Расейскі карабель «Усевалад Баброў» быў падбіты пры спробе даставіць на востраў Змяіны сістэму супрацьпаветранай абароны (СПА). Пра гэта заявіў дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Аляксей Арэстовіч у эфіры YouTube-каналу «Фейгин Live».
Аляксей Арэстовіч удакладніў, што гэта расейскі карабель тылавога забеспячэння, які прыбыў з Паўночнага флоту РФ. Паводле папярэдніх звестак, карабель не затануў, але мае сур’ёзныя пашкоджанні.
«Яшчэ адна Чарнабаеўка – Змеебаеўка. Лезуць і лезуць. Ну што ж браць гэты няшчасны востраў памерам з чатыры футбольныя палі, на якім хавацца няма дзе?» – рэзюмаваў Арэстовіч.
Раней пра тое, што ў Чорным моры быў падбіты і гарыць расейскі карабель тыпу 23120, паведамляў спікер Адэскай абласной вайсковай адміністрацыі Сяргей Братчук.
«Дзякуючы дзеянням нашых вайскоўцаў загарэлася судна тылавога забеспячэння «Усевалад Баброў». Адно з самых новых у расейскім флоце. Кажуць, што «кульгае» ў Севастопаль. Цяпер інфармацыю трэба ўдакладняць», – адзначыў Братчук.
Да гэтага пра загаранне «Усевалада Баброва» пісала выданне «BlackSeaNews». Журналіст Сяргей Высоцкі ўдакладняў, што ў карабель трапіла ўкраінская ракета «Нептун». «Усевалад Баброў» вёз на востраў Змяіны падмацаванне, у тым ліку зенітна-ракетныя комплексы.
Паводле паведамлення Збройных сілаў Украіны, за мінулыя содні ўкраінскія войскі знішчылі 13 расейскіх танкаў, 8 артылерыйскіх сістэмаў, 27 адзінак браняванай тэхнікі, 5 аўтамабіляў. Паводле Генштабу Украіны, на 12 траўня было знішчана 13 варожых караблёў і катэраў. Поўнамаштабная вайна ва Украіне працягваецца 79 дзён.
ЗК belsat.eu