Прэзідэнт Шры-Ланкі ўцёк ад пратэстаў на Мальдывы


Вылецеў за лічаныя гадзіны да таго, як мусіў пайсці ў адстаўку. З ім – жонка і два целаахоўнікі.

Прэзідэнт Шры-Ланкі Готабая Раджапакша. Колёмба, Шры-Ланка. 27 чэрвеня 2022 года.
Фота: Gotabaya Rajapaksa / Facebook

Прэзідэнт Шры-Ланкі Готабая Раджапакша пакінуў краіну 13 ліпеня, расказвае «Reuters». Дзе ён быў, не ведалі з суботы. Паводле Паветраных сілаў Шры-Ланкі, ён вылецеў з жонкай і двума целаахоўнікамі на вайсковым самалёце Ан-32 з галоўнага аэрапорту краіны. Самалёт паляцеў на суседнія Мальдывы, да якіх 760 км, але крыніцы ва ўрадзе кажуць, што Раджапакша наўрад ці застанецца там і скіруецца ў іншую азіяцкую краіну. Як піша BBC са спасылкай на ўласныя крыніцы, брат прэзідэнта і былы міністр фінансаў таксама пакінуў Шры-Ланку.

Клан Раджапакшаў дамінаваў у палітыцы Шры-Ланкі цягам двух дзесяцігоддзяў. Цяпер Шры-Ланка перажывае найбуйнейшы з 1948 года эканамічны крызіс. У краіне няма бензіну і дызельнага паліва, некаторых харчоў і лекаў. Краіна сутыкнулася з рэкордна высокай інфляцыяй і працяглымі адлучэннямі электрычнасці.

Масавыя акцыі пратэсту супраць пагаршэння ўмоваў жыцця пачаліся ў красавіку. Крызіс выкліканы скарачэннем замежнага турызму праз пандэмію, што прывяло да недахопу валютных рэзерваў. 9 ліпеня тысячы пратэстоўцаў выйшлі на вуліцы Колёмба з патрабаваннем адстаўкі дзейнага кіраўніка краіны. Яны ўвайшлі ў галоўны будынак ягонай рэзідэнцыі, паліцыя спыніць іх не здолела. Таксама ўдзельнікі акцыяў пратэсту трапілі на тэрыторыю рэзідэнцыі прэм’ер-міністра і падпалілі ўрадавы будынак.

У выніку пратэстаў урад пастанавіў, што Раджапакша мусіць пайсці ў адстаўку 13 ліпеня – але той уцёк да фармальнага складання паўнамоцтваў. Ён спрабаваў вылецець яшчэ 12 ліпеня, але яго не пусцілі ў VIP-залу аэрапорту, а звычайнай залы ён пабаяўся. Ноч яны з жонкай правялі на вайсковай базе пад аэрапортам.

Пасля адстаўкі прэзідэнта выконваць ягоныя абавязкі ў Шры-Ланцы мусіць прэм’ер-міністр Раніл Вікрамасінгхе, але і той у краіне непапулярны: у суботу пратэстоўцы спалілі ягоную рэзідэнцыю – і ён таксама пагадзіўся пайсці ў адстаўку. Таксама свае пасады пакінулі міністр сродкаў масавай інфармацыі, транспарту і магістраляў ды кіраўнік прэс-службы прэзідэнта Шры-Ланкі.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў