А можа, кінуць усё і махнуць у Жабінку?

Там кіраўнік мясцовага райвыканкаму Андрэй Кузьміч распрацоўвае праект вёскі для айцішнікаў.

Пакуль памер участку пад вёску – 6 гектараў, усяго 30 дамоў. Так што, з улікам планаванай звышпрывабнасці гэтага праекту для нераспешчаных прыроднымі вабнотамі беларускіх праграмістаў, можна і спазніцца. Зоймуць дамкі.

А месцы там маляўнічыя. З трох бакоў лес, побач працякае рака Мухавец, крыху менш чым кіламетр да санаторыю «Буг». Адлегласць да Жабінкі складае менш за 10 км, да Берасця – таксама недалёка, крыху больш за 20 км.

Будучы аазіс мяжуе з вёскаю Філіпавічы, што адносіцца да Ленінскага сельсавету. Што, безумоўна, не выпадкова. Ленін таксама быў свайго кшталту праграмістам. За жыццё столькі праграмаў накадаваў, што да гэтага часу раскадавацца ніяк не можам.

Але ж не ўсе пытанні праясніў Кузьміч у сваім дакладзе. Шмат засталося за кадрам.

Ілюстрацыйны здымак.
Фота: freepik.com

У прыватнасці – якая прапускная здольнасць оптавалаконнага кабелю, мабыць, працягнутага з недалёкага Берасця ў будучае месца для працы беларускіх праграмістаў? Пагадзіцеся, цяжка ўявіць, што пры арганізацыі ІТ-вёскі кіраўнік мясцовай вертыкалі не паклапаціўся пра неабходныя базавыя ўмовы для працы нашых Білаў Гейтсаў і Стываў Джобсаў.

Таксама хацелася б ведаць, кавярні якіх сусветных брэндаў прадстаўленыя ў Філіпавічах, іх графік працы і наяўнасць там безглютэнавых дэсертаў. Не ўпэўнены, што без лавандавага рафу атрымаецца прыцягнуць у гэтую мясціну жонак тых самых праграмістаў.

Ну і звыклыя крамы сусветных вытворцаў адзення, веласцяжыны і фітнэс-клубы таксама надзвычай цікавяць. Як там, у Філіпавічах, з імі? А з дзіцячымі садкамі, школамі, паліклінікамі?..

Ці задаволіць праграмістаў якасць сэрвісаў?

Ну і галоўнае: а што ўласна з жытлом?

Бо пакуль што Кузьміч сказаў, што вылучыў 6 гектараў зямлі пад пабудовы. Ёсць падазрэнне, што яму здаецца, нібыта жытло будуць будаваць самі зацікаўленыя айцішнікі. Прыедуць мясіць раствор і класці цэглу ў вольны ад асноўнай працы час. У выходныя.

Увогуле, ідэя добрая, але пытанні пакуль ёсць. Будзем чакаць адказаў.

А калі сур’ёзна, то апошняе, што цікавіць сёння беларускага праграміста, – гэта прапановы ў галіне экалагічна чыстага жытла. Мясцовых, так бы мовіць, вабнотаў. Старшыня мясцовага райвыканкаму спазніўся гадоў прынамсі на пяць.

Гэта годзе ў 2018-2019-м можна было разлічваць, што элітны клас беларускага грамадства, прадстаўлены айцішнікамі, можа спакусіцца на любое глупства.

Сёння ў працаўнікоў гэтага сектару клопат нумар адзін – не сесці ў турму за выказванне сваёй грамадзянскай пазіцыі ў 2020-м. За выхады на плошчу, данаты і падтрыманне сваіх.

Акцыя салідарнасці каля ПВТ. Менск, 14 жніўня 2020 года.
Фота: Святлана Фар / Белсат

Другая праблема – санкцыі ў дачыненні кампаніяў з Беларусі, крызіс на рынку працы, як бы смешна гэта ні гучала. Бізнесы пакідаюць сінявокую яшчэ хутчэй за саміх праграмістаў. У выніку падзенне заробкаў за год склала 13 % пасля ўліку інфляцыі, а колькасць вакансіяў зменшылася практычна ўдвая. Пошук працы займае некалькі месяцаў. І Жабінка – гэта цудоўнае месца, але наўрад ці там нейкая іншая сітуацыя.

Што ж неабходна, каб беларускія IT-бізнесы раптам пачалі сур’ёзна разглядаць Жабінку як варыянт рэлакацыі? Поруч з Польшчай, Літвой ці Грузіяй?

Усё проста:

1. Спыніць рэпрэсіі.

2. Выпусціць усіх палітвязняў.

3. Адмовіцца ад удзелу ў вайне.

4. Кампенсаваць нанесеную шкоду.

І… уласна, гэта ўсё.

Дэмакратыя, свабодныя выбары і правы чалавека не ёсць абавязковымі чыннікамі. Як паказвае практыка Сінгапуру або асобных нафтавых рэжымаў на Блізкім Усходзе.

І тады, праз некалькі гадоў «прыстойных паводзінаў», магчыма, вернуцца сусветныя ІТ-кампаніі, за імі праграмісты, якія з’ехалі. І Жабінка сапраўды зможа прыцягнуць асабліва адчайных інтравертаў, стомленых гарадскім шумам.

Дый Кузьміч – нядрэнны, напэўна, чалавек. Проста спазніўся. Або паспяшаўся.

Як вы думаеце?

Меркаванні
Гульня ў «больш-менш». Чаму скарачаецца колькасць занятых у эканоміцы
2023.04.06 09:10

Аляксандр Кныровіч / АА belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў