага і страта суб’ектнасці

На саміце ў Вільні пра Беларусь казалі пераважна ў кантэксце той пагрозы, якую яна цяпер нясе для суседзяў. У выніковай дэкларацыі канстатуецца, што Беларусь працягвае даваць сваю тэрыторыю і інфраструктуру для расейскай агрэсіі супраць Украіны. Альянс заклікае гэта спыніць. Асобна быў зроблены акцэнт на паглыбленні вайсковай інтэграцыі РФ і Беларусі – маецца на ўвазе магчымае размяшчэнне тактычнай ядравай зброі і ПВК Вагнэра. Альянс лічыць, што гэта будзе мець наступствы для рэгіянальнай стабільнасці і бяспекі. Праўда, пакуль ні вагнэраўцаў, ні ядравай зброі ў Беларусі NATO яшчэ не заўважыла, аднак мае намер пільна сачыць за развіццём падзеяў.

«Мы заклікаем Беларусь спыніць зламысныя дзеі супраць сваіх суседзяў, пільнаваць правы чалавека і асноўныя свабоды і выконваць міжнароднае права», – падкрэсліваецца ў камюніке.

Агулам у галоўным дакуменце форуму Беларусь згадваецца сем разоў у трох разных пунктах. Гэта нязвыкла шмат для нашай краіны. Для параўнання, у дэкларацыі мінулага саміту ў Мадрыдзе ў чэрвені 2022 года Беларусь згадвалася толькі аднойчы. Два разы пра Беларусь успаміналі ў выніковых дакументах сустрэчы ў Бруселі ў сакавіку 2022 года і столькі ж – у экстраннай онлайн-канференцыі ў лютым 2022-га. Тады NATO заклікала Беларусь спыніць суўдзел у агрэсіі супраць Украіны і абяцала прыцягнуць улады да адказнасці.

Прычыны таго, што NATO стала часцей успамінаць пра Беларусь, відавочныя: ядравая зброя і вагнэраўцы. Гэта стала нагодай для асобнага абмеркавання беларускай праблемы на саміце.

«Гэта ўсё змяняе архітэктуру бяспекі ў непасрэдным суседстве NATO, і гэта патрабуе дыскусіі і ўладкавання з боку NATO», – заявіў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда.

На падставе вынікаў саміту Дуда абвясціў, што існуе дамоўленасць: у выпадку атакі на Берасцейскую браму на тэрыторыю Польшчы будуць перакінутыя 100 тысяч жаўнераў NATO. То бок Альянс дэманструе, што гатовы да магчымай эскалацыі канфлікту, якая можа распачацца з тэрыторыі Беларусі.

Пры гэтым ёсць адчуванне, што ў кантэксце ядравай зброі і вагнэраўцаў афіцыйны Менск успрымаецца хутчэй як аб’ект, а не суб’ект міжнароднай палітыкі. Нягледзячы на ўсе намаганні Аляксандра Лукашэнкі выглядаць самастойным гульцом, Захад не ўспрымае яго асобна ад палітыкі Крамля.

Найбольш выразна такое стаўленне да Беларусі выявілася ў выступах лідараў краінаў Балтыі. Прэм’ер-міністр Латвіі Артурс Крыш’яныс Карыньш заявіў, што Беларусь дэ-факта страціла суверэнітэт і стала «працягам» Расеі. Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа выказаў тую ж думку ў яшчэ больш рэзкіх выразах: «Беларусь сапраўды робіцца праблемаю. Не так, як гэта было ў 2020 годзе. У нас не мусіць быць ніякіх ілюзіяў. Гэтая краіна больш не незалежная. Гэта яшчэ адна губерня Расейскай Федэрацыі».

Дадатковая сустрэча, прысвечаная Беларусі, падчас cаміту NATO ў Вільні, Літва. 11 ліпеня 2023 года.
Фота: Светлана Тихановская / Telegram

Гэтая рыторыка заўважна адрозніваецца ад дэкларацыі брусельскага саміту 2021 года. Тады, нягледзячы на жорсткую крытыку рэжыму Лукашэнкі, усё-ткі зазначалася, што супольнікі ўсё яшчэ «гатовыя да ўзаемавыгаднага партнёрства паміж NATO і Беларуссю, з улікам палітычных абставінаў і ўмоваў бяспекі».

Такім чынам, страта палітычнай суб’ектнасці Лукашэнкам стала пераносіцца некаторымі дзяржавамі на Беларусь у цэлым. У Аб’яднаным пераходным кабінеце з гэтай нагоды заявілі, што трактоўка Наўседы «стварае памылковае ўспрыманне Беларусі ў свеце і спрыяе яшчэ большай ізаляцыі нашай краіны і нашага народу».

