Палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк – у ШІЗА. У чацвёрты раз за два з паловай месяцы


Палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк зноў змешчаная ў ШІЗА ў жаночай калоніі №24 «Зарэчча». У карцары жанчына сустрэне свой дзень народзінаў. Пра гэта на сваёй старонцы ў Фэйсбуку распавёў ейны муж Андрэй Шарэнда.

Паліна Шарэнда-Панасюк.
Фота: асабісты архіў Паліны Шарэнды-Панасюк

Паводле Андрэя, Паліна тройчы з канца снежня мінулага года трапляла ў ШІЗА: з 29 снежня 2022 года па 8 студзеня 2023, з 13 студзеня па 23 студзеня і 30 содняў запар – з 28 студзеня па 27 лютага. Праз два тыдні пасля апошняга пакарання жанчыну зноў кінулі ў карцар.

«Палон. Прыкладна так выглядае камера ШІЗА ў жаночай калоніі №24 «Зарэчча». Толькі вакно значна меншае, а замест дзённага асвятлення яркая лямпа штучнага святла, якая гарыць удзень і ўначы. Яркае асвятленне, як у аперацыйнай хірурга, рэжа свядомасць як скальпель, а ў тыя некалькі гадзін, якія адведзеныя на сон, не дае забыцца і заснуць, – распавядае пра ўмовы ў калоніі Андрэй Шарэнда. – Нары адкідаюцца на дзень а 6 раніцы. А сядзець на жэрдачцы больш 15 хвілін немагчыма, пачынае балець спіна. Сцены такія халодныя, што пакрываюцца шэранню і прытуліцца да іх немагчыма. Да катавання святлом, далучаецца холад і голад, з-за якіх час цягнецца бясконца доўга».

Hавiны
Заробак палітзняволенай Паліны Шарэнды-Панасюк у калоніі – 28 капеек
2023.01.10 15:15

Пра тры «адсідкі» у ШІЗА Паліна напісала ў лісце, які ейны муж атрымаў у мінулую суботу, 11 сакавіка.

«Пра свой стан Паліна коратка адпісалася: «Трымаюся. Чакаю вясну!», – распавёў Андрэй. – <…> Колькі гэтым разам з яе будуць здзекавацца фашысты, невядома. Але зразумела, што там Паліна сустрэне свой Дзень народзінаў. Гэта ўжо трэці Дзень народзінаў, які яна сустракае за кратамі».

Паліна Шарэнда-Панасюк – грамадская актывістка з Берасця. Затрыманая 3 студзеня 2021 года. З таго часу за кратамі. Асуджаная на тры гады пазбаўлення волі па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэксу Беларусі: 364 – «Гвалт альбо пагроза гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных справаў», 369 – «Абраза прадстаўніка ўлады», 368 – «Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь», 411 – «Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы».

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў