Апошні дзень Паралімпійскіх гульняў: зборныя Кітаю і Украіны паставілі рэкорды ў медальным заліку


Пачаўшы ўдзел у сёлетніх Гульнях з лідарства ў неафіцыйным камандавым заліку, спартоўцы Украіны паказалі гістарычны максімум за ўвесь часу ўдзелу ў Паралімпіядах.

Атлеты з Украіны сёлета ў Пекіне заваявалі не толькі рэкордную колькасць медалёў (29), але і ўпершыню сталі ўладальнікамі 11 залатых узнагародаў. І гэта пры тым, што «жоўта-блакітныя» мелі ў сваім складзе прадстаўнікоў толькі двух відаў спорту: парабіятлону ды лыжных гонак. Адпаведна, Украіна паказала найлепшы вынік сваіх выступаў на такіх спаборніцтвах, заняўшы агульнакаманднае другое месца. Раней яна была ўжо ў тройцы найлепшых неафіцыйнага камандавага турніру, калі ў Турыне-2006 прапусціла наперад толькі Расею і Нямеччыну.

Удзельнікі ўкраінскай каманды ў Паралімпійскіх лыжных гонках пасля цырымоніі ўзнагароджання. 13 сакавіка 2022 г.
Фота: ISSEI KATO / Reuters / Forum

Кітайцы ўпершыню сталі першыя на Паралімпіядзе. І гэта відавочны прарыў кітайскага спорту сярод удзельнікаў з інваліднасцю. Дэбютнымі зімовымі Паралімпійскімі гульнямі для прадстаўнікоў Паднябеснай былі старты 2002 года ў амерыканскім Солт-Лэйк-Сіці. Але цягам чатырох Паралімпіядаў яны не заваёўвалі ніводнага медаля. І толькі на папярэдняй белай Паралімпіядзе, што праходзіла ў карэйскім Пхёнгчхангу, у іх з’явіліся першыя дзве ўзнагароды. На цяперашніх хатніх Гульнях ім удалося раптам заваяваць агулам 61 медаль, 18 з якіх – залатыя. Трэцімі фінішавалі канадцы.

Украінскі паралімпіец Васіль Краўчук, 12 сакавіка 2022 г.
Фота: Mark Edward Harris / Zuma Press / Forum

2 сакавіка Міжнародны паралімпійскі камітэт спачатку дапусціў спартоўцаў з інваліднасцю з Расеі і Беларусі да ўдзелу ў пекінскіх Гульнях. Але толькі ў нейтральным статусе, пры якім заваяваныя імі медалі не былі б улічаныя ў агульным заліку. І ўжо на наступны дзень па выніках адмыслова скліканай нарады МПК упершыню ў гісторыі вырашыў адхіліць і тых і тых ад удзелу ў Паралімпіядзе. У рэлізе было адзначана, што некаторыя зборныя не жадаюць спаборнічаць з прадстаўнікамі дзяржаваў, якія арганізавалі поўнамаштабнае ваеннае ўварванне ва Украіну. Таксама рашэнне звязанае з ростам напружанасці ў алімпійскіх вёсках.

Гульня ў хакей паміж ЗША і Канадай на зімовых Паралімпійскіх гульнях у Пекіне 2022 году на Нацыянальным стадыёне ў сталіцы Кітаю.
Фота: Cai Yang / Xinhua News Agency / Forum

XIII зімовыя паралімпійскія Гульні праходзілі ў Пекіне з 4 да 13 сакавіка.

Летнія паралімпійскія Гульні праводзяцца з 1960 года, зімовыя – з 1976-га. Зборная СССР упершыню выступіла толькі на чацвёртай белай Паралімпіядзе. А Украіна дэбютавала ў 1998 годзе на зімовых Гульнях у Нагано.

АП belsat.eu

Стужка навінаў