Расея падвышае прызыўны ўзрост: у войска будуць забіраць да 30 гадоў


У Дзяржаўную думу Расейскай Федэрацыі ўнесены законапраект аб падвышэнні прызыўнога веку. Ніжні парог будзе 21 год (цяпер 18), верхні – 30 гадоў (цяпер 27).

Расейская армія.
Фота: hromadske.radio

Ініцыятарамі змянення прызыўнога ўзросту сталіся дэпутаты на чале са старшынём Камітэту абароны Расейскай Федэрацыі Андрэем Картапалавым.

«Дзеля гарантаванага атрымання грамадзянамі як сярэдняй агульнай адукацыі, так і сярэдняй прафесійнай ці вышэйшай адукацыі прапаноўваецца паэтапна падвысіць ніжнюю мяжу прызыўнога ўзросту да 21 года», – гаворыцца ў тлумачальнай запісцы да законапраекту. Верхняя мяжа, адпаведна, будзе сягаць 30-гадовага ўзросту.

Да 2026 года будзе доўжыцца пераходны перыяд. Ужо ў 2024-м прызываць на тэрміновую службу ў Расеі будуць з 19 да 30 гадоў, у 2025-м – з 20 да 30 гадоў, у 2026-м – з 21 да 30 гадоў.

Мужчыны векам ад 27 да 30 гадоў, якія не праходзілі тэрміновай службы, могуць адслужыць пры жаданні. Таксама будзе магчымы добраахвотны прызыў у 18 гадоў.

Падвышэнне прызыўнога ўзросту яшчэ ў снежні 2022 года анансаваў міністр абароны РФ Сяргей Шайгу. Таксама ён казаў пра планы павялічыць агульны лік вайскоўцаў да 1,5 мільёна чалавек.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў