У Менску трое падлеткаў скралі машыну, здалі яе на металалом, а за атрыманыя грошы купілі плюшавага мядзведзя і павячэралі ў страўні. Пра гэтае здарэнне ў Заводскім раёне сталіцы паведамляе ГУУС Менскага гарвыканкаму. Супраць хлопцаў завялі крымінальную справу за крадзеж.
У міліцыю звярнуўся ўладальнік аўтамабіля «Жыгулі», які заявіў, што машына знікла з паркінгу гандлёвага цэнтру. Паводле мужчыны, аўтамабіля ён не замыкаў, а зламаны ключ захрас у замку запальвання.
Міліцыянты высветлілі, што трое сяброў ва ўзросце ад 18 да 20 гадоў спачатку скралі з машыны набор інструментаў, які здалі ў ламбард за 60 рублёў. Грошы выдаткавалі на алкаголь.
На наступны дзень яны пастанавілі адвезці аўтамабіль на металалом. На атрыманыя 250 рублёў хлопцы набылі плюшавага мядзведзя і павячэралі ў страўні.
Супраць менчукоў завялі крымінальную справу паводле артыкулу «Крадзеж».
Сяргей Крот belsat.eu