Каментар
Сяргей Бульба пра саміт NATO: «Нас разглядаюць хутчэй як пагрозу, чым як хаўрусніка»
2023.07.13 10:40

Гістарычнае запрашэнне Ціханоўскай

Аднак сведчаннем таго, што краіны NATO ўсё ж імкнуцца аддзяляць рэжым Лукашэнкі ад беларускага народу, стала запрашэнне на саміт абранай прэзідэнткі Святланы Ціханоўскай. Яна прыняла ўдзел у сняданку з міністаркамі замежных справаў і абароны NATO, а таксама ў грамадзянскім форуме і дадатковых імпрэзах.

Такім чынам, упершыню ў гісторыі беларускі палітык удзельнічаў у саміце Паўночнаатлантычнага альянсу і меў магчымасць данесці сваё бачанне сітуацыі. Ужо сам факт такога запрашэння дэмакратычныя сілы Беларусі могуць лічыць істотным дыпламатычным поспехам.

Hавiны
Падчас Саміту NATO Ціханоўская абмеркавала размяшчэнне ядравай зброі ў Беларусі
2023.07.13 10:31

Пасля завяршэння саміту Ціханоўскай сустрэлася з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам – гэта была іхная першая сустрэча з 2021 года. Размова палітыкаў (імаверна, вельмі кароткая) адбылася пасля выступу прэзідэнта ЗША ў Віленскім універсітэце. Сярод астатняга ў сваёй прамове ва ўніверсітэце Байдэн заклікаў беларусаў працягваць змагацца і «нагадваць свету пра надзею». Праўда, Беларусь амерыканскі лідар згадаў не асобна, а праз коску з Грузіяй і Малдовай.

Запрашэнне Ціханоўскай на саміт у Вільні мае важнае сімвалічнае значэнне. Як адзначыў Анджэй Дуда, гэта ясны знак, што краіны NATO хочуць вольнай і незалежнай Беларусі і падтрымліваюць беларускае грамадства на гэтым шляху.

Імаверна, гэта таксама знак таго, што Захад не збіраецца шукаць нейкага сепаратнага пагаднення з Лукашэнкам у кантэксце вайны з Украінай і сітуацыі з бяспекай у рэгіёне (нават калі б ён праявіў такую ініцыятыву). Прычына – якраз у той самай страце суб’ектнасці.

Каментар
Ціханоўская прапанавала стварыць кансультацыйную групу з беларускіх экспертаў пры NATO
2023.07.11 14:42

Рэха ўкраінскага пытання

Тэмай № 1 на саміце была Украіна і яе перспектывы далучэння да Альянсу. Выніковыя пастановы на гэты конт мелі яўна кампрамісны характар: замест афіцыйнага запрашэння Кіеву быў паабяцаны скарочаны шлях да NATO ў будучыні, а таксама пэўныя гарантыі бяспекі на ўзроўні G7. Наўпрост гэтыя пастановы Беларусі не тычацца. Аднак уплываць на сітуацыю ў рэгіёне будуць, а значыць – акажуць уплыў і на Беларусь.

Для Беларусі ў віленскіх пастановах ёсць як добрыя, так і кепскія навіны. Добрая навіна палягае на тым, што Захад на саміце пацвердзіў сваю гатовасць падтрымліваць Украіну столькі, колькі будзе патрэбна. Найлепшая ілюстрацыя гэтага намеру – гарантыі бяспекі ад краінаў «Вялікай сямёрцы». Такі падыход павышае шанцы на тое, што ні паразы Украіны, ні замарожвання канфлікту на ўмовах Расеі не адбудзецца. А таго, што Лукашэнка асабіста зацікаўлены ў перамозе Расеі, ён нават не хавае – гэта было б для яго гарантыяй захавання статус-кво ў Беларусі.

Кепская навіна палягае на тым, што Захад не гатовы да прарыўных пастановаў і звышнамаганняў дзеля таго, каб паскорыць перамогу Украіны. Той факт, што выніковае камюніке не змяшчала ні афіцыйнага запрашэння Украіны ў NATO, ні тэрмінаў магчымага далучэння краіны да гэтай арганізацыі, даказвае, што асцярожнасць у падыходах да канфлікту Украіны і Расеі на Захадзе працягвае пераважаць. Альянс не хоча рызыкаваць і спальваць усе масты ў адносінах з Масквой, таму пакідае стратэгічную нявызначанасць адносна будучыні еўраатлантычнай інтэграцыі Украіны.

А пакуль канфлікт Украіны і РФ не залагоджаны, праблемы Беларусі будуць заставацца на глыбокай перыферыі палітыкі Захаду. На стратэгічнае планаванне і актыўнае ўмяшанне ў такой сітуацыі разлічваць не выпадае.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў