Тэлеграм-канал «МотолькоПомоги», а таксама «Еўрарадыё» паведамляюць, што каля 19-й гадзіны ўвечары ў суботу, 13 траўня, картэж Аляксандра Лукашэнкі заехаў на тэрыторыю «Рэспубліканскага медычнага цэнтру» Упраўлення справамі прэзідэнта РБ у Астрашыцкім Гарадку.
Пакінуў лякарню картэж толькі каля 21-й гадзіны і прыкладна праз 20 хвілін заехаў у Астрашыцкі Гарадок, гаворыцца ў тэлеграм-канале Антона Матолькі.
Такую ж інфармацыю паведаміла «Еўрарадыё» са спасылкай на чытачоў, якія таксама распавялі, што ў момант прыезду ў лякарню картэжу Лукашэнкі, усе пад’езды да медцэнтру перакрылі, а ўздоўж дарог стаялі сілавікі. Праезды адкрылі пасля таго, як картэж з’ехаў.
Аляксандр Лукашэнка не з’яўляецца на публіцы ўжо 4 дні, з моманту мерапрыемстваў у Маскве 9 траўня. Тады ўсе заўважылі, як кепска ён выглядаў, правая рука ў яго была перабінтаваная. Прэс-служба Лукашэнкі не паведамляе нічога пра ягоны стан.
Марыя Міхалевіч belsat.eu